Старт абнадзейвае

Спорт

“Ваенная акадэмія”  (Мінск) — “Атлант” (Паставы) — 2:3, 3:0

 

1 дзень. 2:3 (22:25; 17:25; 25:22; 25:18; 12:15).

2 дзень. 3:0 (31:29; 25:19; 25:22).

Для абедзвюх каманд стартавыя гульні першынства мелі важнае значэнне як у плане набыцця ўпэўненасці ў сваіх сілах, так і для далейшых турнірных перспектыў. Разумеючы гэта, госці пастараліся прывезці ў сталіцу свой найбольш аптымальны склад з мацнейшых, вопытных ігракоў. У выніку маладыя армейцы нават не чакалі, што іх сапернік завалодае гульнявой ініцыятывай і даволі ўпэўнена выйграе дзве партыі. У складзе пастаўчан задавалі тон кандыдаты ў майстры спорту В. Варанец, Д. Захарэвіч, Д. Шышко, на пазіцыі лібера — пасля працяглага перапынку А. Зарэцкі. Побач з імі надзейна гулялі маладыя Д. Аксёненка і М. Саўчук, але апошні неўзабаве пакіне нашу каманду, бо пойдзе служыць у армію.

Госці былі блізкія да чыстай перамогі ўжо ў трэцяй партыі, у якой яны адарваліся ад мінчан на 7 ачкоў — 11:18. У гэты момант вельмі дапамог армейцам экс-пастаўчанін Юрый Рабека (ён там праходзіць воінскую службу), бо дзякуючы яго надзвычай складаным для прыёму падачам валейбалісты акадэміі лік зраўнялі. Барацьба на пляцоўцы ўспыхнула з новай сілай, але ў канцоўцы ў самы напружаны момант зноў у пастаўчан выйшаў гуляць самы высакарослы Д. Шышко. Майстэрства і вопыт дазволілі гасцям атрымаць няпростую стартавую перамогу ў гульні з моцным сапернікам.

У паўторнай сустрэчы маладыя армейцы пастараліся ўзяць рэванш. Праўда, у першай партыі былі бліжэй да поспеху пастаўчане, вялі ў ёй з лікам 23:24. Аднак правесці паспяхова толькі адну выніковую атаку не атрымалася некалькі разоў. У далейшым у канцоўках лепш найперш фізічна выглядалі гаспадары і давялі паўторны матч да перамогі. Аднак і адна перамога на выездзе ў Мінску абнадзейвае, як і тое, што пастаўчане збіраюцца яшчэ дазаявіць вопытнага нападаючага Сяргея Плюту, які пагуляў у мацнейшым дывізіёне.

Пасля першага тура наш “Атлант” ідзе на 4-м месцы, а лідарства захапілі каманды Жлобіна і Оршы, якія з аднолькавым лікам 3:0 двойчы перамаглі адпаведна валейбалістаў сталічнага РДВАР і гродзенскай АСДЮШАР. Дарэчы, з маладой камандай рэспубліканскага вучы­лішча алімпійскага рэзерву пастаўчане будуць гуляць зноў на выез­дзе ў Мінску ў наступным туры. На сваёй пляцоўцы пастаўскі “Атлант” згуляе 28-29 лістапада з гродзенцамі.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.