Клопаты дзеляцца, радасці множацца


Той вечар у Кейзікаўскім клубе для Лены быў асаблівым — на танцы прыйшоў статны, з ваеннай выпраўкай хлопец, які адразу прыцягнуў увагу літаральна ўсіх дзяўчат, кожная марыла пра тое, каб хоць адзін раз з ім станцаваць. Прыгажун спыніў свой позірк на ёй…

Лена тады яшчэ вучылася ў школе, і Саша, які толькі што звольніўся з арміі, ва ўсім для яе з’яўляўся ідэалам. Пачуцці мацнелі, сяброўства паступова перарасло ў каханне, і яны ўрэшце зразумелі, што створаны адно для аднаго. За два гады сустрэч была магчымасць праверыць пачуцці на надзейнасць, і, калі нявесце споўнілася 18, пажаніліся. Лена працавала ў Дунілавіцкім доме-інтэрнаце, Саша — у лясніцтве. Сумеснае жыццё распачалі разам з бацькамі Лены. Тут жа нарадзіўся Кірыл, праз тры гады пасля яго — Вераніка.

— Паціху збіралі грошы на ўласнае жыллё, — расказвала Лена. —  Купілі домік у Варапаеве. Нямала прыйшлося затраціць фінансавых сродкаў і асабістых намаганняў, каб пераабсталяваць яго на свой густ. Вялікую падтрымку аказалі бацькі, многія работы Саша выконваў сам. Цяпер у нас газавае ацяпленне, іншыя выгоды. Ёсць агарод —  растуць агуркі і памідоры, клубніцы, пасадзілі некалькі яблынек, грэцкі арэх і вінаград, якія прывезлі з Валгаграда. Маем і гаспадарчыя пабудовы. Праўда, у іх — толькі куры. Нясушак выводжу ва ўласным інкубатары, бройлераў купляем на птушкафабрыцы. Вялікую гаспадарку трымаюць бацькі, і мы ім ва ўсім дапамагаем. Пасадзіць агароды, накасіць і насушыць сена карове, раз у тыдзень дасканала пачысціць хлявы — наш абавязак. Ды і іншай работы хапае. Бацькоў стараемся аберагаць. Якое шчасце, што яны ў нас ёсць!

Па чарзе то Леніна мама з Мышак, то Сашава з Кейзікаў прыязджаюць у Варапаева да чатырохгадовай унучачкі Настачкі, якую шкадуюць аддаваць у дзіцячы садок. І старэйшых бабулі са школы сустрэнуць, пакормяць абедам, пракантралююць выкананне дамашняга задання.

Саша — маставік дыстанцыі пуці. Рэдка, але здараецца, што  затрымліваецца на рабоце. У Лены на дрэваапрацоўчым камбінаце рабочы дзень нарміраваны. Уся сям’я любіць выхадныя дні, калі не трэба рана прачынацца і спяшацца па справах.

— З панядзелка па суботу старэйшыя дзеці загружаныя, — апавядала Лена. — Акрамя заняткаў у сярэдняй школе, наведваюць музычную: Кірыл іграе на баяне, Вераніка — на фартэпіяна. Па панядзелках, серадах і пятніцах сына возім у Паставы, у клуб “Азімут” на заняткі па каратэ. Такіх аматараў у Варапаеве пяцёра. Таму мы, бацькі, па чарзе адказваем за іх дастаўку.

Сям’я любіць падарожнічаць. Два гады таму пабывалі ў Валгаградзе ў сястры Ленінай бабулі, плавалі па Волзе, падымаліся на Мамаеў Курган. Гэтым летам два тыдні адпачывалі на Чорным моры, потым наведалі Санкт-Пецярбург. Захапляліся горадам, архітэктурнымі помнікамі, пагасцілі ў Ленінага брата.

Лена нарадзілася ва Украіне, была трэцім дзіцем у сям’і, мае яшчэ і малодшага брата. Бацька — ваенны, служыць яму давялося ў розных куточках былога Савецкага Саюза. Як нітка за іголкай ехала за ім жонка з дзецьмі. У Мышкі Варапаеўскага сельсавета — на радзіму маці — прыехалі пасля таго, як бацька пайшоў на заслужаны адпачынак. У Сашы таксама мнагадзетная сям’я: дзве сястры і брат. Таму і самі не абмежаваліся адным дзіцем. Нараджэнне кожнага з траіх для Сашы і Лены было найбольшым шчасцем.

— У вялікай сям’і дзеці больш шчаслівыя, — гаварыла Лена. — Не толькі ў бацьках, але і адно ў адным яны бачаць апору. Мы з мужам прысвячаем ім шмат часу. Стараемся разважаць на розныя тэмы, пачуць пункт погляду  кожнага, прывіць станоўчыя якасці, навучыць усяму, што самі ўмеем. У выхаванні прыклад бацькоў мае вялікае значэнне. Саша той чалавек, які заўсёды гатовы падставіць сваё плячо.

Адчуваем увагу з боку дзяржавы і дыстанцыі пуці. Дзеці маюць права на бясплатнае харчаванне ў школе, не плацім мы і за вучобу ў музычнай школе. На летніх канікулах адпачываюць у лагеры чыгуначнікаў у Лётцах. Раз у паўгода як мнагадзетная сям’я атрымліваем ад адміністрацыі дыстанцыі пуці матэрыяльную дапамогу, вызвалены ад платы падаткаў на зямлю і нерухомасць. Пятніца ў мяне — дадатковы аплатны выхадны дзень. Лічу, шчаслівую сям’ю не заменяць ні грошы, ні ўдалая кар’ера, ні нават верныя сябры. У нас усе “я” аб’ядноўваюцца ў “мы”, на пяць памнажаюцца радасці, на столькі ж дзеляцца клопаты.

Часам сем’ям бывае няпроста захоўваць атмасферу душэўнай цеплыні і добразычлівасці. Алене і Аляксандру Кеда гэта ўдаецца на працягу трынаццаці гадоў. У сваіх адносінах яны аддаюць перавагу ўзаемаразуменню, даверу, клопату адно пра аднаго. Таму і пануюць у доме камфорт і ўтульнасць, шчырасць і дабрыня. Напера­дзе вясёлы і клопатны час — Каляды і Новы год. Дзеці з нецярпеннем іх чакаюць, чакаюць падарункаў і самі іх рыхтуюць. У доме будуць ёлка і сапраўднае свята з вясёлым, шчаслівым дзіцячым смехам.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота з сямейнага альбома Кеда. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.