“Калі не лянуешся — усё атрымліваецца”


Галоўны інжынер ААТ “Кураполле-агра” Юрый Цяляк сёлетні год называе паспяховым. У гаспадарцы парадавала ўраджайнасць збожжавых, добрыя і іншыя паказчыкі. Ён яшчэ больш асвоіўся на новай пасадзе, задаволены заработнай платай. Аднак не толькі яна паспрыяла таму, што малады спецыяліст пасля двухгадовага тэрміну абавязковай адпрацоўкі застаўся працаваць у сельскай мясцовасці.

Юрый родам з вёскі Целякі, што непадалёк Кураполля. Пасля заканчэння дзевяці класаў паступіў у Пастаўскі прафтэхкаледж, дзе атрымаў прафесію шафёра. Потым скончыў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхні­кум па спецыяльнасці “Тэхнік-механік”. Праўда, там грызці граніт навукі было куды больш складана. “Аднак, калі не лянуешся — усё абавязкова атрымаецца. Гэта можна сказаць пра любую справу, за якую бярэшся”, — упэўнены малады спецыяліст.

У тэхнікум паступаў па мэтавым накіраванні ААТ “Кураполле-агра”, сюды ж  вярнуўся з дыпломам. Пачынаў інжынерам па ахове працы. Прызнаецца, што было няпроста. Вельмі падтрымаў тагачасны кіраўнік гаспадаркі Сяргей Васільевіч Чэпік. Маладога спецыяліста неаднойчы прасілі падмяніць галоўнага інжынера. Давер хацелася апраўдаць. Сачыць за тэхнікай (а яе ў гаспадарцы амаль паўсотні адзінак), кантраляваць паступленне запчастак, арганізоўваць работу механізатараў, выконваць іншыя абавязкі было непрывычна і хвалююча. Тым не менш гэта падабалася больш, чым кабінетная работа інжынера па ахове працы.

Калі Юрыя зацвердзілі на пасаду галоўнага інжынера, было лета, у разгары — корманарыхтоўка, неўзабаве і ўборачная падаспела.

— Трапіў у самы “агонь”. Працоўны дзень пачынаўся ў сем раніцы, а заканчваўся пасля 9-10-ці вечара, — успамінаў Юрый Цяляк. — Да мяне, маладога, у калектыве паставіліся з павагай, разуменнем — і гэта галоўнае. У гаспадарцы працуюць спецыялісты, удвая старэйшыя за мяне.  Яны і цяпер падтрымліваюць, даюць парады, і не толькі па рабоце. Падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў быў членам участковай выбарчай камісіі. Наогул, у нас вельмі добразычлівы, неканфліктны калектыў. Гэта адзін з галоўных фактараў, чаму раніцай хочацца ісці на работу.

25-гадовы Юрый Цяляк — не адзіны малады спецыяліст у гаспадарцы. Кожны з навічкоў атрымлівае з боку кіраўніцтва (зараз ААТ «Кураполле-агра» кіруе Аляксандр Віктаравіч Пяткевіч) істотную падтрымку, у тым ліку і ў вырашэнні жыллёвага пытання.

Ад работы малады чалавек любіць адпачываць на прыродзе. Прызнаецца, што дома камп’ютара не мае, хаця сродкі дазваляюць яго набыць. “А навошта? Мяне найперш цікавяць тэхніка, жывыя зносіны з людзьмі. Сядзець, уткнуўшыся ў манітор, сумна”, — разважае.

У бліжэйшых планах працягваць адукацыю — паступіць у ВНУ.

— Работа ў сельскай гаспадарцы нялёгкая і фізічна, і маральна, — гаварыў Юрый Цяляк. — На жаль, многія, асабліва гараджане, недаацэньваюць, што менаві­та дзякуючы нястомным клопатам работнікаў сельскай гаспадаркі на стале, у тым ліку і навагоднім, у дастатку ёсць хлеб, мясныя, малочныя і іншыя прадукты, прысмакі. Карыстаючыся выпадкам, хачу пажадаць калегам поспехаў, добрай пагоды на палетках і ў сем’­ях, усім — здзяйснення самых запаветных мар.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.