Цікава, шчыра, весела. Адбылася прэзентацыя кнігі Ігара Пракаповіча

Личности

На мінулым тыдні ў дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі адбылася прэзентацыя жартоўнай кнігі «Булён: вершыкі і гісторыйкі для вясёлых лю­дзей». Яе аўтар — наш таленавіты зямляк Ігар Міхайлавіч Пракаповіч.

Адкрыла імпрэзу бібліятэкар Людміла Сяменас, якая нагадала прысутным асноўныя вехі біяграфіі і дасягненні Ігара Міхайлавіча ў настаўніцкай, краязнаўчай і літаратурнай дзейнасці. І, перш чым перадаць слова аўтару, падзялі­лася ўражаннямі пра кнігу і сваім разуменнем яе назвы.

— Кніга пісалася даволі працяглы час, — прыгадаў гісторыю яе стварэння Ігар Пракаповіч. — Яна складаецца з сямі раздзелаў, у якія ўвайшлі апавяданні, вершы, геаграфічныя лімерыкі, паэмы, казкі, анекдоты. Некаторыя творы ўжо друкаваліся.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Каўчэг». Аздобіла апавяданні ілюстрацыямі былая вучаніца пісьменніка Наталля Гарачая, а «Хірургічную адысею дзядзькі Антона» і «Казку пра ваяўнічага камара» — мясцовы мастак Іосіф Атрахімовіч. Рэдагавала тэкст настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аліна Латыш. Іосіф Канстанцінавіч і Аліна Лявонаўна таксама прысутнічалі на прэзентацыі і расказалі пра сумесную работу над кнігай.

— Над паэмай пра прыгоды дзядзькі Антона шчыраваў кожны вечар на працягу паўтара месяца. Вельмі хацелася, каб малюнкі адпавядалі ўзроўню тэксту і стваралі з ім адзін ансамбль, — падзяліўся мастак.

А. Латыш прызналася, што не магла чытаць рукапіс без смеху. А калі наведвала бацькоў, то зачытвала і ім. Тады ўжо смяяліся ўсе разам. Адным словам — не праца, а вялікая асалода.

Падчас прэзентацыі Ігар Міхайлавіч падрабязна расказваў пра назвы раздзелаў і твораў, іх герояў, зачытваў урыўкі. У аснову многіх апавяданняў ляглі гісторыі з жыцця, разам з імі ёсць і выключна мастацкія творы. Напрыклад, «Казка для сяброў». Яна складзена з прозвішчаў практычна ўсіх беларускіх пісьменнікаў. Таксама ёсць творы на трасянцы.

— Я прыхільнік літаратурнай мовы, але ва ўмовах двухмоўя перайсці імгненна з адной мовы на другую вельмі складана. Таму трасянка — звычайная з’ява нашага жыцця, — патлумачыў ужыванне ненарміраванай лексікі пісьменнік.

Дапамагалі аўтару прэзентаваць кнігу і ўсе прысутныя — яшчэ напачатку імпрэзы паміж імі былі размеркаваны ўрыўкі з твораў, якія на працягу ўсёй сустрэчы зачытвалі па ролях, а нехта і інсцэніраваў. Гэта зрабіла творчы вечар яшчэ больш шчырым, нязмушаным, цікавым. А ад канцэнтрацыі тонкага гумару ўсмешкі на тварах змяняліся гучным смехам.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.