Пабылі мільянерамі, і хопіць


Маючая адбыцца дэнамінацыя будзе не толькі самай буйной у гісторыі беларускага рубля — грошы «згубяць» адразу чатыры нулі, але і адметнай — разам з папяровымі грашыма ва ўжытак увойдуць манеты, якіх у Беларусі не было з таго часу, як наша краіна адмовілася ад савецкіх рублёў і ўвяла ў абарачэнне нацыянальную валюту. Якой пастаўчанам бачыцца дэнамінацыя і якія надзеі яны на яе ўскладаюць, карэспандэнту раённай газеты Вераніцы ФІЛАНОВІЧ расказваюць:

Валерый ГУТАР, намеснік дырэктара

Цэнтра банкаўскіх паслуг № 230 ААТ «ААБ Беларусбанк»:

— Вялікая колькасць нулёў, у першую чаргу, замаруджвае работу тых, хто напрамую звязаны з грашовай наяўнасцю: банкаўскіх і паштовых служачых, інкасатараў, прадаўцоў і іншых. Істотным плюсам лічу тое, што ў ходзе дэнамінацыі скароціцца колькасць грашовых купюр, а дзяржава будзе несці меншыя затраты на вытворчасць грошай. Што да манет, то сусветны вопыт паказвае: з эканамічнага пункту гледжання іх наяўнасць сапраўды неабходная — тэрмін службы манеты ў 10-15 разоў большы, чым разменнага банкнота дробнага наміналу. Некаторыя людзі хвалююцца, ці не здарыцца так, што зарплата будзе налічвацца ў новых грошах, а, напрыклад, запазычанасць па крэдыце — у старых. Па вопыце папярэдніх дэнамінацый у нашай краіне магу сказаць, што такога ніколі не было: сумы па зарплатах, рублёвых укладах і крэдытах мяняліся адначасова. Асабіста мне імпануе вопыт Нарвегіі, якая з’яўляецца адной з прагрэсіўных краін. Там самы вялікі працэнт безнаяўных разлікаў, а ў найбліжэйшай будучыні плануецца зусім адмовіцца ад наяўнасці. Гэта дазволіць кантраляваць усе банкаўскія аперацыі, выключыць шэрыя схемы, а грамадзянам краіны — своечасова атрымліваць заработныя платы і пенсіі.

Наталля Бухавецкая, індывідуальны прадпрымальнік:

— У сістэме гандлю працую амаль сорак гадоў. За гэты час дэнамінацыі праводзіліся неаднойчы. Плюсам цяперашняй лічу тое, што ўлады праінфармавалі пра яе загадзя і паказалі ўзоры новых купюр і манет. А той факт, што грошы старога ўзору можна будзе мяняць на новыя аж да канца 2021 года, увогуле, лічу пахвальным: гэта выключыць ажыятаж і паніку сярод насельніцтва. З асабістага вопыту памятаю, што падчас аднаго з пераўтварэнняў фінансавай сістэмы старыя грошы можна было абмяняць на новыя толькі на працягу некалькіх дзён. Гэта была катастрофа. Зараз на гэта даецца паўгода. Столькі ў паралельным ужытку будуць знаходзіцца купюры старога і новага ўзору, да таго ж на цэнніках у гэты перыяд будуць указваць дзве цаны. Спадзяюся, што грошы будуць выкананы ў рознай каляровай гаме, таму што цяпер людзі, якія слаба бачаць ці спяшаюцца, часта блытаюць купюры наміналам у сто рублёў і дзвесце тысяч, а таксама адну і пяцьдзясят тысяч. Да капеек стаўлюся станоўча: яны мне падабаліся і ў савецкія часы. Адзінае, чаго пакуль не разумею, гэта як выбіваць чэк: нават прымаючы да аплаты грошы старога ўзору, здачу прадаўцы павінны выдаваць новымі купюрамі. Упэўнена, што наконт гэтага ў бліжэйшым часе з’явіцца падрабязная інструкцыя.

Анастасія Бурцава, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі:

— Пра што гаворыць дэнамінацыя? У першую чаргу яна сведчыць аб тым, што інфляцыя падыходзіць да завяршальнай стадыі, стабілізуюцца макраэканамічныя паказчыкі, у грамадстве ўзрастае давер да нацыянальнай валюты, а таксама што працэсы разлікаў за тавары і паслугі спросцяцца. Радуе, што вывядзенне старых банкнотаў з абарачэння будзе паслядоўным і працяглым. Гэта дае надзею, што ўсе змогуць лёгка прызвычаіцца да новых грошай і цэн. Яшчэ адзін станоўчы момант — адсутнасць велізарнай колькасці купюр. Зараз шмат хто кажа пра неабходнасць замены цяперашніх кашалькоў на тыя, якія будуць прыстасаваныя да нашэння манет. Шчыра кажучы, на такія дробязі нават не звяртаю ўвагі. Нас з сябрамі больш хвалюе тое, што прадаўцы і банкіры  першы час пры вялікім наплыве наведвальнікаў будуць адчуваць пэўны дыскамфорт ад неабходнасці разлікаў за тавары і паслугі старымі і новымі грашыма. А таксама ці будуць аўтаматы для кавы і іншыя падобныя ўстройствы прымаць манеты і як будуць даваць рэшту? З капейкамі мне неаднойчы даводзілася сутыкацца, калі адпачывала ў Расіі і ва Украіне. Ніякіх складанасцей пры іх выкарыстанні не бачу: адзін рубель роўны ста капейкам, гэта вельмі проста. Мяркую, што скарбонка, якая засталася ў нас дома з савецкіх часоў і ў якой захоўваюцца манеты розных краін, атрымае другое жыццё.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.