Засталося папялішча


9 лістапада каля дзвюх гадзін ночы ў цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў вёсцы Мягуны Камайскага сельсавета. На месца выкліку былі накіраваны падраздзяленні Пастаўскага і Мядзельскага РАНС, брыгада хуткай медыцынскай дапамогі і супрацоўнікі РАУС. Калі яны прыбылі ў вёску, дом гарэў ужо адкрытым агнём, у ім абваліўся дах.

Крыху больш за гадзіну спатрэбілася ратаўнікам, каб ліквідаваць пажар. А вось адшукаць гаспадара так і не змаглі. Ён аб’явіўся на папялішчы (ад будынка засталіся абгарэлыя сцены) толькі раніцай. У доме 45-гадовы мужчына пражываў адзін. Нідзе не працаваў, любіў выпіць. У нецвярозым стане нярэдка курыў у ложку. Па гэтай прычыне не раз адбываліся ўзгаранні, з якімі спраўляўся самастойна. Вечарам 9 лістапада таксама бавіў час з бутэлькай і цыгарэтамі. Заснуў. А прачнуўшыся, убачыў: гараць шпалеры на сценах. Кінуўся да суседзяў, якім расказаў пра пажар (тыя патэлефанавалі ў РАНС), а сам са страху схаваўся далей ад людскіх вачэй.

Цяпер мужчыну трэба думаць, дзе ён будзе жыць далей, а экспертам — даць адказ на пытанне, што канкрэтна прывяло да пажару.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.