Сонечная і духоўна багатая Італія


Па запрашэнні таварыства чыгуначнікаў Польшчы работнікі беларускай чыгункі прынялі ўдзел у XXXII агульнапольскай пілігрымцы чыгуначнікаў на Ясную Гару ў Чанстахове. Яна адбылася 15 лістапада. А перад гэтым пабывалі ў тыднёвай пілігрымцы па чароўнай Італіі. Мне пашчасціла трапіць у склад беларускай групы. Цяжка перадаць словамі эмоцыі, якія напаўнялі сэрца ў тыя дні.

Старажытная сталіца Польшчы

Першым прыпынкам па дарозе з Гродна стаў Кракаў — старажытная сталіца Польшчы. Гасцінныя палякі-чыгуначнікі арганізавалі нам цёплы прыём, пазнаёмілі з горадам. Бываць тут мне даводзілася і раней, тым не менш на гістарычныя помнікі, сучасныя збудаванні гляджу кожны раз па-новаму. Усюды адчуваецца подых гісторыі. Старажытныя гмахі, велічныя касцёлы зачароў­ваюць сваёй непаўторнасцю. Горад здзіў­ляе прыгажосцю і гармоніяй.

Сэрца Кракава — Вавельскі замак — рэзідэнцыя ўладароў Польшчы ад першай паловы XI да пачатку XVII стагоддзя. Замак размешчаны на левым беразе Віслы на вышыні амаль 230 метраў над узроўнем мора. Тут каранавалі каралёў, тут жа яны і пахаваны. Пад скляпеннямі храма знайшлі вечны спачын не толькі каралі, але і вядомыя палітыкі, паэты, а таксама прэзідэнт Поль­шчы Лех Качыньскі з жонкай, якія загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

Сучасны санктуарый Езуса Міласэрнага, новы духоўны цэнтр Яна Паўла II — гэта толькі частка таго, дзе паспелі пабываць за кароткі час. У касцёле святога Фларыяна адбылася Імша, падчас якой пілігрымы атрымалі благаславенне на няблізкую дарогу.

Заручаная з морам

У Італіі найперш заехалі ў Падую, у знакамітую базіліку Антонія Падуанскага — цэнтр шанавання гэтага святога, дзе знаходзяцца яго рэліквіі. Святы Антоній лічыцца апекуном каталіцкіх сем’яў, дапамагае адшукаць згубленыя рэчы. Для мяне наведванне гэтага месца мела асаблівае значэнне таму, што з’яўляюся парафіянкай аднайменнага касцёла ў Паставах. У жыцці неаднойчы даводзілася звяртацца па дапамогу да гэтага святога, і я ўпэўнена ў яго апецы. Кожны з пілігрымаў таксама меў за што дзякаваць святому Антонію і чаго ў яго прасіць.

Затым была Венецыя, заручаная з морам, — адно з самых незвычайных месцаў Іта­ліі. Нямала чытала пра яго. Але зусім іншае — убачыць горад на вадзе на свае вочы. Прыплылі ў яго па Гранд-канале на невялікім параходзіку. На вузенькіх вуліцах  няма ні машын, ні нават веласіпедаў, транспарт толькі водны, а дакладней, гэта гандолы — венецыянскія вёславыя лодкі. Палюбаваліся галоўнай плошчай святога Марка, іншымі славутасцямі.

Манапэла — маленькая вёсачка. А прыцягвае турыстаў у ёй санктуарый, у якім знаходзіцца ўнікальная рэліквія — палатно з адбіткам твару Змёртвыхпаўсталага Хрыста.

Сан Джавані Ратонда — гарадок, у якім жыў вядомы манах — айцец Піа. На яго целе былі раны, як у Хрыста. Манах меў вялікі дар — мог аздараўляць духоўна хворых асоб, прадказваць будучае. Па яго распараджэнні і на ахвярныя зберажэнні ў Ратонда пабудавана бальніца, у якой хворых лечаць бясплатна. І цяпер да цела айца Піа, якое знаходзіцца ў базіліцы, названай у яго гонар, выстройваюцца вялікія чэргі, каб не толькі пакланіцца святому, але і папрасіць яго заступніцтва.

Санктуарый святога Міхаіла Арханёла — не рукатворны. Ён размешчаны ў звычайнай пячоры, знаходзіцца ў правінцыі Фо­джа. Гэта адзіны ў свеце касцёл, які не асвячаў святар, а  зрабіў гэта ў свой час сам Арханёл Міхаіл падчас свайго першага аб’яўлення. Храм двухузроўневы: на верхнім размешчана званіца, у ніжні трэба спускацца па 89 прыступках.

У горадзе Ларэта сем стагоддзяў знаходзіцца святы дом Маці Божай. Гэта адно з месцаў, якія найбольш часта наведваюць пілі­грымы. Людзі прыходзяць сюды, каб прасіць Бога аб аздараўленні. Літанія да Маці Божай Ларэтанскай з’яўляецца адной з самых вядомых малітваў католікаў.

Горад велічны і вечны

Два дні правялі ў Рыме, дзе пражываюць пяць мільёнаў чалавек. Гэта сталіца архітэктурных помнікаў. Галоўная славутасць горада — Пантэон — храм усіх багоў. У ім няма вокнаў, святло паступае толькі праз адкрыты купал.

Уразіў велічны Калізей — амфітэатр, адно з найбольш вядомых і грандыёзных збудаванняў старажытнага свету, якія часткова захаваліся да нашага часу.

Адным з найважнейшых каталіцкіх храмаў свету з’яўляецца храм святога Яна Латэранскага. Аб гэтым сведчыць надпіс над уваходам: “Найсвяцейшы Латэранскі храм, усіх храмаў горада і свету маці і галава”. Тут знаходзяцца кафедра рымскага епіскапата і Папскі трон.

Насупраць базілікі святога Яна — храм, дзе ёсць святая Лесвіца, па якой Хрыстос ішоў на суд да Пілата. 28 белых мармуровых прыступак аздоблены дрэвам. Вернікі прахо­дзяць іх толькі на каленях, чытаючы асаблівыя малітвы на кожнай. На тых месцах, дзе захаваліся сляды крыві, зроблены адмысловыя шкляныя акенцы.

Сапраўдная жамчужына Рыма — фантан  Трэві. Будаваўся ў XVIII стагоддзі на працягу 30 гадоў. Ён рэкардсмен сярод сваіх “братоў” у Італіі: шырыня — 20 метраў, вышыня ў цэнтры — 26 метраў. Маштабная славутасць напамінае сцэну з антычнай п’есы. Прыгажосць фантана прыцягвае да сябе сотні наведваль­нікаў. У 2012 годзе яго закрылі на рэканструкцыю, якой не было 125 гадоў. За чатыры дні да нашага прыезду фантан зноў запрацаваў.

Італьянскі Сталінград

Монтэ-Касіна… Падыхо­дзячы да гэтага месца, палякі не стрымлівалі слёз. Чатыры месяцы доўжылася бітва, у якой на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел тысячы палякаў, у тым ліку ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. Перамога далася дарагой цаной. Гэта месца нярэдка называюць італьянскім Сталінградам. Ля падножжа гары пахаваны больш за 900 салдат Польскага корпуса. Па некаторых даных, амаль 200 з іх былі беларусамі. На 13 магілах — прозвішчы жыхароў Пастаўшчыны: Вацлаў Пяткевіч, Пётр Мышко, Лян­гін На­віцкі, Станіслаў Ланчэўскі-Саматый, Эдуард Лазічонак, Іван Кулак, Рычард Камінскі, Казімір Казакевіч, Вінцэнт Казак, Баляслаў Кажухоўскі, Юстын Зарэцкі, Аляксандр Дубовік, Павел Балай. Хтосьці з іх быў стралком, хтосьці — бамбардзірам, кананірам, капралам, сапёрам. На надмагільных плітах указаны даты нара­джэння і смерці.  Адна з ­удзельніц пілігрымкі з Гродна адшукала магілу дзеда, які лічыўся прапаўшым без вестак. Магчыма, і на Пастаўшчыне  каму-небудзь вядомы названыя вышэй прозвішчы. Да падножжа могілак ляглі жывыя кветкі, затрымцелі агеньчыкі свечак, прагучалі словы малітвы і песня “Чырвоныя макі Монтэ-Касіна”.

Беларусь чакае Папу

Кульмінацыяй прабывання ў Рыме стала аўдыенцыя ў Папы Рымскага Францішка. Пра гэта марыць, напэўна, кожны католік свету. Плошча святога Пятра была запоўнена пілігрымамі з розных краін. Месцы нашай групе былі адведзены ў бліжэйшым да алтара сектары. Папа аб’ехаў плошчу на папамабілі, прывітаў прысутных. Затым былі прачытаны ўрывак з Евангелля (на мовах пілігрымаў тых краін, з якіх яны прыехалі) і разважанне на тэму сям’і. Святы Айцец благаславіў абразкі, крыжыкі, ружанцы, іншыя культавыя рэчы, якія пілігрымы прынеслі на аўдыенцыю. На заканчэнне ўсе разам на латыні прамовілі “Ойча наш”. Гучна віталі пантыфіка, размахвалі сцягамі сваіх краін, спявалі песні.

Калі Папа пакідаў плошчу, удзельнікі пілігрымкі з Беларусі гучна крычалі: “Беларусь чакае Папу!” На што Святы Айцец звярнуў увагу, памахаў рукой і яшчэ раз благаславіў нашу дэлегацыю. Пазней мы атрымалі ад Папы Францішка ў падарунак ружанцы, якія ён перадаў праз святара.

Вера ўмацавалася яшчэ больш

У пілігрымцы ўсё спрыяла добраму настрою, душэўнай раўнавазе: надвор’е радавала яркім, лагодным сонейкам, хадзілі мы па-летняму апранутыя, шмат маліліся за родных, знаёмых, блізкіх і нават за тых, хто і не здагадваўся, што за яго ўзносяцца просьбы да Бога.

На зваротным шляху заехалі ў мястэчка Асізі, дзе нарадзіўся і пахаваны святы Францішак — заснавальнік ордэна францысканцаў. Ён быў апекуном бедных, пакрыўджаных. Тут асабліва маліліся аб патрэбных ласках для Святога Айца Папы Францішка ў справе кіравання Касцёлам. Многія людзі спадзяюцца на дапамогу Святога Францішка Асізскага і адчуваюць яго падтрымку. Адчувалі падтрымку святых і мы. Яна праяўлялася ў розных выпадках і сітуацыях. Дзякавалі Усявышняму за дар веры і лекі для душы, мы ўзбагаціліся найперш духоўна.

Кожны дзень у якім-небудзь з касцёлаў нашы святары адпраўлялі святую Імшу. Маліліся на дзвюх мовах. Палякам спабадаліся нашы беларускія рэлігійныя песні. Любілі яны паслухаць беларускую мову, а таксама народныя  песні і ў вольны вячэрні час. Звычайна збіраліся ў фае гасцініцы або ў маляўнічым садку каля яе і спявалі.

Большасць дарог пілі­грым­кі праходзіла праз горы. Яны цягнуцца праз усю краіну, а гэта звыш тысячы кіламетраў. У гарах пабудаваны гарады, размешчаны курортныя зоны. Віды зачароўваюць, паветра там чыстае, сонца асляпляльнае, а ўражанні — незабыўныя.

Насычанай была праграма агульнапольскай сустрэчы чыгуначнікаў у Чанстахове: канферэнцыі, канцэртная праграма, Крыжовая дарога, разважанні і многае іншае. У нядзелю, 15 лістапада, усе прынялі ўдзел ва ўрачыстай Імшы ў базіліцы на Яснай Гары. Мне ж яшчэ ўдалося пагасціць у сям’і стрыечнага брата, які жыве непадалёк славутага санктуарыя.

Падчас пілігрымкі камфортна адчувала сябе ў згуртаванай сям’і чыгуначнікаў з Гродна, у складзе якой таксама былі работнікі чыгуначных станцый, дэпо, пуцейцы з Ліды, Маладзечна, Парэчча, Мінска.

Пражывалі мы ў камфартабельных гасцініцах. Падчас сняданкаў, абедаў-вячэр пакаштавалі традыцыйныя італьянскія стравы з макароны. А смачнейшага, чым ў Італіі, печыва я не ела ніколі. Пілігрымка — гэта не звычайная экскурсія, а духоўнае падарожжа. Таму шопінгам практычна не займаліся. Магазінчыкі ж у Італіі размяшчаюцца ледзь не на кожным кроку. Цэны, у параўнанні з нашымі, высокія. Для прыкладу, літровая бутэлька звычайнай вады каштуе чатыры еўра.

Пілігрымка доўжылася ледзь не два тыдні. За мноствам уражанняў сумаваць па доме не было часу. Але Радзі­ма ўспаміналася часта. Беларусь сустрэла халодным надвор’ем, а сагрэлася я цеплынёй сэрцаў родных і блізкіх, сяброў і знаёмых, якія маліліся за маю шчаслівую паездку. І пасля таго, як вярнулася, тэлефонныя званкі ад іх не змаўкалі на працягу некалькіх дзён.

Усе пілігрымы ўдзячны за духоўную паслугу айцу Станіславу Станеўскаму з парафіі Маці Божай Ларэтанскай з Мін­ска і ксяндзу Мікалаю Ліпскаму з Лучая, а таксама арганізатарам пі­лігрымкі — гродзенцам Генадзію Качынскаму і Вераніцы Вейкшнар.

Анна Анішкевіч. Фота  аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.