Эх, пракоцім! На Пастаўшчыне з’явіўся новы аб’ект агратурызму


1 верасня сёлетняга года ў спісе аб’ектаў, што аказваюць турыстычныя паслугі на Пастаўшчыне, з’явіўся яшчэ адзін. На базе ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, у вёсцы Рамелькі Юнькаўскага сельсавета, адкрыўся конны двор “Сіўка-бурка”. У яго гаспадароў шмат цікавых прапаноў для гасцей і жыхароў раёна, многія з паслуг новыя для турыстычнай галіны раёна.

Конныя прагулкі, таксі і нават вестэрн-клуб

Ад Пастаў да Рамелек менш за кіламетр. Крыху зварочваеш з трасы — і пра гарадскі рытм жыцця можна забыць: цішыня, вясковая гармонія. Конны двор знаходзіцца на ўскраіне населенага пункта. Знайсці яго дапамагае кідкая вялікая брама, бачная здалёк.

Гэты турыстычны аб’ект — уласнасць сельгасгаспадаркі. Работу па яго “раскрутцы” вядуць дырэктар ААТ “Сцяг Перамогі-агра” Юрый Ягоравіч Борыс і загадчык коннага двара пастаўчанін Віктар Іванавіч Далецкі (на здымку справа).

— Канюшня тут знаходзіцца вельмі даўно, з часам, на жаль, яна прыйшла ў заняпад, — расказваў Юрый Борыс. — Яшчэ нядаўна паказваць людзям не было чаго. Сумесна з Віктарам Іванавічам, які ўсё жыццё працуе з коньмі і добра ў іх разбіраецца, вырашылі стварыць аб’ект агратурызму (па заканадаўстве, гаспадарка мае на гэта права). Пачалі актыўна добраўпарадкоў­ваць тэрыторыю. Выразалі кусты, зрабілі насып, паправілі дах у канюшні, зрабілі новыя загоны, абсталявалі невялікае месца для адпачынку — лаўкі са сталом… Гэта толькі пачатак. Асноўная работа яшчэ наперадзе. Важна, што нас падтрымалі ў райвыканкаме. Сюды прыязджалі старшыня Віктар Сяргеевіч Гутараў, яго намеснік Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Яны таксама бачаць будучыню ў нашым праекце.

Пакуль мы размаўляем, у загоне гарэзнічаюць трое коней — чыстых, дагле­джаных. Усяго іх тут 11. Большасць знаходзілася ў канюшні, экскурсію па якой пазней правёў Віктар Іванавіч. Раней ён развіваў сваю справу ў санаторыі “Ветразь” і на былой сядзі­бе Зюзі Паазерскага — арганізоўваў катанне на ўласных конях, якіх у Паставах трымае шмат гадоў. Цяпер вопытны спецыяліст дапамагае ў развіцці “Сіўкі-буркі”.

У канюшні ўтрымліваюцца і два ўласныя кані Віктара Іванавіча. Гэта адзін з відаў паслуг, які тут прапануюць. Напрыклад, вырашылі вы завесці сабе цяжкавагавага сябра, а ўмовы або іншыя абставіны не дазваляюць трымаць яго па месцы жыхарства. Работнікі базы за адносна невялікую плату гатовы дапамагчы з размяшчэннем, доглядам. Ваша справа — прыязджаць і займацца  жывёлай у зручны час.

Аднак гэта паслуга другасная. Асноўныя — катанне на конях, навучанне элементам верхавой язды. Галоўнай “фішкай” турыстычнага аб’екта плануецца зрабіць конныя паходы выхаднога дня. Паход бу­дзе пачынацца з самай раніцы, вярхом на кані давядзецца пераадолець прыблізна пяцікіламетровы маршрут па маляўнічым наваколлі, якое з-за высокіх узгоркаў, “схаваных” паміж імі азёраў па праве называюць пастаўскай Швейцарыяй. Недалёка знаходзіцца і лінія абароны Першай сусветнай вайны. Знаёмства з яе непрыхаванымі “сведкамі” таксама будзе цікавае гасцям Пастаўшчыны. У праграме паходу — прывал з вогнішчам і шашлыкамі. У гаспадарцы разлічваюць на супрацоўніцтва з іншымі ўладальнікамі аграэкасядзіб на Пастаўшчыне. Многія ўжо станоўча ацанілі гэту  ідэю, бо галоўная задача кожнага гаспадара, каб турыст павёз з адпачынку максімум пазітыўных уражанняў. Сумесна дасягнуць гэтай мэты значна прасцей.

Нямала прыхільнікаў верхавой язды і сярод пастаўчан. І цэлымі сем’ямі, і паасобку яны з задавальненнем прыязджаюць на конны двор у Рамелькі. У асаблівым захапленні застаюцца дзеці, якіх катае поні Мінік. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець фотасправаздачы В. І. Далецкага на сайце “Аднакласнікі”. Усе заробленыя грошы ідуць на закупку корму для жывёл, будаўнічых матэрыялаў.

Віктар Іванавіч працягвае экскурсію па прасторнай канюшні. Вольнага месца тут шмат. Яго плануецца выкарыстоўваць з карысцю. Абсталявалі цір, месца для кідання ў спецыяльнае прыстасаванне ножыкаў і невялікіх тапорыкаў. Мой гід з задавальненнем дэманструе, як рабіць гэта правільна. Успамінаю, што бачыла такое ў амерыканскіх філь­мах пра каўбояў.

— У Беларусі цяпер імкліва развіваецца стыль вестэрн, — працягвае размову загадчык коннага двара. — Праводзіцца шмат мерапрыемстваў, дзе можна паспаборнічаць і акунуцца ў жыццё “дзікага Захаду”. Таму ў нас узнікла ідэя стварыць пры канюшні жаночы “Вестэрн-клуб”, дзе прадстаўніцы прыгожай паловы маглі б не толькі вучыцца катацца на конях, але і авалодваць іншымі каўбойскімі навыкамі. Паверце, часта ў іх гэта атрымліваецца нават лепш, чым у мужчын.

Падыходзім да ўнушальнага рада саней. Якіх тут толькі няма — даўніх і навейшых, простых і каларытных, на аднаго чалавека і на шэсць! Толькі б зіма не “падкачала”, парадавала  снегам! У “аўтапарку” ёсць і асабліва арыгінальная брычка, якая ў 30-я гады належала першаму павятоваму пастаўскаму ўрачу. У планах — прапаноўваць у нашым райцэнтры… коннае таксі.

Гасцям тут вельмі рады

Нягледзячы на тое, што турыстычны аб’ект існуе ўсяго некалькі месяцаў, па запрашэнні пастаўчан яго наведаў шэраг гасцей, якія шмат гадоў працуюць з коньмі і могуць многае расказаць навічкам у гэтым бізнесе. Сярод іх быў і ўладальнік сядзібы “Коні-поні” (летась яе наведваў Прэзідэнт краіны) Аляксандр Віктаравіч Сталярскі. Гэта адзінае месца ў Беларусі (яно знаходзіцца ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці), дзе разводзяць гэтую нізкарослую пароду. Аляксандр Віктаравіч вядомы і тым, што мае ў сваіх канюшнях і элітных коней.

9 снежня конны двор “Сіўка-бурка” наведалі яшчэ два вядомыя ў конным спорце спецыялісты: Алена Бунас  і Валерыя Налётава. Алена прысвяціла коням больш за 20 гадоў свайго жыцця. За плячыма карэннай мін­чанкі вялікае спартыўнае мінулае, да таго ж мае першы разрад па выездцы. Была трэнерам у конна­спартыўнай школе, дзе рыхтавала коней “з нуля” для спаборніцтваў. Таксама два гады працавала ў Белдзяржцырку. Цяпер рэалізуе сябе на сельскагаспадарчай базе “Трайпл-агра”, якая знаходзіцца ў Лагойскім раёне побач з вядомым гарналыжным комплексам. Сваёй кваліфікацыі не губляе: нядаўна на міжнародных спаборніцтвах па выездцы заняла першае месца.

— Чаму можна навучыць каня? — пытаюся.

— Прасцей сказаць, чаму — нельга: спяваць і куляцца праз галаву, — жартавала Алена Бунас. — А калі сур’ёзна… Коні — надзвычай разумныя і высакародныя жывёлы. І майстэрства спецыяліста — данесці ім тонкім намёкам, які не заўважыць ніхто з гледачоў, што трэба рабіць і як сябе паводзіць. Гэта складана, але магчыма. Справа ў часе, а найбольш — у жаданні. Яно будзе вырашальным і ў развіцці гэтага коннага двара. Перспектыва ёсць, і вялікая. Асабліва калі ўлічыць той факт, што аб’ект аддалены ад прысталічча — там канкурэнцыя куды большая.

Алена Бунас і Валерыя Налётава правялі майстар-клас па верхавой яздзе. Ці лёгка гэта зрабіць на конях, якіх бачыш упершыню? Яны паказалі на практыцы, што дастаткова пяці хвілін, каб зразумець характар і настрой жывёлы.

Вопытныя спецыялісты хутка знайшлі агульную мову з жывёлай, паказалі тэхніку верхавой язды. Далі магчымасць паспрабаваць сябе ў гэтай, на першы погляд, няхітрай справе і іншым прысутным, у тым ліку і аўтару матэрыялу.

Мая невялікая прыгода яшчэ не пачалася, а адрэналін у крыві ўжо прысутнічае — апошні раз каталася вярхом у дзяцінстве, ды і то не больш за пару хвілін. Успамінаю словы Віктара Іванавіча, што коні адны з нямногіх жывёл, якія здольныя адчуваць чалавечы страх. Стараюся аднесціся да сітуацыі спакойна — усё ж побач прафесіяналы. Атрымліваю ад Алены Бунас шэраг парад. І сапраўды — хутка адаптуешся да новай ролі і пачынаеш атрымлі­ваць ад язды выключна задавальненне. Нават тады, калі конь прыспешвае тэмп.

Пакідаю сядзібу ў выдатным настроі — жывёлы ўмеюць зара­джаць станоўчымі эмоцыямі. Задаю В. І. Далецкаму апошняе пытанне: ці не баяцца пачынаць такую незвычайную справу падчас эканамічнага спаду, які перажывае і наша, і суседнія краіны.

— Страшна, калі спад у мазгах. Усе астатнія цяжкасці можна пераадолець, — упэўнены Віктар Іванавіч. — У нас ёсць самае неабходнае для развіцця — коні і вялікае жаданне працаваць з імі.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара і В. Далецкага.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.