Пабывалі на самай граніцы


23 кастрычніка ў госці да ваеннаслужачых пагранічнага паста “Ярэва” завіталі 8-класнікі пастаўскай СШ №4, якія навучаюцца ў ваенна-патрыятычным класе.

Да пагранічнікаў школьнікі прыехалі разам са сваім кіраўніком маёрам запасу Сяргеем Іванавічам Машковым. Экскурсія пачалася з наведвання аднаго з участкаў Дзяржаўнай граніцы, размешчанага за вёскай Вілейты, які ўваходзіць у зону адказнасці названага вышэй паста. Там дзецям паказалі крайні метр беларускай і першы метр літоўскай зямлі, расказалі, калі была ўстаноўлена граніца, як яна абсталявана і абазначаецца на мясцовасці. Закранулі і асаблівасці службы пагранічнікаў, якія ахоўваюць наземныя рубяжы нашай краіны штодзень 24 гадзіны ў суткі, а таксама яе вынікі — колькі з пачатку года ваеннаслужачымі падраздзяленняў аддзела пагранічнай службы “Паставы” было затрымана парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь і спынена спроб перамяшчэння праз яе таварна-матэрыяльных каштоўнасцей.

Затым школь­нікі наведалі памятны знак, устаноўлены сіламі ваеннаслужачых недалёка ад месца падзення 4 гады назад, 20 кастрычніка 2011-га, баявога верталёта пагранвойскаў з двума членамі экіпажа і журналістамі тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы на борце. У той страшнай аварыі загінулі ўсе, хто знаходзіўся ў вінтакрылай машыне.

Ушанаваўшы хвілінай маўчання памяць загінулых, 8-класнікі накіраваліся на пагранічны пост “Ярэва”, дзе іх сустрэў начальнік паста старшы лейтэнант Л. Г. Бумага. Ён правёў хлопчыкаў і дзяўчынак па прылеглай тэрыторыі і службовых памяшканнях, паказаў і расказаў, як яны абсталяваны, якія маюцца сродкі для аховы Дзяржаўнай граніцы. Школьнікі ўбачылі, дзе пражываюць, харчуюцца і нясуць службу вайскоўцы, памяшканні для захоўвання і чысткі зброі, месца, дзе яе зараджаюць і разра­джаюць. Даведаліся, як у спецыяльна створаным гарадку вывучаюцца асновы следапыцтва, якія інжынерныя збудаванні і загароды, а таксама пазіцыі для назірання выкарыстоўваюцца ў органах пагранічнай службы, як экіпіруецца пагранічны нарад, заступаючы на дзяжурства на граніцы. Пабывалі ў гаражах для аўтамотатэхнікі і гадавальніку службовых сабак, змаглі паглядзець у сапраўдны ваенны бінокль.

 

У канцы экскурсіі навучэнцам прадэманстравалі тактыку дзеянняў пагранічнага нарада пры затрыманні парушальніка Дзяржаўнай граніцы з папераджальнымі выстраламі ў паветра і прымяненнем службовага сабакі, што асабліва ўразіла дзяцей. Экскурсія спадабалася ўсім, нягле­дзячы на дажджлівае і ветранае надвор’е, якое было ў той дзень. У наступны раз плануецца экскурсія школьнікаў у Смаргонскую пагранічную групу.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.