Юныя, а такія таленавітыя, знаходлівыя

Культура

Сярод культурных мерапрыемстваў, што адбыліся ў лістападзе ў РДК, найбольш яркай і запамінальнай атрымалася забаўляльная праграма “Шоу першакласнікаў”. У ёй удзельнічалі Эвеліна Ожаль (СШ №1), Надзя Курыловіч (СШ №2), Паліна Пчалінцава (СШ №3), Цімур Сіланаў (СШ №4) і Каця Хвіцько (СШ №5). Прайсці праз усе конкурсныя выпрабаванні ім дапамагалі групы падтрымкі, аднакласнікі, настаўнікі, бацькі і проста гледачы. Усе былі ў захапленні ад таго, што адбывалася на сцэне. А тут разгортваліся дзеі, гледзячы на якія, прысутныя забывалі, што галоўнымі іх героямі з’яўляюцца зусім юныя ўдзельнікі.

Мінула амаль тры месяцы, як сотні хлопчыкаў і дзяўчынак упершыню пераступілі парог школы. Напера­дзе дзяцей  чакае шмат адкрыццяў, уражанняў, знаходак і перамог. Будуць і цяжкасці, перашкоды. Каб пераадольваць іх, зрабіць запамінальнымі гады вучобы, трэба настойліва авалодваць ведамі, быць актыўнымі ў грамадскім жыцці, пастаянна пашыраць свой кругагляд. Менавіта такое імкненне і паказваюць з першых дзён знаходжання ў школе юныя канкурсанты. Яны не разгубіліся і на вялікай сцэне, выглядалі яркімі, таленавітымі, знаходлівымі.

Пра сябе, сяброў і настаўнікаў першакласнікі расказалі падчас конкурсу “Візітка”. А яшчэ пазнаёмілі з бацькамі, брацікамі і сястрычкамі, якія  прынялі самы актыўны ўдзел у прадстаўленні.  Гледачы даведаліся шмат цікавага пра школьныя справы, захапленні, творчыя здольнасці канкурсантаў. Аказалася, што, нягледзячы на свой юны  ўзрост, непрацяглы час вучобы ў школе, яны ўжо шмат ведаюць і ўмеюць, у прыватнасці спяваць і танцаваць. Найбольш яскрава свае таленты пачаткоўцы раскрылі падчас конкурсу пад назвай “Мінута славы”.

Надзя Курыловіч усяго два месяцы займаецца ў танцавальным калектыве “Непаседы” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. На шоу выступленне ў яго скла­дзе для дзяўчынкі было ўпершыню і, трэба сказаць, атрымалася ўдалым. Гледачы вельмі прыхільна сустрэлі Надзею і ўсіх выканаўцаў  танца “Кветкі палявыя”.

Апладысментамі прысутныя ў зале віталі Цімура Сіланава і яго бацьку Дзяніса Уладзіміравіча. Сямейны дуэт выканаў песню “Бьётся в тесной печурке огонь” і прысвяціў яе 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Удзельніцы праграмы Паліна Пчалінцава і Эвеліна Ожаль, акрамя  агульнаадукацыйнай,  вучацца яшчэ ў першым класе дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза па класе харэаграфіі. Яны з захапленнем глядзяць кожнае выступленне ансамбля барабаншчыц. А дзякуючы шоу, самі прынялі ўдзел у адным з яго нумароў. Трэба было бачыць, якой радасцю свяціліся твары юных выканаўцаў!

Гледачы цёпла віталі і Кацю Хвіцько, якая выканала “Песню пра тату і дачку” і прама на сцэне атрымала ад яго ў падарунак ляльку.

А самым незвычайным і нечаканым атрымаўся заключны конкурс пад назвай “Зорны вобраз”. Падчас яго першакласнікі пераўвасобіліся ў вядомых выканаўцаў з Расіі і іншых краін свету. Пастаўскім гледачам пашчасціла ўбачыць і пачуць Мэры Попінс (Паліна Пчалінцава), Алу Пугачову (Надзя Курыловіч), ансамбль “Рок’ю” (саліст — Цімур Сіланаў), Наташу Каралёву (Эвеліна Ожаль), Шакіру (Каця Хвіцько).

Падводзячы вынікі забаўляльнай шоу-праграмы, дырэктар раённага Дома культуры  Ала Чарнюк адзначыла, што на гэты раз выступленні ўдзельнікаў не ацэньвала спецыяльнае журы. І такое рашэнне было правільным, бо ўсе першакласнікі-канкурсанты  паказалі сябе творчымі, здольнымі, кемлівымі, заслугоўваюць самых высокіх адзнак. Пра ўдзел у гэтым захапляльным мерапрыемстве ім будуць нагадваць уручаныя арганізатарамі дыпломы, мяккія цацкі і салодкія прызы. Свае адносіны да кожнага з удзельнікаў выказалі прысутныя ў зале. Падчас галасавання гледачы аддалі перавагу Цімуру Сіланаву.

— Усе ўдзельнікі шоу — надзвычай артыстычныя і працавітыя дзеці, валодаюць якасцямі лідараў, — адзначыла рэжысёр і вядучая забаўляльнай праграмы Таццяна Кухальская. —  Шчырыя словы падзякі заслугоўваюць іх бацькі, настаўнікі, аднакласнікі і ўвогуле ўсе, хто прыходзіў на рэпетыцыі, прымаў удзел у гэтым мерапрыемстве. Яно адбылося і дзякуючы спонсарам: раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, уладальнікам магазінаў “Белоснежка”, “Детский стиль”, “У Маруси”, “Ладушки”, “Купалинка” і гандлёвага павільёна “Солнышко”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.