2015-ты запомніўся найбольш


Карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч пацікавілася ў гараджан, які Новы год ім найбольш запомніўся.

Алена СІВІЦКАЯ: “1987-ы. У нашай сям’і падрастала дачушка, а я была цяжарная другім дзіцем. Новы год хацелася сустракаць дома. Але 29 снежня трапіла ў радзільнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. У той час не было ультрагукавога даследавання, таму хто з’явіцца на свет, было загадкай. Канешне ж, марылі пра хлопчыка. І ён нарадзіўся 30 снежня. Новы год да мяне і Рыты Пазняк, якая на дзень пазней стала мамай дзяўчынкі Юлі, прыйшоў у палату. Без шампанскага і мандарынаў, але з вялікім шчасцем”.

Ніна КІРПЛЮК: “1985-ы. Напярэдадні нам уручылі ключы ад кааператыўнай кватэры. Гэта цяпер гаспадары новабудоўлю яшчэ доўга даводзяць да ладу на свой густ, а мы радаваліся таму, што атрымалі: свежыя шпалеры, падлога з ДВП, звычайныя дзверы, з драўлянымі рамамі вокны… і шмат недаробак. Не былі падключаныя свет і газ. Але вырашылі перасяляцца, бо надакучыла жыць на здымнай кватэры. Ад бацькоў з вёскі прывезлі маленькую пліту і газавы балон, на ёй і гатавалі стравы на святочны стол. Паставілі ёлку, запалілі свечкі, прыйшлі суседзі — весела было! Цяпер нярэдка чую скаргі, маўляў, малыя зарплаты, цяжка жыць… Але паназірайце, колькі і чаго людзі накупліваюць перад святамі! Для мяне ж галоўнае, каб сабралася кампанія шчырых людзей”.

Віктар ШУРПІК: “1976-ы. Сустракаць Новы год запрасіла да сябе стрыечная сястра. Я толькі вярнуўся з тэрміновай службы ў арміі. Хацелася новых эмоцый. У кампаніі мне прыглянулася сімпатычная і вельмі сціплая дзяўчына. Запрасіў яе на танец, пазнаёміліся. А ў красавіку згулялі вяселле. І вось мы ўжо на парозе рубінавага. Удзячны лёсу за Людмілу. Мы выхавалі сына і дачку, маем пецярых унукаў”.

Аляксандр ДУБОВІК: “1996-ы. Мне было 7 гадоў, а я ўсё верыў у сапраўднага Дзеда Мароза. Да нас з сястрой ён прыходзіў кожны год, прыносіў падарункі, цукеркі. Чакалі яго і на гэты раз. У нас сабраліся госці, весяліліся. І тут — стук у дзверы. Адчыніў тата. Дзед Мароз, пераступіўшы парог, стаў з намі спяваць песні, мы расказвалі яму вершы. І раптам я ўбачыў рукаво знаёмай кофты. Такая была ў мамы. Прыгледзеўся ўважлівей — і пазнаў маму. Расплакаўся, пабег у іншы пакой. Расчараванню не было межаў. З таго часу я перастаў чакаць навагодніх цудаў”.

Наталля ЯКІМОВІЧ: “2000-ы. Тады так шмат гаварылі пра канец свету. Я, сямігадовая, дакладна не разумела, што гэта такое, і таму з нецярпеннем чакала. Звычайна бацькі ішлі сустракаць Новы год да знаёмых, а мяне пакідалі ў бабулі. На гэты раз я ўпрасіла іх быць дома. Мне было дазволена не класціся спаць і разам з усімі садзіцца за святочны стол. Калі гадзіннік прабіў 12, бацькі паднялі бакалы з шампанскім, я хуценька пабегла на балкон і стала чакаць. Неўзабаве пачаліся феерверкі: рознакаляровае неба, радасныя воклічы лю­дзей… Мне “канец свету” спадабаўся”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.