Для шырокага кола кліентаў


В. З. Маслоўская, Д. А. Еванісаў і А. І. Забароўская.

Напэўна, таго, хто пастаянна заключае дагаворы з Белдзяржстрахам і перажыў так званы страхавы выпадак — атрымаў кампенсацыю страт, прычыненых у выніку прыродных з’яў, аўтааварый, пераконваць у карысці супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй не трэба. Людзі добра разумеюць, што, афармляючы страхоўку, яны набываюць упэўненасць у тым, што ў выпадку няшчасця не давя­дзецца шукаць сродкі на аднаўленне маёмасці або лячэнне.

— Жыццё непрадказальнае, рознае ў ім здараецца, — гаварыў дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Грыгорый Грыгор’евіч Шэцка. — Аднак страты ад некаторых непрадбачаных рызыкоўных момантаў можна мінімізаваць з дапамогай страхавання. Белдзяржстрах сёння пра­пануе сваім кліентам шырокі спектр страхавых паслуг па відах абавязковага і добраахвотнага страхавання, уключаючы комплексныя пакеты страхавання. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца: добраахвотнае страхаванне кватэр, дамоў, хатняй маёмасці, жывёлы, транспартных сродкаў, жыцця і здароўя ад няшчасных выпадкаў у быце і на вытворчасці, захворванняў. З кожным годам усё больш і больш людзей прыхо­дзяць да думкі аб тым, каб застрахаваць сябе і сваю маёмасць ад небяспекі, паколькі больш эфектыўнага спосабу абароны ад усемагчымай рызыкі чалавецтва пакуль не прыдумала.

Многія грамадзяне лічаць, што дастаткова застрахаваць збудаванні ў абавязковым парадку. Гэта памылкова. Страхавая сума ў такім выпадку складзе толькі 50 працэнтаў ад агульнага кошту пабудовы, і ў выпадку стыхійнага бедства будзе вернута толькі палова ўрону. Асобныя пабудовы накшталт хлявоў, калодзежаў, лазняў, склепаў увогуле не бяруцца пад увагу. Страты пры іх разбурэнні ці пашкоджанні не кампенсуюцца. Выйсце адно — застрахаваць маёмасць у добраахвотным парадку.

У апошнія гады з’явіліся новыя віды паслуг: страхаванне мабільных тэлефонаў, камп’ютараў і іншых партатыўных прыстасаванняў, комплекснае страхаванне кватэр і маёмасці, страхаванне пародзістай жывёлы і пчол, інтэлектуальнай уласнасці.

Г. Г. Шэцка прыводзіў нямала прыкладаў канкрэтнай дапамогі Белдзяржстраху людзям. Так, аднаму гаспадару не ўдалося ўратаваць карову пасля ацёлу, і, згодна з дагаворам, яму выплачана 14 мільёнаў рублёў. У іншага пажар поўнасцю знішчыў дачу — кампенсацыя склала 90 мільёнаў рублёў. За бягучы год прыкладна 200 уладальнікам транспартных сродкаў дзяржстрах пакрыў расходы на рамонт аўтамабіляў, пашко­джаных у выніку аварый.

А колькі выпадкаў, калі машыну ўганяюць! І калі аўтаўладальнік не заключыў дагавора страхавання “Аўтакаска”, усе расходы лягуць толькі на яго ўласныя плечы. “Аўтакаска” дапаможа і пры пашкоджанні аўтамабіля маланкай, градам, пры сутыкненні з жывёламі. Хапае спраў у вядучага ацэншчыка транспартных сродкаў Пятра Мікалаевіча Дзевятоўскага. З ім у адным кабі­неце працуе спецыяліст другой катэгорыі Юлія Мікалаеўна Рудак. Яе добра ведаюць тыя, хто пры выездзе за мяжу афармляе страхоўку. Увогуле, медыцынскае страхаванне апошнім часам карыстаецца папулярнасцю. Праблемы са здароўем могуць узнікнуць у любы момант — у дарозе, дома, падчас замежнай паездкі. Белдзяржстрах прапануе заключыць дагавор па некалькіх відах медстрахавання.

Дырэктар называў нямала прозвішчаў сваіх работнікаў. Сярод лепшых значацца намеснік дырэктара Вольга Здзіславаўна Маслоўская, спецыяліст другой катэгорыі Дзяніс Аляксандравіч Еванісаў, страхавы агент Алена Іларыёнаўна Забароўская. Увогуле, у прадстаўніцтве сфарміраваўся працаздольны калектыў, які выпрацаваў свой стыль аказання паслуг насельніцтву. Сярод вопытных работнікаў дырэктар назваў Генадзія Іосіфавіча Тумаша, Алену Валер’еўну Русецкую, Ірыну Гвідонаўну Чалей, Алега Мікалаевіча Дашкевіча. Яны не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і тонкія псіхолагі. Работу будуюць па прынцыпе індывідуальнага падыходу да кліента, умеюць пераканаць яго ў неабходнасці заключэння дагавора.

П. М. Дзевятоўскі і Ю. М. Рудак.

З асаблівай павагай у калектыве адносяцца да ветэранаў працы.  Добрым словам успамінаюць Тэрэзу Іосіфаўну Нікіпяровіч, Яніну Баляславаўну Галаўко, Людмілу Эдуардаўну Находка, Жанну Браніславаўну Купран, Яніну Іванаўну Урбановіч, Данату Францаўну Сарока і многіх- многіх іншых. Да Дня пажылых людзей, прафесійнага і некаторых іншых дзяржаўных свят ветэранам выдзяляецца матэрыяльная дапамога.

З дырэктарам прадстаўніцтва прайшлі па кабінетах. У кожным кіпела работа: хтосьці працаваў з кліентам — заключаў дагавор, хтосьці па тэлефоне даваў тлумачэнні па атрыманні кампенсацыі.

— Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з прафесійным святам усіх работнікаў нашага прадстаўніцтва, шаноўных ветэранаў, — сказаў на развітанне Грыгорый Грыгор’евіч Шэцка, — падзякаваць за старанне, кампетэнтнае вырашэнне розных пытанняў. Дзякуй страхавальнікам за давер да нашай арганізацыі. Жадаю ўсім дабрабыту, моцнага здароўя.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.