Шахматны калейдаскоп

Спорт

У Глыбокім прайшоў першы этап міжраённых спаборніцтваў па хуткіх шахматах сярод школьнікаў. На працягу сезона плануецца правесці іх пяць. Усе ачкі, а таксама занятыя месцы ў выніковай табліцы будуць ацэньвацца пэўнай колькасцю балаў і падсумоўвацца, а вясной 2016 года вызначыцца ўладальнік кубка ў камандным заліку, стануць вядомы пераможцы ў асабістым першынстве сярод хлопчыкаў і дзяўчынак.

На згаданым этапе спаборніцтваў сярод дзяўчынак больш чым упэўнена выйграла вучаніца 9 “Б” класа СШ №1 Жэня Ліпская — сем перамог у сямі партыях. Дзяўчынка папоўніла камандную скарбонку 35 баламі. У актыве вучаніцы 1 класа СШ №2 Евы Івановай, якая дэбютавала на турніры, 19 камандных балаў.

Сярод школьнікаў, якія абаранялі гонар нашага раёна, лепшыя вынікі паказалі Я. Літвіновіч (СШ №2), М. Крыўко (СШ №5), М. Іваноў (СШ №2), А. Леўшын (СШ №1).

* * *

Праведзены першы тур адборачных спаборніцтваў чэмпіянату раёна па хуткіх шахматах. Сапраўдную сенсацыю зрабіла на ім Жэня Ліпская (СШ №1). Дзяўчынка захапіла лідарства з першых тураў і да самага фінішу не дазволіла наблізіцца ніводнаму з сапернікаў. У выніку набрала шэсць ачкоў з сямі магчымых і заняла першае месца. На паўачка адстаў Уладзімір Пляшак (Глыбоцкая міжраённая інспекцыя па ахове працы). На трэцім месцы ветэран шахмат Віктар Шастакоў (ФК “Атлант”). Абсалютна аднолькавыя вынікі паказалі Яна Галатылец (СШ №1) і Леанід Косаў (прафтэхкаледж), якія на гэты раз спыніліся за крок да п’едэстала. Другі тур адбудзецца 29 лістапада.

* * *

У першынстве раёна па класічных шахматах як у вышэйшай, так і ў першай лігах згуляна палова партый. Сярод мацнейшых лідарства захапіў Аляксандр Сямёнаў (ЦБП №230 філіяла №216 ААТ “ААБ “Беларусбанк”) — 5 ачкоў з 6 магчымых. 4,5 бала ў актыве індывідуальнага прадпрымаль­ніка Дзмітрыя Стахоўскага, які мае ў запасе адну незгуляную партыю, што дае яму шанс апярэдзіць лідара. Трэцяе месца займае сталічны медык Андрэй Паўлаў.

У першай лізе пасля “экватара” ўпэўнена лідзіруе пенсіянер Авенір Чырванец (6,5 з 7 магчымых ачкоў).  5 ачкоў у Аляксандра Мурзо (ПМЦ). На трэцяе месца прэтэндуюць пяць шахматыстаў. Нагадаю, што тры пераможцы без адбору атрымаюць права ў наступным сезоне гуляць у вышэйшай лізе.

Ю. КАТОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.