Хроніка здарэнняў


Укралі з поля цялушку

 У адну з кастрычніцкіх начэй з сельскагаспадарчага поля паблізу вёскі Гвоздаві­чы прапала цялушка ААТ “Камайскі-агра” коштам каля 7 мільёнаў рублёў. Быў устаноўлены факт яе крадзяжу і ўзбуджана крымінальная справа. У здзяйсненні злачынства абгрунтавана падазраюцца двое жывёлаводаў гаспадаркі (адзін з іх пражывае ў Камаях, другі — у Рубяжы), якія раней былі асуджаны. Яны затрыманы.

 

“Сплылі” грошы

 16 кастрычніка жыхар вуліцы Зарэчнай у Паставах прыйшоў пасля работы паплаваць у басейне ФАКа па вуліцы Станкевіча. Рэчы, а разам з імі 400 тысяч рублёў, якія знаходзіліся ў кішэні штаноў, мужчына пакінуў у раздзявалцы. І пакуль быў у басейне, грошы кудысьці “сплылі”. Аказалася, іх украў 18-гадовы навучэнец прафтэхкаледжа, які пражывае ў 5 гарадку. У адносінах да маладога чалавека ўзбуджана крымінальная справа, частка сумы канфіскавана.

 

За пагрозу забойствам

 19 кастрычніка з просьбай прыцягнуць да адказнасці сужыцеля ў РАУС звярнулася жыхарка вуліцы Кастрычніцкай у Паставах. Па словах жанчыны, у гэты дзень яны пасварыліся, і сужыцель, які знаходзіўся ў нецвярозым стане, пачаў пагражаць забойствам, дэманструючы нож. 8 кастрычніка аналагічная заява паступіла ад пенсіянеркі з вуліцы Станкевіча. Апошняя скардзілася на сужыцеля дачкі, які падчас сваркі хапаў яе рукамі за шыю і таксама пагражаў забіць. Па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы.

 

Амаль на 6 мільёнаў

 На такую суму разжыўся ў райцэнтры 51-гадовы раней судзімы жыхар Браслава. У ноч на 23 кастрычніка, разбіўшы шкло ў дзвярах, ён пранік у недабудаваны дом па вуліцы Варашылава, адкуль украў шрубакрут, дзве вуглавыя шліфмашынкі, электрадрыль, ручную цыркулярную пілу і перфаратар. Злодзей затрыманы, яго чакае суд.

 

Прывёз з Мінска наркотык

 Абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў пагражае 22-гадоваму жыхару вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры. Падчас правядзення праверкі супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што малады чалавек набыў у Мінску асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва расліннага паходжання, якое перавёз у Паставы і незаконна без мэты збыту захоўваў. Наркотык знайшлі і канфіскавалі, а яго гаспадару прад’явілі афіцыйнае абвінавачванне.

 

Пайшла ў грыбы і не вярнулася

 24 кастрычніка каля 13 гадзін 87-гадовая лынтупчанка, якая пражывала адна па вуліцы Лясной, адправілася ў лес у грыбы. Калі пад вечар наступнага дня бабуля так і не выйшла на сувязь з роднымі па тэлефоне, тыя забілі трывогу. Супрацоў­нікамі РАУС сумесна з работнікамі РАНС і ваеннаслужачымі пагранзаставы “Лынтупы” былі арганізаваны пошукі пенсіянеркі. Знайшлі яе 29 кастрычніка паблізу вёскі Ігнацішкі, на жаль, ужо мёртвую. Па папярэднім заключэнні эксперта, смерць наступіла ад пераахаладжэння.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.