Цікавіць работа, а не кар’ера


“У жыцці праграму-мінімум выканаў: хату пабудаваў, сына амаль выгадаваў, дрэва пасадзіў. Ды не адно, а некалькі дзясяткаў гектараў”, — жартаваў падчас нашай размовы ляснічы Лынтупскага лясніцтва Рышард Уладзіслававіч Пецюлевіч.

А калі сур’ёзна, ён прывык працаваць па максімуму. Прысвоенае яму сёлета званне “Чалавек года Віцебшчыны”  таму пацвярджэнне. Рышарду Уладзіслававічу 42. Лясніцтва — а яно зараз з’яўляецца адным з лепшых у раёне — узначаліў у 2008-ым. Да гэтага прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы: працаваў лесарубам, лесніком, майстрам лесу, 11 гадоў — памочнікам ляснічага.

Аднак у дзяцінстве планы на прафесію ў Рышарда былі іншыя. Жыў і вучыўся ў літоўскім горадзе Швянчоніс, куды пераехалі з-пад Лынтуп бацькі. Марыў стаць юрыстам. Але пасля перадумаў і паступаць паехаў у Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію, якая ў той час па гэтай спецыялізацыі лічылася самай прэстыжнай ВНУ СССР. Студэнтам стаў без цяжкасцей. Праўда, абставіны вымусілі перавесціся на завочнае аддзяленне, на якім правучыўся шэсць гадоў, і пераехаць на Лынтупшчыну. Тое, што быў практыкам, працаваў у лясніцтве, аблягчала навуку і выклікала шмат павагі ў выкладчыкаў.

— Кар’ера ніколі не была маёй мэтай, — гаварыў Рышард Уладзіслававіч. — На кожнай пасадзе адчуваў сябе камфортна і на сваім месцы, любую работу выконваў і выконваю сумленна і з максімальнай аддачай. Пашанцавала, што трапіў “пад крыло” вопытных і аўтарытэтных для мяне калег В. В. Акачонка, Р. Р. Масцяніцы, іншых калег-прафесіяналаў.

Цікава, што з будучай жонкай Рышард Пецюлевіч пазнаёміўся… у лесе. Алена ў той час была выпускніцай Лынтупскай школы і, як гэта тады часта практыкавалася, разам з класам шчыравала на пасадцы дрэў. Іх сям’і ўжо 19 гадоў. Дачка вучыцца ў БДУ на эканаміста, сын яшчэ школьнік.

2015 год у лясніцтве адзначыўся некалькімі важнымі падзеямі. Лынтупчане мелі гонар прымаць выязную калегію Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, сярод удзельнікаў якой былі намеснік мініст­ра, высокапастаўленыя чыноўнікі з розных абласцей краіны. Таксама сёлета праз тэрыторыю ўсяго Лынтупскага лясніцтва пракладвалася высакавольтная лінія ад атамнай электрастанцыі, якая будуецца непадалёк, у Астраўцы. Гэта дадало шмат абавязкаў. Р. У. Пецюлевіч ганарыцца і тым, што за сёлетняе засушлівае лета на тэрыторыі лясніцтва не адбылося ніводнага пажару.

Ляснічы падзякаваў за плённае супрацоў­ніцтва школьнаму лясніцтву, якім кіруе настаўніца Л. А. Домжа. Ён таксама падкрэсліў, што любы поспех у рабоце арганізацыі — гэта найперш заслуга ўсяго калектыву, а таксама вынік вялікай падтрымкі з боку кіраўніцтва Пастаўскага лясгаса, і ў прыватнасці ініцыятыўнага, дзейснага, прафесійнага дырэктара Уладзіміра Уладзіміравіча Місачэнкі.

Пад Новы год работнікам лясной гаспадаркі работы прыбавілася —  ішоў актыўны продаж елак. Прычым зялёныя прыгажуні з Лынтупшчыны ўпрыгожваюць дамы не толькі на Пастаўшчыне, але і на Міншчыне, дзе таксама рэалізоўваліся.

— Новы год — сямейная ўрачыстасць, якая збірае за святочным сталом самых блізкіх людзей, — завяршаў размову Рышард Уладзіслававіч. — Жадаю, каб такая вясёлая, шчырая атмасфера панавала ў дамах кожны дзень, каб было здароўе для ажыццяўлення ўсіх задум, жыццё дарыла шмат прыемных сюрпрызаў і радавала новымі поспехамі і адкрыццямі.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.