Дзяўчаткі гулялі ў футбол…


Гэты вераснёўскі адвячорак помніцца мне будзе доўга. Ішла па вуліцы і любавалася трыма дзяўчынкамі-пачаткоўкамі: з новенькімі рукзачкамі, прыгожа апранутыя… І яшчэ, на што я звярнула тады ўвагу, — беленькія калготачкі ва ўсіх траіх. “Вось, — думаю, — якія акуратныя, цэлы дзень прабылі і не заплямілі. У час майго дзяцінства такіх калготачак яшчэ не было, хадзілі ў нечым цёмным і невыразным…” Дзяўчаткі схаваліся за прыпынкам, і праз хвіліны тры адтуль раздаўся такі залівісты смех, што я не вытрымала, пайшла глянуць на іх. І аслупянела: яны гулялі ў футбол…  кацянём, штурхалі яго ножкамі ў беленькіх калготачках. Кацяня, відаць, было слабенькае, уцячы не магло, толькі пры кожным штуршку жаласна мяўкала. “Што вы робіце, яму ж баліць, яно жывое!” — закрычала я на дзяўчатак. З такім жа вясёлым смехам, як і раней, тыя разбегліся.

Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына… Мы прывыклі думаць пра іх, як пра тых, хто дае (будзе даваць) жыццё, хто ахоўвае і абараняе яго.  Слова “жанчына”  асацыіруецца ў нас са словамі “жыццё”, ”міласэрнасць”, “любоў”, “чуллівасць”, “мяккасць”, “клапатлівасць”… Жанчына стварала, ахі­нала любоўю, пяшчотай, сагравала, падтрымлівала, песціла, даглядала… Нездарма ж слова “маці” спадарожнічала словам “Радзіма”, “зямля”.

Так спрадвеку вялося ў беларусаў, што дзяўчат і жанчын аберагалі, наколькі магчыма было, ад жорсткасці, насілля. Трэба закалоць у вёсцы кабана, зарэзаць цяля — гаспадар ішоў па суседзяў-мужчын, жонку і дачок для гэтай работы не браў. Нават прысутнасць пры гэтым жанчын лічылася чымсьці ненармальным. Падыходзілі яны толькі тады, калі кабана разбіралі, каб спарадкаваць мяса. Паляўнічымі, рыбакамі — тымі, хто знішчае, забірае жыццё, былі таксама выключна мужчыны.

Першай вайной, у якой удзельнічала шмат жанчын і дзяўчат, была Вялікая Айчынная. “Не жаночая доля — забіваць”, — кажа адна з гераінь кнігі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”, змясціўшы сюды ўвесь жах і ўсю жорсткую неабходнасць забіваць ворага. Жанчыны, дзяўчаты — гераіні згаданай кнігі — забівалі толькі таму, што інакш перамагчы ворага было нельга.  Успамінаюць такі выпадак. На нейтральнай паласе байцы раптам убачылі прыгожанькае жарабятка. А яны тры дні толькі на сухарах (кухня адстала ў час хуткага наступлення). Кінуліся да дзяўчат-снайпераў: «Дапамажыце, есці хочацца». Адна з іх стрэліла, жарабятка ўпала… Вечарам дзяўчатам прынеслі кашу з мясам. Галодныя дзяўчаты сядзелі і плакалі, не маглі прымусіць сябе есці, шкадавалі жарабятка…

На іншай старонцы той жа кнігі гераіня ўспамінае, як  медсёстры ў час пажару эшалона пачалі выпускаць параненых, каб  ратаваліся. А ўсе параненыя кінуліся ратаваць коней, якія гарэлі: “Яны ж ні ў чым не вінаватыя, яны ж за людскія справы не адказваюць…” Нягледзячы на страшную вайну, людзі не азвярэлі…

Мне могуць запярэчыць, маўляў, убачыла адзін выпадак — выстраіла сістэму… Але колькі мы бачым па тэлебачанні, як здзекуюцца не толькі з жывёлінак — са сваіх аднакласніц, знаёмых, здымаюць бойкі і прыніжэнні на тэлефон, выкладаюць у сацыяльныя сеткі… Бо тая, іншая, “звяла” хлопца, “выпендрываецца”, не хоча быць “як усе”…

Пажылы чалавек зрабіў заўвагу дзяўчаткам-падлеткам, якія курылі за вуглом дома: “Вам жа раджаць трэба будзе. Вы ж сябе атручваеце!” І пачуў у адказ такое, што зачырванеўся і вырашыў больш не чапаць, хай кураць.

Не пашкадуем кацянё — не пашкадуем пасля незапланаванае безабароннае ненароджанае дзіцятка, якое захоча нарадзіцца…  А пасля не пашкадуем старых нямоглых людзей — суседзяў, родзічаў…

Мне здаецца, што прыйшоў час кожнаму з нас вырашыць: што я асабіста магу зрабіць, што мы можам зрабіць у барацьбе са злом? Не толькі бацькам, не толькі дзядулям, бабулям — усім нам такая задача. Кожнаму трэба стаць літасцівым і міласэрным. Нягледзячы на праблемы, на недахоп часу і хваробы. Нягледзячы на іншых, задаваць і задаваць пытанне сабе: што я магу, каб свет стаў лепшым?

Кожны можа знайсці свой спосаб узрастання.  Малітва, асабісты прыклад літасці да жывёл, да ўсяго жывога, да людзей — у першую чаргу. Каб сагрэліся мы ўсе і сагрэлі дзяцей, іх сэрцайкі. Каб гулялі яны ў футбол толькі з мячыкам — не з кацянём.

Аліна ЛАТЫШ, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.