Іна Каралёва: «Ёсць каманда, і гэта галоўнае»

Общество

У вобласці падведзены вынікі “Працоўнага семестра-2015”. 16 снежня на сцэне Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўзнагароджванне лепшых арганізатараў часовай занятасці моладзі, камандзіраў і актывістаў студатрадаўскага руху. Як і ў мінулыя гады, адзначана работа пастаўчан. Лепшым наймальнікам прызнана ААТ “Хацілы-агра”, райкам БРСМ адзначаны як лепшая раённая арга­нізацыя ў галіне другаснай занятасці моладзі.

Гэта падзея стала адной са шматлікіх у насычаны на мерапрыемствы Год моладзі. Чым ён быў адметны для актывістаў БРСМ, хто з маладых змог сябе праявіць найбольш? Пра гэта і іншае — у гутарцы з першым сакратаром райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Інай Каралёвай.

— Раскажы, калі ласка, пра асаблівасці сёлетняга “Працоўнага семестра”.

— Нам давялося сутыкнуцца з шэрагам перашкод, абумоўленых адсутнасцю працоўных вакансій у наймальнікаў. На жаль, не атрымалася арганізаваць экалагічныя і будаўнічыя брыгады, працавалі толькі сельскагаспадарчыя. У іх лік увайшло 745 чалавек. Асабліва праявілі сябе на ўборцы бульбы. На палетках шчыравалі 10 атрадаў з прафтэхкаледжа і 19 — з Навасёлкаўскай, Дунілавіцкай, Варапаеўскай, Камайскай сярэдніх школ, гарадскіх СШ №№1, 2, 4. Была магчымасць зарабіць і на зернесушыльных комплексах. Ёй скарысталіся больш за 80 чалавек ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў. Маладыя людзі працавалі ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Кураполле-агра”, “Хацілы-агра”, “Камайскі-агра”.

— Чым запомнілася выніковая ўрачыстасць?

— Як заўсёды, яна была яркай, добра арганізаванай. У склад нашай дэлегацыі ўвайшлі Ксенія Ягорава, Анастасія Праліч, Алег Пяткевіч з Навасёлак, Ігар Масінкевіч, Яўген Ханяўка, Ілья Суслаў, Раман Шчабялёў з прафтэхкаледжа. Перад прысутнымі выступіў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў. У сваёй прамове ён падзякаваў у тым ліку Пастаўскаму раённаму штабу па каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў і асабіста намесніку старшыні райвыканкама Юрыю Мікалаевічу Кісялёву, кіраўніцтву ААТ “Хацілы-агра” за дастойную заработную плату і створаныя ўмовы працы. Напярэдадні гэта гаспадарка была адзначана і на рэспубліканскім мерапрыемстве “Працоўны семестр-2015”. Ва ўрачыстасці, якая адбылася напачатку снежня, удзельнічала другі сакратар раённага камітэта БРСМ Вераніка Казлоўская.

— Чым запомніцца Год моладзі?

— Галоўнымі кірункамі работы райкама БРСМ з’яўляюцца патрыятычнае выхаванне моладзі, валанцёрская дзейнасць, аргані­зацыя часовай занятасці. Сёлета такая работа была працягнута. Прайшоў шэраг традыцыйных мерапрыемстваў: “Школьны марафон”, “Я — грамадзянін Беларусі”, “Зарніца”… Дарэчы, сёлета ў абласных спаборніцтвах у гэтай папулярнай ваенна-спартыўнай гульні школьнікі СШ №1 праявілі сябе як ніколі добра: сталі першымі на самым складаным этапе — “Марш-кідку”. Выйшлі і на “вобласць” рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Работа гімназістаў пад кіраўніцтвам настаўніка І. М. Пракаповіча трапіла ў лік 15 лепшых на Віцебшчыне.

Праводзіліся і абсалютна новыя мерапрыемствы. Напрыклад, мы ўпершыню арганізавалі спаборніцтвы па пейнтболе і лазертагу — гэта вельмі зацікавіла моладзь. Гэтаксама, як і чэмпіянаты па аэрахакеі, якія правялі вясной і восенню. Нас вельмі падтрымалі індывідуальныя прадпрымальнікі Аляксандр Селіванаў і Віталій Улыбін. Спа­дзяюся, наша супрацоўніцтва будзе працягвацца і надалей.

— 2015-ты ўвойдзе ў гісторыю і як год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Як тут прая­віла сябе моладзь?

— Вельмі актыўна! Маладыя людзі ўдзельнічалі ў аўтапрабегу, асноўных раённых урачыстасцях, а таксама падтрымалі ініцыятыву нашага райкама і ўпершыню правялі акцыю “Зорка памяці” на галоўнай плошчы горада, праявілі свае вакальныя, тэатральныя здольнасці. Пастаўчане падтрымалі і рэспубліканскую акцыю “Кветкі Вялікай Перамогі”. Яна стартавала ў студзені на 42-ім з’ездзе ГА “БРСМ”,  сімвалам якога была абрана кветка яблыні як увасабленне міралюбства, маладосці, пераможнага мая 1945-га.

— Яшчэ адна знакавая па­дзея 2015-га — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Моладзь Пастаўшчыны не засталася ў баку ад яе. У Беларусі быў рэалізаваны новы праект “Адкрытыя дэбаты “Выбі­рай.by”, падчас якога абмеркаваны пытанні выбарчай сістэмы Беларусі. У жніўні мне пашчасціла паўдзельнічаць на яго рэспубліканскім этапе — ён сабраў больш за 200 лідараў БРСМ, высокапастаўленых чыноўнікаў, медыйных асоб. Такое ж мерапрыемства, толькі раённага ўзроўню, у Паставах было арганізавана 1 верасня ў СШ №3 і прайшло ў выглядзе круглага стала “На цябе, наша моладзь, надзея”. Напрыканцы таго ж месяца ў раённым выканаўчым камітэце ў форме адкрытых дэбатаў прайшла сустрэча з актывістамі з ліку працоўнай моладзі. Не засталіся ў баку ад рэспубліканскай акцыі “Наш год — наш выбар”.

Прынялі непасрэдны ўдзел у выбарчай кампаніі. Працоўная моладзь была задзейнічана ў рабоце 23 з 33 выбарчых камісій. Райкамам БРСМ праводзіліся пікеты, яго прадстаўнікі ў складзе ініцыятыўных груп займаліся зборам подпісаў, а таксама арганізавалі работу экзіт-пула на двух участках горада.

— Як зарэкамендавала сябе створаная сёлета Маладзёжная палата пры раённым Савеце дэпутатаў?

— Паспяхова. Адбыліся два яе пасяджэнні. Падчас першага прайшлі выбары актыву. Старшынёй абрана вучаніца СШ №1 Лізавета Галаўко. І яна, і яе “калегі” ўжо прынялі ўдзел у раённых акцыях, мерапрыемствах. Актыўная работа запланавана і на наступны год.

— Ці лёгка сёння “расшавяліць” моладзь?

— Бывае па-рознаму. У адным выпадку маладыя людзі самі прапаноўваюць ідэі, у іншым — пасіўна ставяцца да прапаноў райкама, напрыклад да ўдзелу ў новых цікавых конкурсах. Вельмі дапамагаюць нашы пастаянныя актывісты, у тым ліку лідары пярвічных арганізацый, з якімі працаваць вельмі лёгка і цікава. Сярод такіх — У. Касцень, К. Мацюшонак, Л. Галаўко, Н. Гір’ят, К. Корвель, А. Праліч, А. Півень, А. Генюш, Д. Жук, А. Загнетаў, А. Макаранка, С. Каладзяжная, Г. Казлоўская, А. Скрыдлеўская, С. Падгайская, А. Бірук і іншыя. Асабліва актыўна сябе праяўляюць “пярвічкі” лясгаса і Дэпартамента аховы. Вялікую работу “ў масах” праводзіць другі сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская, якая прапаноўвае і рэалізоўвае многія ідэі, дапамагае ў гэтым і галоўны бухгалтар райкама Алена Цімашэнка. Адым словам, у нас ёсць каманда, і гэта галоўнае.

— Твае пераднавагоднія пажаданні маладым лю­дзям?

— Трымайцеся актыўнай грамадзянскай пазіцыі, няспынна вучыцеся, не саромейцеся сябе праяўляць, выкарыстоўвайце магчымасці для прафесійнага і асабістага росту — а іх насамрэч прадастаўляецца шмат.

Гутарыла Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.