Сустрэча на балоце


Увосень заўсёды шмат спраў, за якімі і разагнуцца няма        калі. Але Рэня, нягледзячы на свае 70 гадоў, была жанчынай нястомнай, рухавай і працавітай. Усюды ў яе належны парадак: бульбу скапала, агародніну сабрала, грыбоў і ягад назапасіла столькі, што ўсім родным хопіць. Аднаго неставала — журавін. І яна з сяброўкамі адправілася на балота. Падмерзлыя ягады наліліся гаркавата-кіслым сокам і там, дзе да іх яшчэ не дабраліся ўвішныя жаночыя рукі, рассыпаліся ў імшарніку барвовымі кроплямі.

Лакаўраць — балота вялікае. У гэты год дажджоў было мала, таму можна было хадзіць па ім, не баючыся начэрпаць у боты вады. Рэня ад купіны да купіны далёка адышла ад жанчын. Пачала гукаць, але ніхто не адазваўся. А тут яшчэ трапілася шмат ягад, і калі сабрала іх — кошык быў поўны.

Трэба выбірацца з балота, шукаць месца, дзе пакінулі веласіпеды. У лесе Рэня ніколі не блудзіла, але тут сонца схавалася за хмары, падзьмуў халодны вецер, трывожна зашумелі дрэвы. З ціхім шолахам пасыпаліся лісты, і жанчыне зрабілася няўтульна. Ды і мабільнік, як на грэх, разрадзіўся.

З лакаўрацкім балотам было звязана шмат розных баек. Адна асаблі­ва запомнілася жанчыне. Чула яе яшчэ дзяўчынкай ад бабулі. Тая расказвала, што ў балоце шмат рознай нечысці, а самы галоўны — стары лесавік. Ён прымае вобраз прыгожага мужчыны і круціць у балоце лю­дзей, асабліва жанчын. Бывае, так заблытае, што да ночы таўкуцца сярод купін і кустоў. Ці ў багну завядзе, якая раптоўна адкрываецца пад нагамі.

А пазнаць яго можна па капытах, на нагах у яго няма абутку. Але хітрая пачвара заўсёды стаіць у траве альбо хавае ногі ў мох. І толькі калі крыкнуць “Ай, вадзіца свянцоная!” і перажагнацца, лясун падскочыць, як варам абліты, і кінецца ўцякаць ці развеецца, як туман, і знікне. Тады злыя мроі спадуць і дарога знойдзецца.

Адганяючы гнятлівыя думкі, Рэня цягнула цяжкі кошык,  чапляючыся за траву і кусты. Пералезла праз чарговы корч і выкулілася з гушчару прама на дарогу. У які бок ісці — зразумець не магла, так закруцілася галава. І тут, як у страшным сне, з лесу выйшаў высокі цёмнавалосы малады мужчына і накіраваўся да яе. Рэня ад страху абамлела. А незнаёмец дастаў цыгарэту і закурыў. Капыты лесавіка яна разгледзець не магла, бо лясная дарога густа зарасла травой. А ў тым, што гэта нячыстая сіла, у яе не было ніякага сумнення. “Свянцоная вадзіца, свянцоная вадзіца…” — прашаптала збялелымі вуснамі і села проста на кошык, які затрашчаў і разваліўся. Рукі зрабіліся ватныя,  не магла нават пальцам паварушыць, не тое што перажагнацца. А калі лесавік кінуўся да яе, жанчына страціла прытомнасць.

Ачуняла ад таго, што на твар лілася вада. Знаёмы мужчынскі голас гучаў устрывожана: “Цётка Рэня, што з табой зрабілася?” Расплюшчыла вочы і загаласіла. Яна ляжала на журавінах, якія высыпаліся з разламанага кошыка, а над ёй стаяў яе сусед Валерык і, наліўшы з пластыкавай бутэлькі ў жменю вады , пырскаў ёй у твар. Па сцяжынцы з балота, весела гамонячы, выйшлі яго жонка Анжэла з сяброўкай, несучы па два вядры журавін. Валерык прыехаў, каб іх забраць. Машына засталася за пагоркам, бо дарогу перагарадзіла паваленае дрэва.

Выслухаўшы Рэню, маладыя людзі рагаталі так, што, напэўна, распужалі ўсю нячыстую сілу ў лесе і на балоце. Жанчыну паднялі, журавіны сабралі, веласіпед адшукалі і, загрузіўшы ў машыну, накіраваліся дамоў.

Рэня маўчала пра здарэнне як вады ў рот набраўшы. А Валерык, іншы раз падкідваючы паленцы ў вогнішча з вядзерцам рыбацкай духмянай юшкі, “пад вялікім сакрэтам” распавядаў сябрам, як на балоце ў Лакаўраці ўратаваў ад лесавіка… вельмі прыгожую дзяўчыну.

Нэлла ЛОСЬ.  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.