Газеты плюс добры настрой

Личности

Лілія Сяргееўна Пінчук у раённым вузле паштовай сувязі працуе больш за 6 гадоў. У курс справы ўвайшла хутка, засвоіла свае абавязкі, выпрацавала індывідуальны падыход да тых, каму дастаўляе пенсію і розныя выданні. Прыйшлі вопыт і майстэрства, да прафесіі прыкіпела душой. Абслугоўвае жыхароў вуліц Савецкай, Гагарына, а таксама арганізацыі і ўстановы, размешчаныя на іх: райвыканкам, аддзелы ўнутраных спраў і статыстыкі, пракуратуру, суд, бальніцу, інспекцыю па падатках і зборах, “Каапнарыхтпрамгандаль”, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і іншыя. Нягледзячы на тое, што цяпер перапіска вядзецца ў асноўным праз электронную пошту, нямала пісем, у тым ліку заказных, дастаўляе і паштальён. А яшчэ газеты і часопісы.

Шмат увагі Л. С. Пінчук удзяляе падпісцы. Запыты ў людзей розныя: адны цікавяцца выданнямі, якія шмат пішуць пра догляд хатняй жывёлы, іншыя шукаюць адказы на “дачныя” пытанні, трэція — аматары кулінарыі. Ёсць і палітычныя «гурманы». Лілія Сяргееўна ведае дакладна, каму што прапанаваць. Найбольш папулярныя — “Пастаўскі край”, “Советская Белоруссия”, “Віцьбічы”, “Медыцынскі веснік”.

— Раёнку асабліва рэкламаваць не трэба, — расказвала. — Да пажылых яна прыходзіць дзясяткамі гадоў. Маладыя чытаюць навіны ў інтэрнэце, але і “Пастаўскі край” выпісваюць. Стараюся знаходзіць новых падпісчыкаў. Пакажу газету, прапаную пагартаць — чалавек зацікавіцца і падпішацца на месяц, потым папросіць прадоўжыць падпіску, а ўрэшце і пастаянным падпісчыкам становіцца. Паслугі паштальёнаў па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі, нас чакаюць, нам давяраюць і дзякуюць за работу. Прыемна дастаўляць віншавальныя, а таксама паштоўкі пасткросінгу, які атрымаў шырокую папулярнасць. Адзінокім хочацца ўвагі і чалавечых зносін. Рада б выслухаць, пагутарыць, але часу не хапае, трэба рупіцца, каб абысці ўсе адрасы.

У спрыяльнае надвор’е выручае веласіпед, дзякуючы якому ўдаецца хутчэй развезці пошту, пенсіі. Зімой, калі снежныя заносы або галалёд, прыходзіцца цяжэй. Л. С. Пінчук работу сваю любіць, таму і цяжкасці яе не палохаюць. Кожную раніцу Лілія Сяргееўна ўскідвае на плячо цяжкую паштальёнскую сумку і спяшаецца да сваіх адрасатаў. Разам з газетамі яна прыносіць ім і добры настрой.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.