Спарней, чым летась

Сельское хозяйство

Кожную раніцу Сяргей Студзянкоў, як і іншыя механізатары, стараецца да 7 гадзін прыбыць на машынны двор завода, каб затым накіравацца на ворыва глебы ў адну з гаспадарак, дзе будзе вырошчвацца лён. Сяргей не без задавальнення расказваў, што гэтай восенню работа ў полі вядзецца намнога актыўней. Не так, як летась, калі з-за адсутнасці паліва трактары прастойвалі працяглы час,  і ў выніку глеба на значнай плошчы засталася да вясны неўзаранай.  Механізатар выказаў на­дзею, што калі не падвядзе надвор’е і тэхніка, то работу  можна завяршыць за дзесяць дзён. Гэта пацвердзіў і дырэктар ільнозавода Пётр Іванавіч Скурко.

У наступным годзе механізаваны атрад прадпрыемства будзе вырошчваць даўгунец на 2000 гектараў, што на 400 гектараў больш, чым сёлета. Землі  падабраны  ў ААТ “Кураполле-агра”, “Камайскі-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, “Янавіца-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, райаграсэрвісе, філіяле “Нафтазаводмантаж-агра”, СВК “Андроны”, СП “Дунілавічы-агра”. На ўчарашні дзень ужо было ўзарана 1300 гектараў. Выйсці на такі паказчык дазволіла тое, што дырэкцыя і агранамічная служба падзялілі тэхніку на два звяны. У першым на трактарах “МТЗ-3022” і “МТЗ-1221” з абаротнымі плугамі працуюць Валерый Пупкевіч, Аляксандр Шыкуць, Яўгеній Райчонак, Віктар Пузан і Іван Загурскі. Яны, як адзначаюць спецыялісты, з’яўляюцца галоўнай сілай у восеньскім полі. У другім звяне менш прадукцыйная тэхні­ка, але механізатары Аляксандр Аліноўскі, Сяргей Сту­дзянкоў, Грыгорый Трушкін і Уладзімір Арлоў таксама дабіваюцца добрай выпрацоўкі. Удзячны завадчане і механізатарам ААТ “Кураполле-агра” Сяргею Койру, Юрыю Усовічу і Віктару Давыдаву, якія ў гэтыя дні аказваюць ім дапамогу.  Увогуле, за светлавы дзень механізатары ўзорваюць да 80—85 гектараў глебы.

Зяблевае ворыва — важны аграпрыём у атрыманні лепшай ураджайнасці даўгунцу. У той жа час на прадпрыемстве клапоцяцца і пра іншыя яе складальнікі. У прыватнасці, больш чым на паўтары тысячы гектараў былі ўнесены гліфасаты. На 1400 гектарах у глебу трапіць хлорысты калій. Удабрэнні прадаўжае ўносіць механізатар Алег Вайткевіч.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.