Такімі будуць нашы грошы


Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка 4 лістапада падпісаў Указ №450 “Аб правя­дзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь”.

Дакументам пастанаўляецца правесці з 1 ліпеня 2016 года дэнамінацыю афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь і правесці замену па 31 снежня 2016 года абарачаемых грашовых знакаў узору 2000 года ў выглядзе банкнотаў на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў выглядзе банкнотаў і манет у суадносінах Br10 тыс. ва ўзорах 2000 года і Br1 у грашовых знаках узору 2009 года.

Памятныя банкноты, выпушчаныя ў абарачэнне Нацыянальным банкам, з 1 ліпеня 2016 года падлягаюць прыёму пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў у суадносінах, указаных вышэй, памятныя і зліткавыя (інвестыцыйныя) манеты, выпушчаныя ў абарачэнне Нацбанкам, падлягаюць прыёму па намінальнай вартасці пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў.

Указам устанаўліваецца, што 1 беларускі рубель узору 2009 года роўны 100 беларускім капейкам узору 2009 года.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года грашовыя знакі ўзору 2000 года і грашовыя знакі ўзору 2009 года знаходзяцца ў паралельным абарачэнні і абавязковыя да прыёму пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў ва ўказаных вышэй суадносінах.

Абмен грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года ажыццяўляецца без абмежаванняў і без спагнання ўзнагароджання з 1 сту­дзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года — у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021 года — у Нацыянальным банку.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года вытворцы, прадаўцы, пастаўшчыкі, выканаўцы і іх прадстаўнікі пры прадастаўленні спажыўцам інфармацыі аб прапануемых таварах (работах, паслугах) абавязаны ўказваць цэны (тарыфы) у грашовых знаках узору 2000 года і грашовых знаках узору 2009 года.

Нацыянальнаму банку даручана забяспечыць выпуск у абарачэнне грашовых знакаў узору 2009 года і выключэнне з абарачэння грашовых знакаў узору 2000 года з улікам палажэнняў указа.

Дэнамінацыя не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля…

Дэнамінацыя не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка, каменціруючы прыняцце адпаведнага рашэння.

“Працэс дэнамінацыі мае тэхнічны характар і не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных валют, а таксама фактычна існуючы ўзровень інфляцыі”, — адзначылі прадстаўнікі рэгулятара.

Так, растлумачылі спецыялісты, цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня 2016 года будуць пералічаны з улікам выбранага маштабу дэнамінацыі — 1:10 000. “Інакш кажучы, калі да дэнамінацыі нейкі тавар каштаваў, напрыклад, 100 000 рублёў, то пасля дэнамінацыі яго цана складзе 10 рублёў”, — дадалі ў Нацбанку. Пры гэтым, каб пакупнікам было лягчэй адаптавацца да такіх змяненняў, на час паралельнага абарачэння старых і новых грашовых знакаў, гэта значыць у перыяд з 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года, усе суб’екты гаспадарання абавязаны будуць пазначаць дзве цаны — старую і новую.

Спецыялісты Нацбанка звярнулі ўвагу, што па аналагічным прынцыпе пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны зарплаты, пенсіі, стыпендыі, астаткі грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў.

“Падрыхтоўка да правя­дзення дэнамінацыі ў Беларусі заняла даволі працяглы перыяд. Так, новыя грашовыя знакі, якія будуць уведзены ў абарачэнне з 1 ліпеня 2016 года, былі выраблены па заказе Нацыянальнага банка Беларусі яшчэ ў 2008 го­дзе”, — падкрэслілі прадстаўнікі рэгулятара. Аднак тады ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам і, як вынік, пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне правядзенне дэнамінацыі было адкла­дзена, а вырабленыя грашовыя знакі — перададзены ў Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.

У цэлым, паводле інфармацыі Нацбанка, рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынята з мэтай удасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы, значнага скарачэння дзяржаўных расходаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння ў краіне.

…і на ўзровень цэн

Правядзенне дэнамінацыі не паўплывае на ўзровень цэн. Такое меркаванне выказаў старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб.

«Ёсць пэўныя чуткі, што сама па сабе дэнамінацыя можа прывесці да росту цэн. Але гэта толькі чуткі. Фактамі, даследаваннямі гэта не пацвярджаецца», — адзначыў Вадзім Іосуб.

“Цяпер усе цэны акруглены да 100 рублёў, пры новай грашовай сістэме 1 капейка будзе эквівалентнай цяперашнім 100 рублям, гэта значыць не будзе ніякіх фокусаў з акругленнем — усе цэны, якія ўжо акруглены да 100 рублёў, проста атрымаюць новы намінал”, — растлумачыў ён.

Вадзім Іосуб канстатаваў, што неабходнасць дэнамінацыі была відавочнай. Пытанне стаяла толькі ў тэрмінах правядзення. “Плюсы ад правядзення дэнамінацыі будуць тэхнічныя і, можна сказаць, псіхалагічныя. Мы вернемся да нармальнага цэнніка, насельніцтва з пункту гледжання сваіх зарплат перастане быць мільянерамі, турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, перастануць здзіўляцца цэннікам і колькасці нулёў на іх”, — адзначыў эксперт.

Вадзім Іосуб падкрэсліў, што аб’яўленне аб правя­дзенні дэнамінацыі сведчыць, што ва ўлад прысутнічае ўпэўненасць у будучай стабільнасці беларускага рубля. “Калі б былі апасенні таго, што ў будучым могуць быць высокая інфляцыя і дэвальвацыя, рашэнне (па правядзенні дэнамінацыі — заўвага БелТА) цяпер ніхто не прымаў бы”, — упэўнены ён.

Таксама эксперт пракаменціраваў увядзенне капеек. “Лічыцца, што металічныя манеты прысутнічаюць у даволі стабільных грашовых сістэмах. Зразумела, што дэнамінацыя папяровых купюр — гэта дарагое мерапрыемства, праводзіць замену металічных манет — яшчэ больш дарагое мерапрыемства. Тое, што вырашылі ўвесці ў абарачэнне манеты, сведчыць аб высокай ступені ўпэўненасці кіраў­ніцтва краіны, што ў бліжэйшым будучым яшчэ адну дэнамінацыю праводзіць не давядзецца”, — рэзюмаваў ён.

БелТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.