Не старэюць душой ветэраны

Культура

6 лістапада ў канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі.  На ім прысутнічалі ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці горада. Іх вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў.

— Наша сённяшняя сустрэча прысвечана падзеі, якая пакінула глыбокі след у гісторыі краіны, у жыцці некалькіх пакаленняў людзей, — адзначыў Вік­тар Пятровіч. — У сучасным свеце па-рознаму  ацэньваюць яе значэнне. Але несумненна тое, што толькі ведаючы сваю гісторыю, сваё мінулае, мы можам  годна ацаніць усё, што адбывалася на працягу дзесяцігоддзяў. Захоўваючы памяць, беларусы з  пакалення ў пакаленне  перадаюць і выхоўваюць пачуццё любові і гонару да сваёй Радзімы, яе гісторыі, слаўных  традыцый. У гэтым веліч і самабытнасць нашага народа.

І яго невычэрпная творчасць  і таленавітасць, што і прадэманстравалі ўдзель­нікі народнага хору ветэранаў вайны і працы пад кіраўніцтвам дырыжора Паўла Рагіні і канцэртмайстра Аляксея Конанава.  Прысутныя ўспомнілі дарагія сэрцу і памяці песні, на якіх выхоўвалася  не адно пакаленне людзей, а асобныя прагучалі толькі дзякуючы гэтаму знакамітаму калектыву. У іх ліку “Песня пра Паставы”, словы і музыку да якой напісалі нашы землякі Аркадзь Нафрановіч і Павел Рагіня. А потым гучалі “А годы летят”, “На сопках Маньчжурии”, “Военное танго”, “Дирижёры военные”, “Родная хата”.  У рэпертуары хору ёсць некалькі народных і жартоўных песень.  Адну з іх —  пад назвай “Бульба” — і выканалі ветэраны.

Гледачы вельмі цёпла віталі салістаў Уладзіміра Стубайлу, Таццяну Сабецкую, Ганну Пылеву, Фаіну Пятліцкую. А на развітанне самадзейныя артысты пажадалі ўсім  “Сто гадоў”.

— Мы з задавальненнем  прынялі запрашэнне выступіць з канцэртнай праграмай да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, які вельмі паважаюць і шануюць ветэраны, — адзначыў кіраўнік хору П. Рагіня. —  Сёння прагучала некалькі  песень. Шэраг з іх напісаны даўно, але застаюцца папулярнымі і любімымі да гэтага часу, бо захоўваюць  часцінку гісторыі, розныя падзеі, якімі было напоўнена жыццё. Наш калектыў ганарыцца тым, што сваёй  творчасцю дае людзям магчымасць далучацца да песеннай спадчыны, шматгадовай традыцыі адзначаць кастрычніцкае свята.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.