І зноў аб’яднаў фестываль

Культура

11 снежня ў вялікай канцэртнай зале Бел­дзярж­філармоніі ў Мінску адбыўся гала-канцэрт лаўрэатаў Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які ўжо больш за два дзесяцігоддзі на пачатку лета збірае на гасціннай пастаўскай зямлі лепшых самадзейных і прафесійных выканаўцаў з усёй Беларусі, а таксама з краін блізкага і далёкага замежжа.

Свята, прысвечанае 25-гадоваму юбілею фестывалю, ладзілі Беларускі фонд культуры, які ўзначальвае аўтар і арганізатар музычнага форуму на Пастаўшчыне Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, сумесна з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй і пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На яго было запрошана шмат самых розных калектываў, спевакоў і музыкантаў, якім давялося выступаць у Паставах. Усяго за час свайго існавання фестываль аб’яднаў каля 500 ансамбляў і столькі ж індывідуальных выканаўцаў.

На гала-канцэрт у сталіцу прыехалі заслужаныя аматарскія калектывы краіны: “Палешукі” з Іванава Брэсцкай вобласці, “Крупіцкія музыкі” з Мінскага раёна, дзіцячы ансамбль “Дударыкі” з Мінска, “Спадчына” і “Пастараль” з Дзяржынска; капэла народных духавых інструментаў “Гуды” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, гурт вандроўных музыкаў “Фэст” з Баранавіч, вядомыя салісты-інструменталісты Барыс Харэвіч, Міхась Касцюкевіч, Васіль Шпігановіч, іншыя калектывы і выканаўцы. І, канешне ж, нязменны ўдзельнік усіх пастаўскіх фестываляў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Паазер’е”, які адкрываў першае і другое аддзяленні вялікага, больш чым трохгадзіннага, канцэрта. Вялі яго Алег Скарына і Маргарыта Захарыя.

Асабліва ўрачыстае гучанне святу надаў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жы­новіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, які выступаў як асобна, так і разам з іншымі музыкантамі. Іграць з аркестрам пашчасціла і нашай зямлячцы, навучэнцы рэспубліканскай гімназіі-кале­джа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, таленавітай цымбалістцы Аляксандры Барысюк.

Акрамя “Паазер’я”, на гала-канцэрт у сталіцу прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і начальнік ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінская. У Юрыя Мікалаевіча была асаблівая місія. Падняўшыся на сцэну, ён уручыў Міхаілу Казінцу Ганаровую грамату Пастаўскага райвыканкама за значны ўклад аркестра ў развіццё беларускай культуры і народнага музычнага мастацтва, папулярызацыю фестывальнага руху на Пастаўшчыне і ў сувязі з 85-годдзем стварэння калектыву, а таксама невялікі падарунак.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.