Барацьба была сур’ёзнай

Спорт

На працягу трох месяцаў трымаў у напружанні прыхільнікаў шахмат раённы чэмпіянат-2015. Як у вышэйшай, так і ў першай лігах інтрыга захоўвалася не толькі да апошняга тура, але і да апошніх партый.

У вышэйшай лізе з-за адсутнасці вопытных шахматыстаў А. Салацінскага, С. Колабава, С. Чавусава, Д. Дубовіка асноўная барацьба разгарнулася паміж Д. Стахоўскім (індывідуальны прадпрымальнік) і А. Сямёнавым (ЦБП №230 ААБ “Беларусбанк”). Дарэчы, апошні заваяваў званне чэмпіёна летась. На старце абодва атрымалі па тры перамогі: А. Сямёнаў — з яўнай перавагай, Д. Стахоўскі — валявыя ў канцоўцы партый. Ад яго чакалі першай асечкі і памыліліся. У цэнтр увагі перамясцілася партыя пятага тура, у якой найвопытнейшы Віктар Шастакоў даў сапраўдны бой Аляксандру Сямёнаву. Гуляючы белымі, ён усю гульню правёў у атацы, прымушаючы свайго апанента толькі абараняцца. У выніку — нічыя. А крыху пазней С. Дзяшук (УП ЖКГ) таксама ўнічыю згуляў з Д. Стахоўскім. Так што на фінішы А. Сямёнаў і Д. Стахоўскі набралі  па 8 ачкоў з 9 магчымых і падзялілі першае месца. Падлічылі дадатковыя паказчыкі, і лепшымі яны аказаліся ў Д. Стахоўскага, які і стаў чэмпіёнам раёна.

На маю думку, якой прытрымліваюцца многія, у такой сітуацыі трэба гуляць “залатую” партыю, якая і павінна выявіць пераможцу ў барацьбе, а не па трэцім дадатковым паказчыку. Праўда, у сёлетнім палажэнні спаборніцтваў гэта ўмова не была агаворана. І трэцяга прызёра давялося вызначаць праз падлік каэфіцыентаў, бо А. Та­разевіч (РГЗ) і У. Пляшак (Глыбоцкая міжраённая інспекцыя працы) набралі аднолькавую колькасць балаў. У выніку трэцяе месца заняў У. Пляшак. Пяцёрку наймацнейшых замкнуў аўтар гэтых радкоў, які адстаў ад бронзавага прызёра ўсяго на паўбала.

З вышэйшай лігай развітаюцца Віктар Лекарэвіч (ЗАТ “Спорт-пары”), Сцяпан Дзяшук з УП ЖКГ і Дзмітрый Крупадзёраў (ААТ “Паставымэбля”).

Цікавымі атрымаліся паядынкі і ў першай лізе. Фаварытам лічыўся Авенір Чырванец. У першых пяці турах ён і паказаў стопрацэнтны вынік — пяць балаў з пяці магчымых і супакоіўся. А наша юная зорачка Яна Галатылец (СШ №1) прыклала ўсе сілы, каб дагнаць лідара. І ў яе гэта атрымалася. Перамагла і ў асабістай сустрэчы, стаўшы пераможцай першынства. У наступным сезоне Яна Галатылец будзе гуляць у элітным дывізіёне. Такое ўпершыню, як і яе вынік — 8,5 бала з 10 магчымых. Трэцюю пуцёўку ў вышэйшую лігу пасля працяглага перапынку заваяваў Аляксандр Мурзо (ПМЦ).

Ю. КАТОВІЧ,

удзельнік спаборніцтваў.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.