Каб надзейна служыла тэхніка

Сельское хозяйство

Механізатар Генадзій Казакевіч адным з першых адрамантаваў, камбінаваны агрэгат, з якім будзе працаваць вясной на апрацоўцы глебы.

Сёлета на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, які адбыўся ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча, за найвышэйшыя вынікі ў раслінаводстве былі ўшанаваны лепшыя калектывы і працаўнікі.

Тры разы запрашаўся на сцэну для ўручэння пераходных вымпелаў райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў дырэктар філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” Баляслаў Барэйка. Гаспадарка, якую ўзначальвае,  упершыню выйшла на другое месца ў раёне па вытворчасці зерня. На 1 бала-гектар уборачнай плошчы яна склала 179,2 кілаграма, а ворыва — 128 кілаграмаў. Агульны намалот збожжа ў бункернай вазе перавысіў 5000 тон пры сярэдняй ура­джайнасці 42,1 цэнтнера з гектара. Больш чым па тысячы  тон зерня намалацілі камбайнеры Дзмітрый Жалянцоў, Уладзімір Жойдзь і Генадзій Казакевіч. У лік тысячнікаў увайшоў вадзіцель Канстанцін Галубёнак.

Гаспадарка стала  прызёрам раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. На пачатак зімова-стойлавага ўтрымання на ўмоўную галаву жывёлы тут прыпадала па 22,9 цэнтнера кармавых адзінак. Філіял увайшоў у лік лепшых у раёне па зяблевым ворыве, завяршыўшы работу на запланаванай  плошчы ў кастрычніку. Сярод механізатараў трэці вынік паказаў Андрэй Емяль­янчык.

2015 год для “Нафтазаводмантажа-агра” выдаўся сапраўды самым ура­джайным. Шмат  зрабіла агранамічная служба, пастараліся і механізатары. Менавіта яны з ранняй вясны выконвалі ўвесь аб’­ём работ і аднымі з першых у раёне пакінулі асенняе поле, паставілі тэхніку на захоўванне, вядуць яе рамонт. Адказным за гэта, а таксама за навядзенне парадку ў майстэрні і іншых вытворчых памяшканнях, на тэрыторыі мехдвара назначаны інжынер-механік Раман Казакевіч, загадчык майстэрань Яўгеній Гінько, інжынер па працаёмкіх працэсах Яўгеній Тамко.

У павецях на захоўванні энерганасычаныя трактары і зернеўборачныя камбайны.
У такім “доміку” ў філіяле абсталявалі месца для адпачынку механізатараў і рамонтнікаў, дзе ёсць халодная і гарачая вада, у цяпле можна пераапрануцца, паабедаць.

Пабываўшы ў гаспадарцы са спецыялістамі інжынернай службы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, пазнаёміліся з графікам рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён скла­дзены з такім разлікам, каб да пачатку веснавых палявых работ на лінейцы гатоўнасці стаялі ўсе трактары і сельгасмашыны. Хоць сёння гатовы да выхаду ў поле плугі, бароны, чызелі. На мінулым тыдні Генадзій Казакевіч і Сяргей Янковіч закончылі рамонт камбінаванага агрэгата “АКШ-6”.

На сяўбе яравых і азімых зерневых у гаспадарцы пастаянна задзейнічаны сеялка “СЗ-3,6”, пасяўныя агрэгаты “АПП-6” і “Lemkeh”.  Учора механізатар Георгій Зелянкевіч прыступіў да рамонту шыроказахопнага камбінаванага агрэгата. Да яго ўжо ёсць палова агрэгатаў і дэталяў, якія трэба замяніць. Не застаюцца без справы ў гэты час слесар па рамонце і абслугоўванні сельгасмашын, ён жа зваршчык Сяргей Маліноўскі, токар Мікалай Врублеўскі. Акрамя іх, у звяно па рамонце тэхнікі ўваходзяць таксама трактарысты-машыністы  Аляксей, Валерый і Антон Татуны. Цяпер яны разам з Дзмітрыем Латышонкам і Дзмітрыем Жалянцовым павышаюць сваю кваліфікацыю на курсах і пасля іх заканчэння змогуць працаваць на пагрузчыках тыпу “Амкадор”.

У філіяле на ўсе машыны і агрэгаты, якія патрабуюць рамонту, складзены і зацверджаны дырэктарам ведамасці дэфектаў.  Зроблена гэта не дзеля формы. Тут на самай справе знаходзяць сродкі і імкнуцца праводзіць рамонт паступова, не адкладваючы на пасля. А гэта гарантыя таго, што будзе  пашырацца лінейка гатоўнасці тэхнікі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.