Жніво — заўжды адрэналін

Сельское хозяйство

Камбайнер Валерый Ярашэвіч і яго памочнік Антон Міхалевіч.

Такая выснова не мая, а Валерыя Ярашэвіча — механізатара ААТ “Хацілы-агра”, які сёлетняй уборкай пабіў у раёне ўсе рэкорды, намалаціўшы 2014 тон зерня.

Спаборніцтва ішло напружанае. Канкурэнтаў з іншых сельгаспрадпрыемстваў малады камбайнер (Валерыю — 29) баяўся менш за ўсё, бо ні адно з іх не магло параўняцца па ўраджайнасці з «Хаціламі». А вось унутры гаспадаркі камбайнеры, вобразна кажучы, наступалі адзін другому на пяткі. Кульмінацыйным момантам кожнага ўборачнага дня станавілася раздача ў полі за абедам бюлетэняў выпрацоўкі. З найменшым адрывам ад Валерыя ішоў Мікалай Чашун. Але Ярашэвіч як заняў першы радок у раённым спаборніцтве, так і не саступіў яго нікому. Па канчатковых выніках жніва 8 хацілаўскіх экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон — ад 1124 да 1660 тон кожны, В. Ярашэвіч — 2014 тон. Гэта намнога больш, чым увесь валавы намалот у кожнай з такіх гаспадарак, як “Андроны”, “Блакітныя азёры”, “Вярэнькі-агра”. Вось і параўноўвайце ўзровень гаспадарлівасці.

Пра сваю абсалютную перамогу Валерый даведаўся… ад жонкі. Насця атрымала “Пастаўскі край”, а там — канчатковыя вынікі ўборкі зерневых і зернебабовых, і імя Валерыя — першым сярод лідараў жніва. “Ура! Ты перамог!” — лікавала, патэлефанаваўшы мужу ў поле на мабільнік. І яго сэрца ахапіла радасць ад такой навіны.

— Быў азарт старацца, — расказваў камбайнер, — бо сёлета ў нас вырас небывалы ўраджай. Ужо трэці сезон у мяне памочнікам зводны брат Антон Міхалевіч. Летась мы перамаглі ў раённым спаборніцтве сярод маладых камбайнераў, сёлета ўсяго за дзесяць дзён першымі ў раёне намалацілі тысячу тон. Было вельмі прыемна, калі павіншаваць нас прыехаў у поле старшыня райвыканкама В. С. Гутараў. А ў падарунак як першы тысячнік на Пастаўшчыне я атрымаў халадзільнік.

Са жнівом у ААТ “Хацілы-агра” справіліся за тры тыдні. «Спрыяла надвор’е, толькі адзін дождж за ўсю ўборачную, — узгадвае Валерый. — І мы стараліся: у сем раніцы ўжо былі ў майстэрні, у дзевяць пачыналі жніво. І да адзінаццаці вечара, пакуль не выпадала раса. Канешне, стамляліся. Але і задавальненне было».

— Напэўна, і сям’ю тым часам не бачылі? — пытаюся.

— І Насця, і дзеці кожны вечар мяне чакалі. А якая радасць, калі вяртаешся стомлены з поля, а табе насустрач ідзе жонка з дачушкай на руках, — адказвае Валерый.

У маладой сям’і два хлопчыкі і дзяўчынка. “Я так марыў пра дачушку! — прызнаецца тата. — Не перадаць словамі тую эйфарыю, у якой забіраў Евачку з раддома. Сёлетняя перамога на жніве саступае па эмоцыях той падзеі”.

Не зраблю адкрыцця, але ўзгадаю аксі­ёму: добра працуецца таму, у каго надзейныя тылы. Гэта  якраз пра Валерыя і Насцю. А хто ў Хацілах, ды і ў раёне, не ведае яго старэйшага брата Міхаіла? У папярэднія гады ён таксама быў сярод лепшых у раёне на адвозцы збожжа, чатыры разы ўдзельнічаў у рэспубліканскіх “Дажынках”. Сёлета быў заняты на зерняскладзе. На добрым рахунку іх сястра Наталля, якая працуе ў жывёлагадоўлі. Род сапраўдных гаспадароў. Шкада, што дачасна пайшлі з жыцця бацькі — ім бы радавацца ды радавацца за сваіх дзяцей.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.