Жыццё пражылі для нашчадкаў


З кожным годам і нават месяцам становіцца ўсё менш і менш удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сёння я хачу ўспомніць тых сяброў нашага школьнага музея баявой і працоўнай славы, якія разам з 70-годдзем Вялікай Перамогі  маглі б адзначыць свае юбілейныя даты нараджэння, але…

Іван Барысавіч Глазко (нарадзіўся 6 жніўня 1920 года). У 20-гадовым узросце прызваны на вайсковую службу. Вялікую Айчынную сустрэў на ваенным караблі ў Кранштаце. Абараняў Ленінград. Быў цяжка паранены і кантужаны. Прыняўшы за памерлага, яго аднеслі ў морг. На той час ён, знясілены, як і многія блакаднікі, важыў усяго 40 кілаграмаў. На шчасце, медсястра заўважыла ў чырванафлотца слабы пульс. Яго выхадзілі, вярнулі да жыцця. Пасля Ленінграда служыў у войсках сувязі. Перамогу сустрэў у Берліне. Быў ветэранам працы.

Васіль Паўлавіч Бялоў (нарадзіўся 13 лютага 1925 года). Артылерыст. На вайсковую службу прызваны ў Падмаскоўі. Потым былі Ленінград, 291-ы асобны артылерыйскі батальён. Васіль Паўлавіч камандаваў узводам 82-міліметровых мінамётаў. Далей — Паўночнае ўзбярэжжа азёраў Чудскае і Пскоўскае, г. Тарту. Ленінградскі фронт перайменавалі ў Прыбалтыйскі. У яго складзе Васіль Паўлавіч удзельнічаў у вызваленні гарадоў Талін, Пярну, Кёнігсберг і многіх іншых. Пасля вайны працяглы час працаваў у Пастаўскім райваенкамаце.

Мікалай Іванавіч Скрыпчанка (нарадзіўся 15 жніўня 1925 года), украінец. Служыў у пяхоце, у кулямётнай роце. У складзе 1-га Украінскага фронту вызваляў Польшчу, Румынію, Чэхаславакію, Аўстрыю. Перамогу сустрэў на мяжы Германіі і Чэхаславакіі. Быў ветэранам працы.

Іван Васільевіч Гецьман (нарадзіўся 15 верасня 1925 года), украінец. Баявое хрышчэнне прыняў у Сталінградскай бітве, удзельнічаў у вызваленні роднай Украіны. Служыў у 480-ым стралковым палку 152-ой стралковай дывізіі. Меў цяжкія раненні, доўга лячыўся ў шпіталі. Пасля лячэння трапіў у склад 83-яй марской брыгады Асобнай Прыморскай Арміі. Удзельнічаў у высадцы дэсанта пры фарсіраванні Керчанскага праліву. Закончыў ваеннае вучылішча, жыццё звязаў з арміяй. Праз 40 гадоў пасля завяршэння вайны салдата знайшоў ордэн Славы.

На вялікі жаль, паважаныя ветэраны не сустрэлі 70-годдзе Вялікай Перамогі і свае юбілеі, усе пайшлі з жыцця значна раней.

Ніна Барысаўна Сіланава калісьці расказвала, што даныя пра дату яе нараджэння (1927 год) згубіліся. Калі пачалася вайна, яе дату нараджэння запісалі 18 ліпеня 1925 года і адправілі на фронт. Усю вайну прайшла зе­нітчыцай. Прызнавалася, што юным дзяўчатам вельмі цяжка было падносіць снарады. Дзень Перамогі адзначыла. Мы рыхтаваліся да юбілею  (па дакументах) Ніны Барысаўны, але хвароба аказалася мацнейшай за ўсіх. Менш чым за тыдзень да дня нараджэння Ніна Барысаўна Сіланава развіталася з зямным жыццём.

Усе ветэраны вайны, юбіляры гэтага года, былі пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў у нашым музеі, вялі вялікую выхаваўчую работу з моладдзю. Шкада, што іх няма сярод нас, нельга павіншаваць асабіста, выказаць шчырую павагу. Але ў школьным музеі мы годна шануем іх памяць, захоўваем успаміны, аповеды пра слаўнае жыццё гэтых людзей для нашчадкаў.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея

 баявой і працоўнай славы СШ №2.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.