Хроніка здарэнняў


З хуліганскіх намераў

У кастрычніку на стаянцы ля аднаго з дамоў па вуліцы Касманаўтаў у Паставах нехта наўмысна, з хуліганскіх намераў, пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё пяці аўтамабіляў, прычыніўшы іх гаспадарам урон на суму больш за 11 мільёнаў рублёў. Устанавіць асобу, што зрабіла гэта, міліцыянеры пакуль не змаглі. А вось шукаць хулігана, які ў пачатку лістапада, знаходзячыся ў нецвярозым стане ў гандлёвым павільёне “Арбузик” па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры, кідаўся з кулакамі на прадаўца, не прыйшлося. Пацярпелая заявіла, што гэта быў 50-гадовы жыхар суседняга з “Арбузиком” дома, які працуе ў Расіі. Па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы.

Без асаблівых перашкод

У перыяд з 23 кастрычніка па 7 лістапада ў вёсцы Круткі ў дом пенсіянеркі (яна цяпер пражывае ў Мінску) наведаўся злодзей, які ўкраў прадукты харчавання, ручную аўтамабільную помпу і 7 кілаграмаў цвікоў. З 2 па 7 лістапада нехта пабываў у гаражы жыхара вуліцы Кастрычніцкай у Паставах і забраў бензатрымер, металічную ка­ністру з 20 літрамі бензіну маркі АІ-92 і пластмасавую каністру з 800 грамамі тэхнічнага масла. Пранікнуць у пабудову аказалася няцяжка — трэба было толькі павярнуць цвік, на які зачыняліся вароты гаража.

Пусцілі ў хату зладзеек

12 лістапада з дома адной з жыхарак вёскі Каралінова прапалі 3 мільёны 400 тысяч рублёў. Грошы знаходзіліся ў шафе для адзення ў жылым пакоі, а ўкрала іх невядомая гаспадыні жанчына, якую тая пусціла ў хату. 16 лістапада 2 мільёнаў 600 тысяч рублёў пазбавілася пенсіянерка з вёскі Курсевічы, якая таксама адчыніла дзверы незнаёмай жанчыне. Адцягваючы ўвагу 88-гадовай бабулі продажам пасцельнай бялізны, гандлярка цішком выцягнула з тумбачкі ў спальні зберажэнні старой.

Кінулася ў калодзеж

Так развіталася з жыццём 48-гадовая жыхарка вёскі Шчоткі Казлоўшчынскага сельсавета. Гэта адбылося познім вечарам 14 лістапада ў двары дома жанчыны. Што падштурхнула яе на самагубства, пакуль дакладна невядома. Ёсць інфармацыя, што нагодай для страшнага кроку стала сварка з мужам. Устанаўленнем прычын і абставін смерці зараз займаецца раённы аддзел Следчага камітэта.

Смерць на дарозе

19 лістапада ў 8.30 на другім кіламетры аб’язной аўтадарогі за мікрараёнам будаўнікоў у Паставах адбылося дарожна-транспартнае здарэнне са смяротным зыходам. 70-гадовы жыхар райцэнтра, знаходзячыся за рулём “Лянчы-Капа”, на невялікім закругленні дарогі ўлева не спра­віўся з кіраваннем аўтамабілем, машына з’ехала ў кювет і перакулілася. Хоць вадзіцель быў прышпілены рэменем бяспекі, той не выратаваў яму жыцця. Удар прыйшоўся на галаву. У выніку атрыманай чэрапна-мазгавой траўмы мужчына памёр на месцы. Трое пасажыраў, якія знаходзіліся разам з ім у машыне, не пацярпелі.

Па зводках РАУС падрыхтавала

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.