Вечар сустрэчы педагогаў

Личности

Палеская базавая школа-сад, што на Лынтупшчыне, расчыніла свае дзверы 25 гадоў назад — 1 верасня 1990 года. З нагоды юбілею 17 кастрычніка ў ёй упершыню адбыўся вечар сустрэчы… педагогаў — цяперашніх і тых, хто шчыраваў тут раней.

Дваццаць пяць прычын памятаць нашу школу — так называўся стэнд, які стаяў на ўваходзе ў актавую залу. На фотаздымках можна было ўбачыць настаўнікаў і выпускнікоў розных гадоў. Усяго гэта ўстанова адукацыі стала роднай больш чым для 170 юнакоў і дзяўчат.

Ініцыятарамі вечара і яго галоўнымі арганізатарамі выступілі Ірына Пятроўна Лешчык і Валянціна Іванаўна Ланская. Яны працуюць выхавальнікам і памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку, які знаходзіцца пад адным дахам са школай, з найлепшага боку праяўляюць сябе не толькі ў працы, але і ў творчасці. Тым больш што Ірына Пятроўна па адукацыі культарганізатар. Таму і не дзіўна, што свята атрымалася багатым на станоўчыя эмоцыі.

Прайшло яно ў выглядзе “Блакітнага агеньчыка”. Каля трыццаці запрошаных гасцей занялі месцы за столікамі, упрыгожанымі арыгінальнымі вырабамі з фруктаў і прысмакаў, зробленымі сваімі рукамі, і з цікавасцю назіралі за праграмай.

Вядучыя тым часам не скупіліся на добрыя словы ў адрас работнікаў школы, у тым ліку і ветэранаў педагагічнай працы — Т. А. Шыла, А. Т. Сімірыковай, С. І. Лоўкіс. Шмат іх заслужыў першы дырэктар Авакум Гаўрылавіч Рудаў, які, нягледзячы на 84-гадовы ўзрост, з радасцю прыняў запрашэнне прыйсці на свята.

— Я прыемна ўражаны арганізацыяй вечара, — гаварыў Авакум Гаўрылавіч. —  Яна не менш урачыстая, чым тая, калі мы ў 1990 годзе адкрывалі гэту школу. Здаецца, гэта было ўчора. Прысутнічала шмат ганаровых гасцей, у тым ліку і тагачасны старшыня мясцовага калгаса імя Заслонава Іван Юльянавіч Юхно. Без яго падтрымкі будоўля была б немагчымай. Менавіта гаспадарка забяспечыла асноўнае фінансаванне. Вялікая падтрымка адчувалася і з боку раённай улады. Будоўлю пастаянна трымалі на кантролі Васілій Васільевіч Чэпік, Ванда Фердынандаўна Януковіч, Міхаіл Мяфодзьевіч Кішко і іншыя. Дзякуючы іх падтрымцы, работы былі выкананы ў сціслыя тэрміны, выдаткаваны дадатковыя сродкі. А іх патрабавалася нямала.

Раней у Палессі была пачатковая школа, вучні сярэдняга звяна займаліся ў суседняй вёсцы Апідамы. Калі адкрылі базавую, пытанняў з напаўняльнасцю не ўзнікла — у 1990 годзе сюды прыйшло займацца каля ста дзяцей. Сёння іх у чатыры разы меней.  У класах — ад двух да шасці чалавек. З імі працуюць 12 педагогаў.

Калектыў заўсёды рабіў і робіць усё магчымае, каб дзеці развіваліся ўсебакова, раслі не толькі адукаванымі, але і выхаванымі, самастойнымі людзь­мі. Пра гэта, выступаючы, гаварылі ранейшыя дырэктары школы: Вячаслаў Казіміравіч Рамбальскі, Павел Уладзіслававіч Трашчынскі (гэту адказную пасаду ён заняў у 24 гады), Наталля Васільеўна Кузьмінова, а таксама сённяшні кіраўнік Наталля Пятроўна Рамбальская.

— Мне пашчасціла працаваць у дружным прафесійным калектыве, — адзначыла Наталля Пятроўна. — Усе нашы намаганні накіраваны на тое, каб выхаваць годнае будучае пакаленне. Так, вучняў нямнога, але і ў гэтым можна знайсці плюс: кожнаму настаўнік надае максімум увагі. Адзінае, чаго не хапае  дзецям у Палессі, — цікавай арганізацыі вольнага часу. Да Лынтуп далекавата — 8 кіламетраў, да Пастаў наогул больш за 40. Мы ў школе стараемся ўсяляк разнастаіць іх адпачынак: ладзім мерапрыемствы да самых розных свят. Калі для рэалізацыі творчых задум не хапае дзяцей, і самі выходзім на сцэну. Па магчымасці ўдзельнічаем у раённых мерапрыемствах.

Да нядаўняга часу ў Палескай БШ настаўнічаў і сын Наталлі Пятроўны і  Вячаслава Казіміравіча Ігар. Агульны педагагічны стаж сям’і ў гэтай установе складае 43 гады.

Прысутнічалі на мерапрыемстве і тыя, хто адпрацаваў у школе ўсе 25 гадоў яе існавання. Гэта Г. І. Блізнюк, Т. У. Барташкене, А. Р. Заляціла, Н. П. Лоўкіс. Не забылі і пра тых, каго ўжо няма ў жывых, — у іх гонар былі запалены свечкі памяці.

Аднак сумны настрой хутка змяніўся на вясёлы. У зале гучалі песні ў выкананні Ірыны Лешчык, Ірыны Януш, Святланы Бондар, Ігара Рамбальскага. Свае вакальныя здольнасці праявілі і госці — экспромтам яны выканалі некалькі нумароў. А напрыканцы свята была разыграна гумарыстычная сцэнка — ролі ў ёй нечакана для сябе атрымалі прысутныя педагогі.

Пасля завяршэння праграмы госці ахвотна дзяліліся ўражаннямі ад убачанага.

— Свята атрымалася вельмі шчырым, — сказала Таццяна Арсеньеўна Шыла. — Было прыемна бачыць у нашай школе столькі знаёмых твараў, за што вялікае дзякуй усім, хто гэта арганізаваў. Я працую ў педагогіцы больш за 40 гадоў. Вучылася ў Вільнюсе, пэўны час працавала ў Літве, але з задавальненнем вярнулася на сваю малую радзіму. Выкладала нямецкую і рускую мовы ў Апідамах, Паташні і з першага дня адкрыцця — у Палескай школе. Мне тут вельмі камфортна. Хочацца прыходзіць і ў калектыў, і ў класы. На свой узрост сябе зусім не адчуваю. Залог маладосці бачу ў тым, што пастаянна знаходжуся разам з дзецьмі.

У педагогаў было яшчэ нямала часу, каб у нязмушанай, сяброўскай  атмасферы вярнуцца ў мінулае школы, у тым ліку і ўспомніць яе былых вучняў. Большасць з іх раз’ехаліся па самых розных рэгіёнах Беларусі і нават замежжа. На жаль,  у Палескай школе не склалася традыцыя праводзіць вечары сустрэч з выпускнікамі — у зусім нямногіх атрымліваецца даехаць у родную вёску. Аднак сёлета ў лютым яго вырашана арганізаваць. Гэта стане яшчэ адным падарункам школе да юбілейнага дня нараджэння.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.