Не хапіла на канцоўкі

Спорт

РДВАР (Мінск) – “Атлант” (Паставы) – 3:2, 3:2

1 дзень. 3:2 (25:20; 25:23; 21:25; 26:28; 15:11).

2 дзень. 3:2 (19:25; 12:25; 25:13; 25:15; 15:11).

І ў чарговым туры на выездзе ў беларускай сталіцы пастаўчанам прыйшлося нялёгка, бо ім супрацьстаяў базавы клуб маладзёжнай зборнай Беларусі. Гэту каманду найвопытнейшы спецыяліст, заслужаны трэнер Беларусі С. Конанаў рыхтуе да адборачнага турніру на чэмпіянат Еўропы. Ён набраў у розных кутках краіны таленавітых высакарослых хлопцаў, плённа з імі працуе, а перад тым як заявіцца ў нацыянальнае першынство, яго выхаванцы двойчы запар выйгралі Аматарскую лігу Беларусі. У першай сустрэчы госці, якія гулялі адразу з двума свабоднымі абаронцамі лібера, кандыдатамі ў майстры спорту А. Шылеем і А. Зарэцкім, змаглі пераламаць ход сустрэчы пасля двух прайграных ва ўпартай барацьбе сэтаў.

Асабліва напружанай выдалася барацьба ў чацвёртай партыі, якую мінчане вельмі хацелі выйграць і пакласці ў сваю скарбонку паўнацэнныя 3 ачкі. У рашаючы момант лідары пастаўчан С. Цімашэнка, Д. Захарэвіч, В. Варанец, Д. Шышко згулялі бездакорна і лік зраўнялі. Галоўны трэнер атлантаўцаў Г. Г. Савосін перад гэтым правёў патрэбныя замены, выпусціў на пляцоўку рэзервістаў А. Каспера, Д. Радзевіча, А. Казлоўскага, даў адпачыць асноўным валейбалістам. Праўда, у канцоўцы рашаючай партыі больш удала згулялі і дабіліся поспеху гаспадары.

На наступны дзень сітуацыя на пляцоўцы спарткомплексу рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву спачатку кардынальна памянялася. Пасля дзвюх пераканаўча выйграных пастаўчанамі партый усім здавалася, што яны без асаблівых праблем давядуць паўторную сустрэчу да перамогі. Магчыма, у падсвядомасці госці і самі паверылі ў гэта, крыху расслабіліся, чым сапернік адразу скарыстаўся. А пастаўчане сталі часцей памыляцца, гульня ў іх разладзілася, і стрымаць мінчан яны так і не змаглі, хоць зноў адно ачко ўдалося заваяваць.

Тым часам у першынстве краіны ў дыві­зіёне “Б” у аднаасобныя лідары выйшла каманда Жлобіна, якая двойчы пераканаўча разабралася з лікам 3:1 з аршанскім “Узлётам”. Наш наступны сапернік — гро­дзенскі “АСДЮШАР-Камунальнік” — згуляў вельмі моцна дома з валейбалістамі  «Ваеннай акадэміі» (Мінск) і двойчы перамог іх з лікам 3:0. Менавіта з гродзенцамі пастаўчане згуляюць на сваёй пляцоўцы ў гэтыя выхадныя і чакаюць патрэбнай падтрымкі ад сваіх прыхільнікаў. Першая гульня ў суботу прызначана на 18 гадзін, паўторны паядынак пачнецца ў нядзелю, 29 лістапада, у 11 гадзін.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.