Чарговая святочная ўрачыстасць


Дата нараджэння нашага школьнага музея баявой і працоўнай славы — 4 лістапада 1987 года. Свае дзверы ён расчыніў да 70-годдзя Вялікага Кастрычніка. А ў канцы лістапада 2015-га споўнілася 50 гадоў з таго дня, як школа пераехала ў цяперашні  будынак. Таму мерапрыемства, прысвечанае чарговай гадавіне ўтварэння музея, мы правялі 28 лістапада.

Гасцей сабралася шмат — іх сустракала і праводзіла ў музей вучаніца 7 “А” класа Яна Татарчук. Там чакалі экскурсаводы, камандзіры 6—11-ых класаў, вучні 7 “А” класа (класны кіраўнік — А. А. Дзісько). Яны шчыра віталі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны М. Я. Зубовіча, І. С. Русалоўскага, ветэранаў працы В. Р. Крэскіяна, Я. В. Пушкіну, А. Б. Тэраз, Н. А. Гушчыну, Г. В. Артамонаву, выпускнікоў 2014 года і былых экскурсаводаў А. Заўгароднюю, К. Смірнову, А. Ухіна, былых актывістаў па зборы экспанатаў Д. Стаўнійчука і А. Янковіча. Вельмі прыемна, што Мікалай Яўстаф’­евіч Зубовіч прыйшоў на свята з унукам — Аляксандрам Парангоўскім, вучнем 11 класа СШ №5.

Як кіраўнік музея я зрабіла невялікі экскурс у яго гісторыю, ахарактарызавала асноўныя вехі нашай працы, асабліва да 70-годдзя Вялікай Перамогі, вызначыла задачы на будучае. Потым намеснік старшыні савета музея Аліна Бартось (11 клас) прыняла справаздачы ад класаў па здзейсненых імі па заданнях музея паходах.

Ад 6 “А” Паліна Сауль здала матэрыял пра завочнае падарожжа ў гасцёўню Уладзіміра Дубоўкі ў в.Юнькі; Дзяніс Пятровіч (6 “Б”) — пра наведванне брацкай магілы і царквы ў в. Манькавічы; Маргарыта Ермаловіч (10 клас) — пра паход у Кашыцы да брацкай магілы ахвяр расстрэлу і ў вёску Дзеравянкі; Ігар Левін (11 клас) расказаў пра трагедыю вёсак Альцы і Дунілавічы. Данііл Хаткевіч (7 “А”), Андрэй Павініч (7 “Б”), Кацярына Ляошка (8 “Б”) уручылі музею новыя экспанаты, здабытыя падчас паходаў. Вераніка Мукель (9 “А”) падарыла музею беласнежныя сурвэткі, зробленыя ўмелымі рукамі яе прабабулі Ніны Уладзіміраўны Багданавай, якой, на жаль, ужо няма ў жывых.

Затым была праведзена экскурсія “Пастаўшчына ад 1409 года да сакавіка 1921 года” (экскурсаводы Аляксандра Лысенка, Дар’я Рамановіч, Ганна Трублоўская, Анастасія Хаўлюк (7 “А”) і Леакадзія Цвірко (8 “А”)). Мае працавітыя памочніцы давалі гэту экскурсію ўпершыню, хоць яна ў нас праводзіцца з дня заснавання музея. Але за гэты час многае змянілася.

Глыбей асвятляем дзейнасць А. Тызенгаўза, у тым ліку і звязаную з яго імем балетную школу ў Паставах. У музеі, дзякуючы газеце “Советская Белоруссия», маецца партрэтнае выкананне знешнасці земляка-танцора Ежы Валінскага, у мінулым — прыгоннага селяніна. Мы звязаліся са школьным музеем в. Быцень Івацэ­віцкага раёна Брэсцкай вобласці і з іх раённым музеем. Выявы танцоўшчыцы балета Соф’і Макарскай-Легрэ ў іх не аказалася. Да нашага звароту яны нічога не ведалі пра сваю знакамітую дзякуючы Тызенгаўзу і яго балетнай школе зямлячку.

Больш маем фактаў, якія і прыводзім, пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года. Сусветна вядомы арнітолаг Канстанцін Тызенгаўз удзельнічаў у ёй на баку заваёўнікаў. Распавядаем у тым ліку і пра тое, як у в. Са­вічы французы расклалі вогнішча ў гаросе селяніна Марка Ластоўскага. Калі той жэстамі пачаў праганяць іх, заваёўнікі галавешкамі забілі карміцеля вялікай сям’і. Мы адмятаем легенду пра паходжанне назвы вёскі Парыж, бо маем сведчанні, што Напалеон І Банапарт ехаў па тэрыторыі нашага цяперашняга раёна па тракце Вільня—Полацк у карэце і ўсю дарогу спаў, нідзе не спыняўся. Падчас згаданай экскурсіі гаворым і пра тое, што жыхары в. Барадзіно не прыдумваюць легенд пра тое, што не заваёўнік, а вызваліцель М. І. Кутузаў даў іх вёсцы такую назву. Выкарыстоў­ваем матэрыялы пра падзеі Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне, вітанне жыхарамі раёна Вялікага Кастрычніка, знакамітых землякоў А. У. Станкевіча, А. М. Ціхана. Даём даведку, што афіцэрская кавалерыйская школа ў Паставах была знішчана артабстрэламі ў гады Першай сусветнай вайны, а не Вялікай Айчыннай, як паведамлялася вучнямі адной са школ раёна ў газеце.

Ад імя гасцей выступілі М. Я. Зубовіч, Г. В. Артамонава, Арцём Ухін, Аляксандр Парангоўскі. Яны павіншавалі музей з днём нараджэння, падтрымалі нашу дзейнасць па патрыятычным выхаванні моладзі, асабліва ў наш складаны час, адзначылі, што свята атрымалася добрым і прыгожым.

Я шчыра ўдзячна дырэктару школы І. А. Мадвейку, які на сваёй машыне прывёз, а потым адвёз дадому многіх гасцей нашага свята, настаўнікам Ф. У. і Г. А. Дзевятоўскім, Т. І. Пракаповіч, М. М. Макруш, тэхработнікам, вучням 7 “А” і 11 класаў за падрыхтоўку сувеніраў гасцям, дапаўненняў у экспазіцыю, стварэнне ўтульнасці ў музеі. Дзякую экскурсаводам, усім, хто быў з намі, аказаў арганізацыйную дапамогу.

Экскурсіі ў музеі будуць прадоўжаны. Нашы вучні змогуць бываць на іх кожную суботу. Запрашаем у музей усіх жадаючых.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея

баявой і працоўнай славы СШ №2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.