З “Дажынак” — на новым трактары

Сельское хозяйство

На абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла       Віцебшчыны “Дажынкі-2015”  адно з цэнтральных месцаў займала выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі. На ёй былі прадстаўлены ўзоры старых трактароў і больш за два дзясяткі сучасных машын айчыннай вытворчасці. З тэхнікай сённяшняга дня,  якая працуе на палях Прыдзвінскага краю, азнаёміліся старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка, старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў, іншыя афіцыйныя асобы і госці.  Яны гутарылі і з гаспадарамі гэтых машын. Сярод іх быў механізатар адкрытага акцыянернага таварыства “Кураполле-агра” Павел Геронцьевіч  Болт.

— Наша гаспадарка аказалася ў ліку сельгаспрадпрыемстваў, якім вы­дзелілі новыя МТЗ-3522, — расказваў ён пазней. — Трактар шматфункцыянальны, можа выкарыстоў­вацца для апрацоўкі глебы, культывацыі, ворыва, уборкі ўраджаю, выконваць іншыя работы. Асабліва важна тое, што дзякуючы яго энерганасычанасці зможам намнога эфектыўней выкарыстоў­ваць пасяўны шыроказахопны агрэгат “Амазоне”, прымяняць іншыя прычапныя і навясныя ўстройствы.

Тое, што менавіта П. Г. Болт аказаўся ў Талачыне і прыгнаў з абласных “Дажынак” трактар, выдзелены ААТ “Кураполле-агра”, і будзе на ім працаваць, невыпадкова. Ён вопытны, старанны механізатар, дасканала валодае тэхнікай, можа выканаць практычна любую работу. У “Курапольскім” механізатары забяспечаны ёй круглы год, маюць добрую заработную плату. Па гэтай прычыне Павел Геронцьевіч і перайшоў сюды з Андрон, бо на ранейшым месцы такога не было, а працаваць даводзілася не менш.  На андронаўскай зямлі яго можна бачыць і цяпер. Восенню сеяў азімыя, у гэтыя дні разам з Юрыем Усовічам вядзе зяблевае ворыва. Такім чынам “курапольцы” дапамагаюць суседзям.

— З павагай стаўлюся да ўсіх механізатараў гаспадаркі, якія ўмеюць і могуць своечасова і якасна пасеяць, нарыхтаваць кармы, убраць ураджай,  — адзначыў былы дырэктар ААТ “Кураполле-агра”, а цяпер першы  намеснік  старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу С. В. Чэпік. — І ўсё ж Павел Болт, які прайшоў праз Афганістан, вызначаецца асаблівай сабранасцю, сваімі падыходамі да ўсяго, за што бярэцца. Словам, ён надзейны чалавек.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.