І па-за межамі раёна


Работы будаўнікам ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» хапае ў любую пару года. У гэтыя перадсвяточныя дні яны шчыруюць на ўзвя­дзенні шматкватэрнага дома і дома для шматдзетнай прыёмнай сям’і па вуліцы Зялёнай у райцэнтры, двух 4-кватэрных дамоў у вёсцы Коўзаны, рэканструкцыі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната і іншых аб’ектах.

Асноўныя задачы, якія сёлета стаялі перад кіраўніцтвам будаўнічай арганізацыі, — захаванне калектыву і своечасовая выплата заработнай платы. Нягледзячы на складанасці, будаўнікі ўзводзілі новыя аб’екты, рабілі капітальны і бягучы рамонты, удзельнічалі ў будаўніцтве Дэпартамента аховы ў райцэнтры. Здадзены ў эксплуатацыю 2 аднакватэрныя дамы ў Дунілавічах і другі кароўнік на малочнатаварнай ферме ў Коўзанах. Зроблены капітальны рамонт даху аптэкі, бягучы рамонт будынка па вуліцы Савецкай, у якім размясцілася аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, свінагадоўчага комплексу ў Дунілавічах, дрэваапрацоўчага цэха «Смалярня», стацыянара №2 цэнтральнай раённай бальніцы, адміністрацыйнага будынка Юнькаўскага сельвыканкама, пункта прыёму другаснай сыравіны па вуліцы Пушкіна і іншых аб’ектаў.

Пастаўскія будаўнікі былі задзейнічаны і па-за межамі раёна: у мадэр­нізацыі Браслаўскага Дома культуры, рэканструкцыі Глыбоцкага мясакамбіната, на будаўніцтве ваеннага гарадка для ўнутраных войскаў па ахове атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ва Ушачах, шматкватэрных жылых дамоў і дзіцячага садка ў Браславе і Глыбокім. Да канца года атрымалася выйсці на работу без страт.

У калектыве аграбудпрадпрыемства больш за 200 чалавек. Кожны ўносіць свой уклад у агульную справу. Па выніках года найлепшымі прызнаны выканаўцы работ Аляксандр Часлававіч Танана і Эдуард Баляслававіч Лапцік, токар Генадзій Арнольдавіч Татарчук, сталяр Уладзімір Яўгенавіч Цішаловіч, электрагазазваршчык Віталій Андрэевіч Пісарык, машыніст-трактарыст Віктар Іосіфавіч Гяйбовіч, цясляр Руслан Салманавіч Алышаў, вадзіцель Сяргей Віктаравіч Паўлаў і машыніст аўтакрана Віктар Алегавіч Хаткевіч. Яны адзначаны граматамі і падзякамі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і «Полацксельбуда».

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Аляксандра Ільіна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.