Інтэрнэт — і сябра, і дарадчык


У наш час камп’ютар і інтэрнэт выкарыстоўваюцца практычна ва ўсіх сферах жыцця. Наколькі часта імі карыстаюцца пастаўчане, цікавілася карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч.

Жанна Мікалаеўна РАМАНОЎСКАЯ,

галоўны бухгалтар філіялаКаапгандаль № 2”:

— Камп’ютарам абсталявана маё рабочае месца, без яго працаваць немагчыма. Ажно не верыцца, што некалі падлікі рабіліся на драўляных лічыльніках, дакументы афармляліся ад рукі. Цяпер усё намнога прасцей і зручней. З інтэрнэту даведваюся навіны, па скайпе размаўляю з дачкой, якая жыве ў Мінску, не выязджаючы з дома, любуюся ўнучком.

Сяргей Уладзіміравіч МАСЛОЎСКІ,

рабочы “ПМЦ”:

— Мая асноўная работа з камп’ютарам не звязана. Дома ж люблю пачытаць навіны, паслухаць музыку. Камп’ютар замяняе сямейны альбом, куды скідваюцца фотаздымкі з розных падзей. Празмерна інтэрнэтам не захапляюся, бо ёсць дзеці, і куды лепш пачытаць ім кніжку, чым займаць камп’ютарнымі гульнямі. Не злоўжывае камп’ютарам і жонка, бо хапае спраў дома. Перагаворваецца па скайпе з сяброўкай дзяцінства, якая жыве ў Петразаводску, выпісвае розныя парады па доглядзе кветак або па кулінарыі.

Святлана Максімаўна ГІМЖЭЎСКАЯ,

маладая мама:

— У інтэрнэце можна знайсці адказ на любое пытанне. Мяне найбольш цікавіць усё, што датычыць развіцця дзіцяці. Люблю займацца выпечкай, таму часта бяру з інтэрнэту рэцэпты. Калі Міланка засынае, магу так захапіцца прыгажосцю афармлення тартоў, што не заўважу, як праляціць час. Зарэгістравалася ў сацыяльных сетках. Гэта дае магчымасць зносін з аднакласнікамі, знаёмымі.

Іван Пятровіч МЕЛЬНІКАЎ, прадпрымальнік:

— Праз інтэрнэт раблю заказ некаторых тавараў, аплачваю камунальныя паслугі, атрымліваю з яго вычарпальныя адказы на пытанні, якія цікавяць. Дрэнна тое, што цяпер многія вучні з дапамогай інтэрнэту пішуць сачыненні. Раней трэба было думаць самім, і гэта развівала. У некаторых сем’ях дзеці з маленства залежныя ад камп’ютарных гульняў, нічым больш займацца не хочуць, мала чытаюць. Лічу, што бацькі павінны ўстанаўліваць ліміт на карыстанне камп’ютарам.

Ганна Генрыхаўна ПІШЧ,

настаўніца Навасёлкаўскай СШ:

— Інтэрнэтам карыстаюся для самаадукацыі. Уключаю яго па неабходнасці або калі маю вольны час. Здорава, што праз “Аднакласнікаў” можна адшукаць людзей, з якімі былі страчаны сувязі. Я такім чынам змагла даведацца пра лёс некаторых сваіх аднакурснікаў, з якімі ў пачатку 80-х вучылася ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў. Праз інтэрнэт можна выбраць і заказаць мэблю, іншы тавар. Зручна.

Марыя Ігнацьеўна КАМЯНЕЦКАЯ, пенсіянерка:

— Нават не спадзявалася, што асвою камп’ютар. А змагла. Дачка жыве ў Літве, сын — у Нарвегіі. Яны і зрабілі мне падарунак на 62-і дзень нара­джэння. Думала, што ён будзе ў мяне прастойваць. Навучыла камп’ютарнай грамаце дачка, якая для гэтага некаторую частку водпуску правяла са мной. Цяпер магу штодня па скайпе пагаварыць з дзецьмі і ўнукамі. Люблю глядзець фільмы.

Казімір Вацлававіч ДЗІСЬКО, пенсіянер:

— Хіба я мог уявіць, што авалодаю такой тэхнікай, як камп’ютар? Мне падуладны плуг, барана, каса. А аўдавеў, падвяло здароўе — і вымушаны быў перабрацца да дзяцей. Сын з нявесткай на працы, унукі ў школе, мне ж дзень доўжыцца бы ты­дзень. Нядаўна старэйшы ўнук-студэнт паказаў у камп’ютары захапляльную гульню пра ферму. І навучыў мяне гуляць. Раней на ўласным падворку трымалі з жонкай кароў, цялят, свіней, курэй. Цяпер віртуальна ўпраўляюся з “гаспадаркай”: вырошчваю траву, паліваю агароды, кармлю жывёлу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.