Работы вядуцца законна


У адзін з кастрычніцкіх дзён у рэдакцыю райгазеты пазваніла жанчына і ад імя жыхароў вуліцы Чэхава, што ў райцэнтры, прасіла, каб неадкладна прыехаў карэспандэнт і сфатаграфаваў, як у прычыгуначнай паласе нішчаць вялізныя дрэвы.

Па ўказаным адрасе прыбылі амаль адначасова з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В. І. Казаком і галоўным спецыялістам інспекцыі А. А. Гатоўчыкам. Тут сапраўды было спілавана некалькі дрэў, апрацоўку якіх вялі рабочыя Пастаўскага прадпрыемства меліярацыйных сіс­тэм. Але на той час, на жаль, адсутнічаў майстар, які кіраваў работамі. Высветліць сітуацыю дапамог начальнік Пастаўскага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва П. М. Райчонак.

— У адпаведнасці з раённай праграмай будаўніцтва жылля, у 2015 годзе ў Паставах пачата ўзвядзенне шматкватэрнага жылога дома ў новым мікрараёне па вуліцы Зялёнай, — адзначыў Павел Мікалаевіч. — А ўвогуле,  у адпаведнасці з планам генеральнай забудовы райцэнтра, у мікрараёне шостага гарадка  прадугледжана  пабудаваць шэсць 40-, 60- і 80-кватэрных жылых дамоў. Адначасова прадоўжацца работы па індывідуальнай забудове вуліцы Азёрнай. У недалёкай перспектыве тут справяць наваселлі некалькі соцень сем’яў. Для таго каб яны маглі гарантавана карыстацца ўсімі зручнасцямі і выгодамі, праектам прадугледжана будаўніцтва сучасных інжынерных сетак, якія ўключаюць каналізацыю, цепла-, вода- і электразабеспячэнне. Існуючыя на цяперашні час магутнасці не змогуць забяспечыць жыццядзейнасць новага жылога мікрараёна.

Напрыклад, для таго каб  засілкаваць яго электра­энергіяй, у раёне электрычных сетак па вуліцы Чырвонаармейскай будзе зманціравана спецыяльнае абсталяванне з пракладкай дзвюх  кабельных ліній 10 кВт да цэнтральнай размеркавальнай падстанцыі, размешчанай па вуліцы Ленінскай (мік­рараён АБП “Рассвет Пастаўскі”). Працягласць ліній складзе больш за чатыры кіламетры. Цяпер вядуцца работы па падрыхтоўцы тэрыторыі. З улікам ахоўнай зоны, праходжання тэхнікі шырыня лініі павінна быць каля 10 метраў. Яе і трэба ачысціць, прывесці ў парадак. Гэта не так і проста, бо  кабель прой­дзе пад чыгункай і ўздоўж яе, праз раку Мядзелку, па лясістай і  іншай мясцовасці. Дазвол на правя­дзенне  работ дадзены інспекцыяй Дэпартамента па кантролі і наглядзе па Віцебскай вобласці. У адпаведнасці з ім спілоўвалі дрэвы і ў чыгуначнай лесапасадцы. Што датычыць заказчыка будаўніцтва, то ён, у адпаведнасці з праектам,  павінен будзе кампенсаваць нанесены прыродзе ўрон шляхам пасадкі новых дрэў у горадзе.

На здымку: на гэтым месцы пройдуць кабельныя лініі.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.