Хто будуе, той жыве

Сельское хозяйство

Брыгадзір Мікалай Мікалаевіч Цітовіч (у цэнтры) з лепшымі будаўнікамі свайго калектыву Мікалаем Камсюком, Паўлам Каралём, Яраславам Мініковічам і Андрэем Ананічам.

З дырэктарам ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрыем Францішкавічам Шымчыкам  сустрэліся за   два тыдні перад святам. Набліжаўся час здачы ў эксплуатацыю другой чаргі робатызаванай малочнатаварнай фермы ў Коўзанах на 420 галоў. Аднак клопатаў яшчэ хапала і будаўнікам, і наладчыкам, і самім гаспадарам.

— У нас практычна не існуе праблем з запаўненнем памяшкання жывёлай, — адзначыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства. — А вось для таго, каб стварыць на ферме пастаянны, стабільны калектыў, пакуль не хапае вопытнага ветурача, аператараў робатызаванага даення і проста жывёлаводаў. Былі б вельмі рады сямейным парам. Зарплату гарантуем высокую. Праўда, на першым часе давядзецца пажыць у інтэрнаце гасцінічнага тыпу, але нядоўга.

У Коўзанах АБП “Рассвет Пастаўскі”  вядзе будаўніцтва двух 4-кватэрных жылых дамоў і абяцае здаць іх у эксплуатацыю ў снежні бягучага года. У кватэрах індывідуальнае газавае ацяпленне, падведзены інжынерныя сеткі. Наваселлі ў першую чаргу справяць тыя, хто прыйдзе працаваць у жывёлагадоўлю.  На будоўлю ўжо зрасходавана амаль 2 мільярды 480 мільёнаў рублёў крэдытаў банка.

У гэтым населеным пункце цалкам заселены яшчэ адзін цагляны двухпавярховы  жылы дом на чатыры кватэры. Дзве з іх пуставалі, былі ў запушчаным стане. Іх адрамантавалі, здалі пад ключ, і цяпер там жывуць людзі. Магчымасць атрымаць жыллё ў Коўзанах бу­дзе і ў далейшым. Заключаны дагавор на абследаванне яшчэ двух 4-кватэрных дамоў. Пасля ацэнкі экспертаў іх будаўніцтва прадоўжыцца. На падрыхтоўку тэхнічнай дакументацыі будуць выкарыстаны ўласныя сродкі.

Такім шляхам былі адноўлены і тры дамы ў аграгарадку Навасёлкі  агульнай плошчай 534,5 квадратнага метра, узвядзенне якіх у свой час таксама было  прыпынена з-за недахопу фінансаў. Кватэры з “блакітным палівам” у іх атрымалі механізатары Сяргей Качан і Сяргей Вараб’ёў, галоўны інжынер Яўгеній Вішнеўскі, інжынер па ахове працы Андрэй Бугай, мнагадзетная сям’я механізатара Андрэя Жалейкі. У Навасёлках на месцы знесенага дома за сродкі сельгаспрадпрыемства  з нуля  ўзводзіцца катэдж сядзібнага тыпу. Другое жыццё атрымалі і некаторыя звычайныя вясковыя дамы.  Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, у гаспадарцы  будуюць не толькі жыллё. Вялікай па­дзеяй у цэлым для аграпрамысловага комплексу раёна (пра што гаварылася вышэй)  стане пуск другой чаргі сучаснай малочнатаварнай фермы. У 1 мільярд 58 мільёнаў рублёў абышоўся бягучы рамонт бульбасховішча. Для гаспадаркі гэты аб’ект вельмі важны. Пасля замены даху, нарошчвання сцен тут цяпер створаны добрыя ўмовы для  захоўвання бульбы і іншай агародніны. Больш за 2 мільярды рублёў уласных сродкаў затрачана на рамонт канюшні і цялятніка. А які прыгожы, сучасны выгляд набылі кабінеты і іншыя пакоі ў адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства!

Ю. Ф. Шымчык перакананы: як бы ні было цяжка, без жыллёвага і вытворчага будаўніцтва няма ніякай перспектывы. Таму ў гаспадарцы ёсць пасада прараба, якую займае Аляксандр Браніслававіч Касцюк, каля 20 пастаянных будаўнікоў і тых, хто працуе па дагаворы. Работу яны маюць амаль круглы год і, галоўнае,  даражаць ёй. Умее цаніць сапраўдных майстроў і кіраўніцтва. А калі ёсць узаемаразуменне, то і справы ладзяцца.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.