На варце ідэй гуманізму


Я. В. Савіцкая і В. А. Грузд

18 лістапада ў канферэнц-зале Пастаўскай ЦРБ адбылася 25-я справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У яе рабоце прынялі ўдзел галоўны спецыяліст Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Анатольеўна Дробыш і намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў.

Перад дэлегатамі, гасцямі і запрошанымі з дакладам выступіла старшыня раённай арганізацыі БТЧК Яніна Вячаславаўна Савіцкая. Яна расказала пра гісторыю станаўлення і развіцця Чырвонага Крыжа, яго асноўныя мэты і прынцыпы. Да іх, як і на момант стварэння руху, адносяцца гуманнасць, бесстароннасць, нейтральнасць, незалежнасць, добраахвотнасць, адзінства і ўніверсальнасць, а таксама імкненне быць побач з чалавекам у цяжкай жыццёвай сітуацыі, аказанне адраснай дапамогі.

У нашым раёне арганізацыя Чырвонага Крыжа адноўлена дзесяць гадоў таму. Яе апорай былі і застаюцца медыцынскія ўстановы. Зараз у арганізацыю ўваходзяць 22 «пярвічкі» з агульнай колькасцю больш за чатыры тысячы чалавек. Работа будавалася зыходзячы з асноўных напрамкаў БТЧК, адным з якіх з’яўляецца развіццё службы сясцёр міласэрнасці. Такая служба з’явілася ў Варапаеве амаль два гады таму. Сястрой міласэрнасці ў ёй працуе Валянціна Станіславаўна Міхалевіч.

Актуальным напрамкам работы Чырвонага Крыжа з’яўляецца падрыхтоўка да надзвычайных сітуацый і рэагаванне на іх. У Віцебскай вобласці створаны атрад хуткага рэагавання, а ў нашым раёне праходзіў трохдзённы трэнінг, які аб’яднаў валанцёраў з Віцебска, Глыбокага, Пастаў, Літвы і Даніі. На працягу двух гадоў у раёне рэалізоўваўся міжнародны праект па прафілактыцы птушынага грыпу, паколькі Сусветная арганізацыя аховы здароўя меркавала з’яўленне новага высокапатагеннага штаму грыпу.

— У шасці агульнаадукацыйных школах раёна і прафтэхкаледжы навучэнцы займаюцца на факультатыўным курсе «Даследуючы гуманітарнае права». Навучальныя дапаможнікі для выкладчыкаў прадастаўлены Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Створаны валанцёрскі рух. Яго асноўныя ўдзельнікі — навучэнцы каледжа, з якімі праведзена мноства розных акцый і навучальных семінараў. Адкрыты сэрцы для чужога болю не толькі ў моладзі, але і ў людзей, умудроных вопытам. Адна з форм дзейнасці з імі — сумесная нарыхтоўка лекавых траў, якімі ў рамках акцыі «Зялёная аптэка» мы дзелімся з інвалідамі і пажылымі людзьмі. У школах раёна таксама шмат актыўных добраахвотнікаў, створаны валанцёрскія атрады, але за справаздачны перыяд з імі не рэалізавана ні аднаго праекта, якія б мелі фінансавую падтрымку з боку Чырвонага Крыжа. Спадзяюся, усё яшчэ наперадзе, — выказала ўпэўненасць Яніна Савіцкая.

Сярод тых, хто мае ў гэтым патрэбу, размяркоўваецца гуманітарная дапамога, у тым ліку тая, што паступае ад неабыякавых жыхароў нашага горада. Штогод напярэдадні навагодніх і калядных свят праводзіцца шэраг дабрачынных акцый. Асаблівасцю работы апошніх двух гадоў стала аказанне дапамогі перасяленцам з Украіны: па яе ў раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа звярнуліся сем сем’яў.

Аб сумеснай плённай працы з Чырвоным Крыжам расказалі галоўны ўрач ЦРБ У. М. Чакавы, сястра міласэрнасці В. С. Міхалевіч, педагог-арганізатар прафтэхкаледжа А. І. Кухальская. Аб выніках праверкі гаспадарча-фінансавай дзейнасці далажыла член рэвізійнай камісіі А. М. Зелянкевіч, і ніякіх парушэнняў тут не выяўлена. Прызнана здавальняючай і работа раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Падводзячы вынікі, Ю. М. Кісялёў адзначыў, што яна праводзілася не фармальна, а ад шчырага сэрца, бо Яніна Вячаславаўна змагла аб’яднаць вакол сябе групу энтузіястаў розных узростаў, якія ў дабрачынную дзейнасць укладваюць усю душу, умеюць суперажываць і заўсёды прыйдуць на дапамогу.

Тое, што ўсё залежыць ад зацікаўленых людзей, пацвердзіла і Т. А. Дробыш. У прыватнасці, яна падкрэсліла, што сіла Чырвонага Крыжа не ў ахвяраваннях і ўмацаванні матэрыяльнай базы, а ў валанцёрах, здольных бескарысліва дапамагаць іншым людзям. Галоўны спецыяліст абласной арганізацыі расказала таксама пра ўкараненне новых праектаў, а да іх адносіцца фарміраванне здаровага ладу жыцця і ўцягванне ў дзейнасць людзей, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі.

За бездакорную працу Я. В. Савіцкай аб’яўлены Падзякі старшыні райвыканкама і калектыву УАЗ «Пастаўская ЦРБ».

Новым старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа абрана Вольга Анатольеўна Грузд. Акрамя гэтага, падчас канферэнцыі прайшлі выбары старшыні прэзідыума, яго членаў і рэзервовага складу, членаў асноўнага і рэзервовага складу рэвізійнай камісіі. На 25-ю абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю БТЧК дэлегаваны Юрый Мікалаевіч Кісялёў, Уладзімір Мікалаевіч Чакавы, Дзіяна Іванаўна Пякарская і Вольга Анатольеўна Грузд.

Тэкст і фота

Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.