З мэтай паляпшэння абстаноўкі


Як ужо паведамлялася на стронках райгазеты, у перыяд з 15 кастрычніка па 10 лістапада на тэрыторыі Пастаўскага раёна (і па ўсёй рэспубліцы таксама) супрацоўнікамі органаў унутраных спраў праводзіцца комплекс дадатковых мер, накіраваных на пераадоленне негатыўных тэндэнцый у аператыўнай абстаноўцы. Як сведчаць вынікі дзейнасці тэрытарыяльных органаў унутраных спраў краіны за 8 месяцаў, у параў­нанні з аналагічным перыядам мінулага года яна пагоршылася па ўсіх напрамках — пачынаючы са злачынстваў супраць асобы і заканчваючы злачынствамі супраць уласнасці. У сувязі з гэтым мэтамі названага вышэй комплексу мер былі абазначаны работа з грама­дзянамі, якія праяўляюць насілле ў сям’і, недапушчэнне ўцягнення падлеткаў у злачынную дзейнасць, у тым ліку звязаную з незаконным абаротам наркотыкаў, узмацненне аховы пажылых лю­дзей ад злачынных замахаў, зніжэнне колькасці злачынстваў у сельскай мясцовасці, а таксама давядзенне да розных слаёў насельніцтва прафілактычнай інфармацыі.

На Пастаўшчыне адным з самых распаўсюджаных відаў злачынстваў з’яўляюцца крадзяжы, прафілактыцы якіх была ўдзелена асаблівая ўвага. Супрацоўнікамі РАУС сумесна з прадстаўнікамі мясцовай і раённай улады, УП ЖКГ, РАНС і ТЦСАН праведзены шэраг сустрэч з насельніцтвам у горадзе і ва ўсіх сельскіх Саветах раёна. У ліку іншых разгледжаных пытанняў гараджанам і вяскоўцам растлумачана магчымасць устаноўкі ў дамах і кватэрах ахоўнай сігналізацыі, а таксама сістэмы відэаназірання ў дварах.

Гэтыя ж пытанні ўзнімаліся на сустрэчы са старшынямі гаражна-будаўнічых кааператываў Пастаў, якая прайшла ў кастрычніку ў аддзяленні Дэпартамента аховы. На ёй гаварылася пра тое, што частым крадзяжам з гаражоў садзейнічаюць адсутнасць на тэрыторыях ГБК асвятлення і аховы. Іх трэба зрабіць. Таксама выказана прапанова  абсталяваць у кожным кааператыве адзін уезд-выезд і ўстанавіць на ім відэаназіранне.

Яшчэ адна сустрэча — са старшынямі садаводчых таварыстваў — адбылася ў РАУС. Акрамя асвятлення і магчымасці ўстаноўкі на дачных участках відэаназірання і сігналізацыі (чым, дарэчы, зацікавіліся некаторыя прысутныя), у кожным таварыстве прапанавана ўстанавіць спецыяльны інфармацыйны стэнд, на якім нагадаць уласнікам аб неабходнасці на­дзейна зачыняць свае дамы, а таксама змясціць нумары тэлефонаў РАУС і Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы, па якіх можна звярнуцца ў выпадку кра­дзяжу. Разглядалася і пытанне стварэння добраахвотных дружын з ліку членаў таварыства, а таксама магчымасць забеспячэння захаванасці маёмасці асобамі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі садаводчых таварыстваў (каб яны звярталі ўвагу на тое, хто і калі прыехаў туды, дзе нешта адчынена або адарвана і г.д.).

Наколькі карыснымі былі названыя сустрэчы, пакажуць час і аператыўныя зводкі РАУС.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.