Кампетэнтная, адказная, прыветная

Местная власть

Н. Ф. Краўчанка афармляе падпіску на «Пастаўскі край» Р. В. Скур’ят.

Як толькі раніцай адчыніліся дзверы аддзялення паштовай сувязі ў мікрараёне будаўнікоў (МСО), сюды сталі заходзіць людзі: адны аплачвалі камунальныя паслугі, іншыя атрым­лівалі пенсію, куплялі неабходны тавар, афармлялі падпіску. Большасць выбіралі “Пастаўскі край”.

Раёнка — самае папулярнае выданне, — расказвала паштальён Наталля Фёдараўна Краўчанка. — Яе на маім участку выпісваюць больш за 230 чалавек. Гэта і не дзіўна: газета змястоўная, цікавая. Любяць яе не толькі пенсіянеры, але і маладзейшыя. Акрамя навін, тут можна знайсці і іншую інфармацыю, а таксама штосьці прадаць або купіць, павіншаваць з днём нара­джэння родных, сяброў. Пра падпіску на “Пастаўскі край” людзям нават нагадваць не трэба, самі спяшаюцца.

Наталлю Краўчанка ў райцэнтры ведаюць многія. У свой час яна разносіла карэспандэнцыю ў мікрараёне пятага гарадка, пэўны час працавала на сартаванні ў цэнтральным аддзяленні, апошнія дзесяць гадоў — у мікрараёне будаўнікоў. Добра ведае людзей, дастаўляе газеты і часопісы, амаль 300 чалавекам — пенсію.

— Работа падабаецца, — расказвала. — У паштовай сувязі працую 27 гадоў. Знайшла агульную мову са сваімі кліентамі, ведаю, каго трэба падбадзёрыць, каму паспагадаць, з кім парадавацца. Участак вялікі: мікрараён МСО, прылеглыя вуліцы (так званае Царскае сяло) і вёска Заброддзе.  Здаецца, у мяне самыя лепшыя падпісчыкі. Праўда, у апошнія гады колькасць перыядычных выданняў зменшылася. Людзі стараюцца на ўсім эканоміць. На маім участку размешчаны філі­ял “Пастаўскае ДРБУ-132”, райветстанцыя, аграбудаў­ні­чае прадпрыемства “Рассвет Пастаўскі”. І калі першыя выпісваюць нямала газет, то ў “Рассвеце Пастаўскім” увогуле адмовіліся ад перыёдыкі.

— Цяпер многія аддаюць перавагу інтэрнэту, — гаварыла адна з прыхільніц “Пастаўскага краю” Рамуальда Вацлаваўна Скур’ят, якая якраз афармляла падпіску на наступны год. — А ў раёнцы пачытаеш пра землякоў, пазнаеш на фотаздымках знаёмых. Ды і шмат рознай карыснай інфармацыі знойдзеш. У нашу сям’ю раёнка прыходзіць шмат гадоў. Дзякуй Наташы за шчырую працу, прыветную ўсмешку, добрасумленнасць. Яна адказная і кампетэнтная.

— Як і іншыя паштальёны, рэалізую разнастайны тавар, — працягвала расказ пра сваю работу Наталля. — У нас ён заўсёды свежы ды і цэны даступныя. Напрыклад, алей каштуе 23 тысячы, а ў магазінах намнога даражэй. Ёсць пастаянныя кліенты, якім цяжка самім схадзіць па пакупкі, таму выручаю.

Паштальёнская сумка запоўнілася газетамі, розным таварам, і Наталля адправі­лася па знаёмых адрасах. Прыступкі шматпавярховак  — не роўная дарога, іх на веласіпедзе не праедзеш, асноўны «транспарт» — ногі. За дзень нагрузкі хапае. Тым не менш паштальён да сваіх кліентаў ідзе з добрым настроем.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.