Распараджаўся чужой маёмасцю, як уласнай


Шасцю гадамі зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму, канфіскацыяй маёмасці і прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму павярнулася для беспрацоўнага жыхара вёскі Дамуці М. жаданне жыць за чужы кошт.

Пачалася эпапея ў студзені бягучага года, калі М. пры дапамозе металічнай манціроўкі вырваў прабой на ўваходных дзвярах, пашкодзіў адвёрткай дзвярны блок і пранік у дом жыхаркі вёскі Дамуці. Такая рашучасць была выклікана не толькі жаданнем прысвоіць чужую маёмасць, але і станам алкагольнага ап’янення. Мужчына добра ведаў, што перашкодзіць яму ніхто не зможа, таму што гаспадыня дома па стане здароўя ўжо працяглы час пражывала ў Мінску. Не спяшаючыся, М. па-гаспадарску абышоў увесь дом. З жылога пакоя вынес мужчынскую і жаночую вопратку, механічны гадзіннік і ланцужок. У кладоўцы яму спадабаліся вадзяная помпа, плеценыя драўляныя кошыкі, камбайн для збору ягад, алюмініевыя кацялкі, каструлі і пляшкі, медны дрот і тэлефонны провад. У склепе нагледзеў розныя хатнія нарыхтоўкі: марынаваныя агуркі, кабачкі, свіную тушонку, чарнічнае, грушавае, слівавае, бруснічнае і парэчкавае варэнне, а таксама сала. Украдзеныя рэчы склаў у знойдзены ў доме мяшок і вынес у два заходы. Не забыўся акуратна ўставіць на месца прабой на ўваходных дзвярах.

Пытання, як распарадзіцца чужой маёмасцю, нават не ўзнікла: прадукты харчавання ўжыў у ежу, частку рэчаў пакінуў для асабістага карыстання, частку — прадаў, астатняе здаў у пункт прыёму другаснай сыравіны.

Лёгкі хлеб М. вельмі спадабаўся, і ўжо праз тыдзень ён зноў адправіўся на «промысел». На гэты раз пранік у хлеў гэтай жа аднавяскоўкі і ўкраў з яго металічную сячкарню, алюмініевую бочку, два колы ад матацыкла, падвеску і чатыры колы ад драбін, газавы балон. Яшчэ адзін балон прыхапіў са спецыяльнай скрыні каля дома. Усе рэчы прадаў жыхарам гарадскога пасёлка Лынтупы.

Пасля ў дом аднавяскоўкі ён пранікаў яшчэ двойчы. Падчас першага «візіту» вынес 250 мілілітраў бальзаму, літр гарэлкі, два графіны спірту і хатнія нарыхтоўкі. Спіртныя напіткі і прадукты харчавання ўжыў разам з сужыцелькай. Натхнёны беспакаранасцю, «прадпрымальны» вясковец ужо на наступны дзень зноў адправіўся ў гасцінны дом, з якога ўкраў паляўнічую стрэльбу і боепрыпасы да яе, а таксама гумовыя боты, алюмініевыя пляшку і кацёл. Па меры неабходнасці гэтыя рэчы М. распрадаваў, а на атрыманыя грошы купляў ежу і спіртное.

Бесклапотнае жыццё М. доўжылася два месяцы, акурат да таго часу, пакуль знаёмыя пенсіянеркі не заўважылі, што прабой на ўваходных дзвярах пашкоджаны, пра што і паведамілі па тэлефоне гаспадыні дома, а тая ў сваю чаргу звярнулася з заявай у міліцыю. Злачынца выявілі хутка. Сваю віну М. не адмаўляў, аб’ём і кошт украдзенага не аспрэчваў, ахвотна супрацоўнічаў са следствам, а частку набытага добраахвотна аддаў супрацоўнікам міліцыі. Пакупнікі кра­дзеных рэчаў, якія праходзілі па справе як сведкі, набыткі, якія былі ў наяўнасці, таксама аддалі супрацоўнікам міліцыі. Усе рэчы вярнулі законнай уладальніцы. А вось паляўнічая стрэльба і боепрыпасы, якія не былі зарэгістраваны і захоўваліся ў доме незаконна, канфіскаваны ў даход дзяржавы.

За ўчыненыя злачынствы М. асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Н. МАКСІМОВІЧ, суддзя Пастаўскага суда.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.