“Прадоўжым працаваць на перспектыву”

Спорт

У гэтыя выхадныя ў Жлобіне, Оршы і Мінску пачынаецца юбілейны чэмпіянат краіны па валейболе сярод мужчын. У другім па значэнні дывізіёне айчыннага валейбола зноў выступіць старажыл турніру — пастаўская каманда “Атлант”. Ёй выпала пачаць першынство гульнямі на выездзе ў беларускай сталіцы супраць валейбалістаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні старту галоўны трэнер Генадзь Савосін падзяліўся планамі на маючы адбыцца сезон:

— Ацэньваючы вынікі папярэдняга чэмпіянату Беларусі, хацеў бы зазначыць, што ён быў адным з самых няпростых у гісторыі нашай каманды, у якой пачаўся вельмі складаны перыяд змены пакаленняў. Нагадаю, што мы фінішавалі сёмымі, апярэдзіўшы толькі маладую каманду Гомеля, а ў цэлым па краіне занялі 15-е месца, змагаючыся з камандамі з буйных гарадоў. Але галоўнае, што маладыя ігракі “раслі” ў хо­дзе першынства, прыбаўлялі ў майстэрстве. Мы дома выйгралі стартавую партыю ў самага грознага саперніка — каманды-чэмпіёна са Жлобіна. І ў шэрагу іншых матчаў саступалі апанентам зусім нямнога, толькі ў канцоўках матчаў. Адпрацоўваўся пошук аптымальных гульнявых звязак і каманднай гульні. З натхненнем пастаўчане правялі шэраг паспяховых матчаў, у якіх перамаглі і той жа магілёўскі МВК з дзеючымі майстрамі спорту, якіх перавялі цяпер у эліту, і армейцаў, былі мацнейшымі за гамяльчан. Аднак зразумела, што за адзін сезон падрыхтаваць моцную каманду немагчыма.

Генадзь Генадзьевіч, а якім вы бачыце маючы адбыцца сезон?

— У нас каманда аматарская, пры гэтым трое былых выхаванцаў — Антон Вярбіцкі, Уладзімір Юзвовіч і Аляксей Рабека — зараз гуляюць па кантрактах у прафесійных элітных клубах краіны. Яшчэ адна праблема ў тым, што для шэрага маладых валейбалістаў прыходзіць пара служыць у арміі. Летась прызвалі на службу перспектыўнага Юрыя Рабеку. Яго, дарэчы, залічылі ў каманду Ваеннай акадэміі, і, магчыма, у стартавым туры сустрэнемся з ім ужо на пляцоўцы. Неўзабаве стане салдатам ігрок леташняга асноўнага складу Мікіта Саўчук. Гэты працэс непазбежны, але трывожыць, ці вернуцца гэтыя хлопцы праз некаторы час у Паставы, ці будуць яны гуляць у нашай камандзе?

У гэтым сезоне гульняў на папярэднім этапе будзе крыху меней, чым летась, бо ў нашым дывізіёне згуляюць шэсць дружын. Не будзе каманд Магілёва, баранавіцкага “Лакаматыва”, Белдзяржуніверсітэта. Аднак у турнір вярнуліся маладыя каманды з Гродна (у ёй могуць гуляць і некалькі вопытных майстроў) і з рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, у якую сабраны маладыя таленты з усіх рэгіёнаў краіны. Яшчэ летась маладым армейцам зусім крыху не хапіла для таго, каб трапіць у чацвёрку мацнейшых, а пра сілу прызёраў — жлобінцаў і аршанцаў — і гаварыць не трэба.

— Ці захаваўся асноўны касцяк нашай каманды і якія задачы перад ёй ставяцца?

— Усе нашы сапернікі сур’ёзныя, шэраг каманд трэніруюцца ў рэжыме нават двухразовых трэніровак на дзень, як прафесійныя клубы. Мы заяўляем каля двух дзясяткаў ігракоў, побач з маладымі зноў будуць гуляць пяцёра вопытных кандыдатаў у майстры спорту, на якіх мы асабліва разлічваем. Пасля перапынку зноў збіраецца гуляць самы высакарослы (рост 202 см) нападаючы першага тэмпу Даніла Шышко, але яго турбуе старая траўма. А вось ветэрана і капітана Алега Шылея са сталіцы разлічваем выкарыстоўваць на важнай пазі­цыі лібера. Пры ўсёй сваёй занятасці на службе ў сталічнай міліцыі ён, безумоўна, дапаможа роднаму гораду, як і другі наш мінчанін Дзяніс Захарэвіч. Па-ранейшаму ў страі лідары апошніх гадоў Сяргей Цімашэнка і Віталь Варанец, з якіх павінны браць прыклад і многаму ў іх вучыцца маладыя валейбалісты. На жаль, пераехаў у іншы горад дыяганальны Сяргей Плюта, які пагуляў раней у вышэйшай лізе.

Канкрэтных задач, якое месца заняць, перад камандай не ставіцца. Адгуляем папярэдні этап з 20 матчаў, а там пабачым. Пасля завяршэння гэтага этапа чэмпіянат Беларусі не закончыцца, усе каманды прадоўжаць барацьбу ўжо ў падгрупах “В” і “С” у залежнасці ад занятых прамежкавых месцаў.

Гутарыў Уладзімір ШЫК.

 

Прадстаўляем каманду “Атлант” (Паставы) сезона 2015/2016 года:

1. Дзмітрый Аксёненка (год нараджэння 1997, рост 190 см, навучэнец прафтэхкаледжа); 2. Арцём Бандарэнка (1999, 184 см, вучань СШ № 5); 3. Дзмітрый Бабровіч (1985, 189 см, супрацоўнік райаддзела МНС); 4. Кандыдат у майстры спорту (кмс) Віталь Варанец (1987, 187 см, бухгалтар УП ЖКГ); 5. Кмс Дзяніс Захарэвіч (1990, 185 см, супрацоўнік мінскай фірмы); 6. Дзяніс Зямчонак (1998, 177 см, вучань СШ № 4); 7. Валерый Казека (1997, 185 см, навучэнец прафтэхкаледжа); 8. Арцём Кароль (1993, 195 см, студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта); 9. Андрэй Казлоўскі (2000, 176 см, вучань СШ № 1); 10. Аляксандр Каспер (2000, 187 см, вучань СШ № 1); 11. Дзяніс Радзевіч (1999, 186 см, навучэнец прафтэхкаледжа); 12. Кмс Сяргей Цімашэнка (1988, 197 см, праграміст раённага вузла паштовай сувязі); 13. Капітан каманды, кмс Алег Шылей (1978, 190 см, супрацоўнік Мінскага АУУС); 14. Кмс Даніла Шышко (1985, 202 см, супрацоўнік ФСК “Атлант”); 15. Пётр Марцінкевіч (2000, 175 см, вучань СШ № 1); 16. Ігар Гінько (1996, 187 см, навучэнец прафтэхкаледжа).

Кіруючы склад каманды: галоўны трэнер Савосін Генадзь Генадзьевіч (1962), трэнер Рамейка Мікалай Станіслававіч (1959), трэнер-асістэнт Вавінскі Павел Аляксандравіч (1991).

Форма каманды: асноўная – чырвоная, запасная – чорная.

 

Каляндар гульняў

каманды “Атлант” (Паставы)

у ХХV чэмпіянаце Беларусі па валейболе

(Вышэйшая ліга, дывізіён “Б”)

Папярэдні этап. Першы круг

1 тур. 7-8 лістапада

“Ваенная акадэмія” (Мінск) – “Атлант” (Паставы)

2 тур. 21-22 лістапада

РДВАР (Мінск) – “Атлант” (Паставы)

3 тур. 28-29 лістапада

“Атлант” (Паставы) – АСДЮШАР (Гродна)

4 тур. 5-6 снежня

СДЮШАР-ЦАР (Жлобін) – “Атлант” (Паставы)

5 тур. 19-20 снежня

“Атлант” (Паставы) – “Узлёт” (Орша)

Другі круг

6 тур. 16-17 студзеня

“Атлант” (Паставы) – “Ваенная акадэмія” (Мінск)

7 тур. 30-31 студзеня

“Атлант” (Паставы) – РДВАР (Мінск)

8 тур. 6-7 лютага

АСДЮШАР (Гродна) – “Атлант” (Паставы)

9 тур. 20-21 лютага

“Атлант” (Паставы) – СДЮШАР-ЦАР (Жлобін)

10 тур. 5-6 сакавіка

“Узлёт” (Орша) – “Атлант” (Паставы)

 

У залежнасці ад занятых месцаў каманды прадоўжаць барацьбу на наступных этапах за выніковыя месцы з 5 па 8 і за 9-14 у чэмпіянаце Беларусі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.