Трэба толькі ўзяцца

Общество

У доме №5 па вуліцы Стадыённай у Паставах я некалі жыла і зараз заўсёды рада сустрэцца са сваімі былымі сусе­дзямі ці пачуць іх па тэлефоне. А гэты званок не толькі парадаваў, але і падштурхнуў маю журналісцкую цікавасць.

Ветэран педагагічнай працы Галіна Мікалаеўна Жук гаварыла: “Ты даўно не прыязджала на Стадыённую. А ў нас — добрыя перамены. Мала таго, што газ падвялі, новыя вокны і дзверы ўставілі, дык і пад’езд цяпер не пазнаеш”.

Ну як было не пабачыць? Дом №5 — 16-кватэрная двухпавярхоўка 1968 года ўзвядзення. Кватэры вель­мі сціплыя — двухпака­ёвыя. Усе насельнікі ведаюць адно аднаго не толькі ў твар, але і біяграфіі, інтарэсы кожнага, людзі гаспадарлі­выя — вырошчваюць агародніну і кветкі, добраўпарадкоўваюць кватэры. А вось да пад’­езда рукі ўсё не даходзілі. Пагавораць-пагавораць, што трэба рабіць рамонт, але так і не збяруцца.

Сёлетняй вясной у адной з кватэр у другім пад’ездзе пасялілася новая жыліца — Галіна Паўлаўна Ціхановіч. Яна і стала завадатарам і асноўным фундатарам правядзення рамонту. Зрэшты, ніхто з гаспадароў васьмі кватэр, размешчаных у пад’ездзе, не адмо­віўся даць грошай. Гэта Жук, Ухіны, Соўка, Ніта, Лысёнак, Бароўка, Савосіна. Сабралі іх літаральна за паўгадзіны і адправілі (на веласіпедзе!) Віктара Ухіна ў магазін па фарбу.

Найперш “абнавілі” сцены водаэмульсіёнкай. Затым пафарбавалі парэнчы лесвіцы, падлогу. Усе працавалі дружна і весела — стараліся ж для сябе. Калі фарба высахла, жанчыны паслалі на падлогу дыванкі, сцены ўпрыгожылі ікебанай, на лесвічную пляцоўку выставілі жывыя і штучныя кветкі, нават каляндар вывесілі. І вельмі пільна сочаць за чысцінёй. А каб з вуліцы не наносіўся пясок, дарожку перад пад’­ездам пакрылі цэментным растворам. Нават не паленаваліся “ўвекавечыць”­ на ім дату правя­дзення работы.

Добрыя словы я пачула ад жыхароў дома і ў адрас камунальнікаў. Нагадаю, што, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 года № 571, рамонт пад’ездаў зараз не ўваходзіць у абавязкі камунальнай службы, а цалкам кла­дзецца на плечы жыльцоў. Так было і ў дадзеным выпадку. А вось вонкавыя дзверы пад’езда і вонкавую раму яго акна адрамантавалі работнікі жыллёва-эксплуатацыйнай службы УП ЖКГ.

Калі я фатаграфавала фрагменты пад’езда, у яго зайшла незнаёмая мне жанчына, якая аказалася з суседняй вуліцы. Ухваліла ўбачанае і адразу ж унесла прапанову: “А цюль на акне будзе глядзецца прыгажэй, калі яе аздобіць фальбонкай. У мяне ёсць з чаго. Прынясу, а вы дарабіце”. “Абавязкова даробім!” — ахвотна згадзілася Галіна Мікалаеўна Жук. Няма межаў удасканаленню…

Заглянула я і ў першы пад’езд. Уражанне непрыемнае. Там таксама зрабіла здымак, але “стадыённыя” людзі мне як радня, таму і не змяшчаю негатыў у газеце. Да таго ж думаецца, што яны абавязкова пяроймуць добры прыклад суседзяў, якія, між іншым, збіраюцца нават справіць наваселле ў абноўленым пад’ездзе.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота  аўтара.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.