Будзе новы тэлефонны даведнік


З 2007 года, калі быў выдадзены апошні тэлефонны даведнік абанентаў раёна, колькасць уладальнікаў хатніх тэлефонаў на Пастаўшчыне вырасла прыкладна на 6 тысяч чалавек. За гэты час былі ўведзены ў строй некалькі новых аўтаматычных тэлефонных станцый. Зараз актыўна ідзе мадэрнізацыя тэлефоннай сеткі, у прыватнасці, медныя лініі мяняюцца на оптавалаконныя. А разам з імі мяняюцца і нумары тэлефонаў абанентаў. Усё гэта прывяло да таго, што цяперашні тэлефонны даведнік паступова перастаў адпавядаць рэальнасці і многія пастаўчане сталі звяртацца ў раённы вузел электрасувязі з пытаннем, калі з’явіцца новы. Пацікавілася гэтым у начальніка РВЭС І. В. ТАМАШЭВІЧА і карэспандэнт “Пастаўскага краю”. Вось што расказаў Іосіф Вікенцьевіч:

— На сённяшні дзень у раёне налічваецца больш за 16 тысяч абанентаў тэлефоннай сеткі. На працягу бліжэйшых года-паўтара ўсе тэлефоны ў шматкватэрным жылым сектары будуць пераве­дзены на тэхналогію GPON, якая дазваляе прадастаўляць па адным аптычным валакне паслугі перадачы даных і тэлефаніі з гарантаванай якасцю абслугоўвання. Хоць работы па пракладцы оптавалакна яшчэ не завершаны, мы пачалі падрыхтоўку да стварэння новага тэлефоннага даведніка. Зараз ідзе зверка базы даных тэлефонаў, каб пазбегнуць недакладнасцей і памылак. Праводзіць яе спецыяліст РВЭС. Пасля заканчэння зверкі гэта база будзе перададзена ў адну з мінскіх друкарняў, якая зоймецца выпускам даведніка. Мяркуем, што новы ўбачыць свет у 2016 годзе.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да нашых абанентаў. У выпадку змянення вамі месца жыхарства, куплі-продажу дома, смерці члена сям’і, на якога зарэгістраваны хатні тэлефон, або атрымання спадчыны, калі ласка, зрабіце перайменаванне тэлефона на новага ўладальніка. Для гэтага трэба звярнуцца ў раённы вузел электрасувязі па адрасе: г. Паставы, вул. Камунальная, 4 “А”, і прадставіць копіі наступных дакументаў: пашпарта, дагавора дарэння, пасведчання аб праве на спадчыну, пасведчання аб дзяржрэгістрацыі домаўладання, тэхнічнага пашпарта на дом, пасведчання аб смерці. Усю неабходную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах сэрвіснага цэнтра 20-400 і 20-500.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.