“Дом, дзе ўтульна ўсім”. СШ №3 адзначыла 60-годдзе (+фота)

Образование

20 лістапада пастаўская СШ №3 урачыста адзначыла свой 60-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ў актавай зале школы сабраліся яе цяперашнія і былыя вучні і настаўнікі, дырэктары іншых агульнаадукацыйных устаноў горада, прадстаўнікі раённай улады, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і ўнутраных спраў райвыканкама.

Своеасаблівым слоганам, галоўнай ідэяй свята быў выбраны выраз, якім кіруецца ў паўсядзённым жыцці школа, — “Дом, дзе ўтульна ўсім”. Прытрымліваючыся яго на працягу вечара, арганізатары і вядучыя — а ў ролі апошніх выступілі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Філіпаўна Крук і 11-класнік Уладзіслаў Касцень — пастараліся, каб мерапрыемства атрымалася па-дамашняму цёплым і душэўным. Свой расказ пра школу яны пачалі з гісторыі навучальнай установы і прадстаўлення яе цяперашняга вучнёўска-педагагічнага калектыву, непасрэднае дачыненне да якога мелі і некаторыя запрошаныя на свята госці. У ліку такіх намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, які на працягу пяці гадоў узначальваў СШ №3. Яму першаму з прысутных было дадзена слова.

Віншуючы былых калег з юбілеем школы, Юрый Мікалаевіч адзначыў, што яна валодае асаблівай атмасферай, нібы магніт прыцягвае да сябе таленавітых педагогаў і разумных дзяцей. А ў якой яшчэ школе раёна знойдзецца педагог з 50-гадовым стажам работы, як Часлава Веніямінаўна Мацур, якая працяглы час з’яўлялася яе дырэктарам?!

— У СШ №3 унікальны калектыў. Гэта сплаў маладосці, таленту і мудрасці. Я ганаруся тым, што працаваў разам з вамі, з Ефрасінняй Іванаўнай Гвозд, якая дачасна адышла ў іншы свет, была надзвычай светлым і добрым чалавекам, сапраўдным педагогам. Жадаю школьнаму караблю сем футаў пад кілем, далейшага працвітання, поспехаў, дасягнення новых вяршынь і перамог, а ўсім прысутным — здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця і ўдачы! — пажадаў Ю. М. Кісялёў.

Ад райвыканкама ён падарыў школе новенькі камп’ютар, а таксама ўручыў Ганаровыя граматы ўстанове і двум яе прадстаўнікам — намес­ніку дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы П. В. Абушнаму і настаўніцы рускай мовы і літаратуры Л. М. Сініца.

Віншавальную эстафету перанялі начальнік раённага аддзела адукацыі А. Я. Кашырын і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л. К. Грачанік, якія падкрэслілі, што школе пашанцавала не толькі на выдатных дырэктараў, але і на іх намеснікаў, дзяцей. Яна ідзе ў нагу з часам, за працоўнымі буднямі не забывае пра адпачынак настаўнікаў і навучэнцаў, актыўна ўдзельнічае ў разнастайных спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах. Уручыўшы падарункі — сертыфікат на суму 100 мільёнаў рублёў і насценны гадзіннік, Аляксандр Яўгеньевіч і Людміла Казіміраўна таксама ўзнагародзілі шэраг педагогаў. Ганаровыя граматы райаддзела адукацыі атрымалі дырэктар школы У. Ч. Койра, яго намеснік Т. Ф. Крук, настаўнікі Л. С. Чараваценка, С. П. Чабатаронак, З. Я. Бягляк, Н. А. Пронька, тэхработнікі Л. І. Цёплая і Т. Б. Варашкевіч, Ганаровыя граматы Віцебскага абкама прафсаюза — Л. С. Пчалінцава і Ч. В. Мацур.

Не з пустымі рукамі прыйшлі і іншыя госці: намеснік начальніка РАУС В. Л. Врублеўскі, дырэктары СШ №1 і №5 П. Ю. Трава і В. М. Ромель, гімназіі — С. Ч. Каранеўскі. Яны пажадалі калектыву школы ўпісаць у яе гістарычны летапіс шмат новых яркіх старонак і далейшых поспехаў ва ўсім.

— Набыткі і дасягненні школы — у многім заслуга нашых дарагіх ветэранаў, — канстатаваў У. Ч. Койра. — Мы шчыра ўдзячны за ўсё, што яны зрабілі і працягваюць рабіць для ўстановы, за той трывалы фундамент, які заклалі. На ім нам прасцей і лягчэй працаваць.

Уладзімір Часлававіч уручыў Падзякі тым педагогам, якія аддалі СШ №3 20 і больш гадоў жыцця. Іх аказалася вельмі шмат. Як і настаўнікаў, што пакінулі гэты свет. Кожнага ўзгадалі пайменна, ушанаваўшы памяць хвілінай маўчання. Ветэраны, у тым ліку тыя, хто працягвае працаваць у школе, пад апладысменты прысутных былі запрошаны на сцэну. Ад іх імя слова ўзялі Часлава Веніямінаўна Мацур і былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ванда Адольфаўна Міцэвіч. Звяртаючыся да аўдыторыі, яны заўважылі: людзі, якія стаяць перад залай, з’яўляюцца залатым фондам раёна і школы, як і маладзейшыя калегі, выбралі прафесію педагога не з-за доўгага водпуску ці чагосьці яшчэ, а таму што так загадвала сэрца. І прызналіся: па-ранейшаму адчуваюць сябе членамі вя­лікай школьнай сям’і, паколькі іх тут не забываюць, запрашаюць на розныя святы і мерапрыемствы. Цалкам пагадзіліся з гэтым Тамара Арцёмаўна Іллюковіч і Галіна Мікалаеўна Шкантава, якія маюць самы вялікі стаж работы ў трэцяй гарадской. Ім уручылі невялікія падарункі. Ветэраны ў адказ падарылі школе карціну.

Тое, што многія педагогі прыйшлі працаваць сюды па прызванні, пацвярджаюць сямейныя дынастыі. Іх прадстаўнікоў: Л. С. Чараваценка і І. А. Косаву, А. М. Сініца і В. В. Чаркес, М. В. Жук і Л. Я. Жук — таксама папрасілі падняцца на сцэну і правялі з імі невялікае бліц-апытанне на тэму выбару прафесіі. На працягу вечара не раз выходзілі на яе і навучэнцы, каб вершамі, песнямі і танцамі павіншаваць родную школу з юбілеем, падарыць усім святочны настрой і даказаць, што тут вучацца разумныя і таленавітыя дзеці. Пяцёра з іх: Кацярына Мацюшонак, Луіза Дунец, Уладзіслаў Касцень, Валерыя Курыловіч і Марыя Дунец — атрымалі падчас урачыстасці Падзякі дырэктара за поспехі ў вучобе і актыўны ўдзел у жыцці школы.

Музычныя і вершаваныя віншаванні адрасавалі ўстанове педагогі, у тым ліку тыя, хто раней вучыўся ў гэтых сценах, а таксама яе выпускніца 1993 года, член бацькоўскага камітэта Ж. В. Гучык. Яркай кропкай свята стаў прыгожы торт з запаленымі на ім свечкамі, які занеслі ў залу. Патушыць іх даверылі цяперашняму і былым дырэктарам СШ №3.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.