Мае Кавалі, якіх няма


Перабіраючы ўласны архіў, натрапіла на свой дзіцячы верш: Кавалі  маю вёску завуць, / Мо што здаўна па свеце слывуць/ Рукі ўмелыя кавалёў, / Мо што шчасце куюць з палёў, / сенажацяў, лясоў і сонца, / І каваць яго будуць бясконца / З Кавалёў працавітыя людзі… Напэўна, з гэтага просценькага, але прасякнутага любоўю верша і дзясяткаў яму падобных і нараджаўся ўва мне будучы журналіст. Ды і як было не любіць сваю родную вёсачку, маленькую, усяго на 14 хат, але такую прыгожую, утульную, дружную? Нахлынулі ўспаміны…

Росная і золкая летняя раніца. Разбуджаная мамай, на хаду выпіваю кубак сырадою і бягу сцяжынкай на блізкі ад вёскі ўзлесак, дзе пасвяцца каровы і авечкі. Сёння наша радоўка, і тата ўжо сочыць за статкам. Мне далі крыху даўжэй паспаць, а зараз — у падпаскі. Неў­забаве каровы, наскубаўшыся травы, лягуць адпачыць. Тым часам тата развядзе вогнішча, на якім мы будзем смажыць кавалачкі сала і хлеба, “прыпраўленыя” рознымі цікавымі гісторыямі, расказваць якія тата быў вялікі мастак. Дзесяцігоддзі мінулі, а тыя вогнішчы помняцца і сёння.

Як толькі паспявалі паземкі (ну хто ў вёсцы называў іх суніцамі?) ды наліваліся сокам чарніцы, мы, дзятва, кіравалі ў лес. Што за асалода — наесціся да адвалу! А якая радасць перапэцкаць расціснутымі чарніцамі рукі і твар і вярнуцца ў вёску “неграмі”! Адны бацькі смяяліся з гэтага, ад іншых перападала лупцоўка. Дзеці раслі працаўнікамі. Мы не толькі насілі з лесу грыбы і ягады, лавілі ў рацэ рыбу, але і палолі з мамамі калгасныя буракі, ірвалі лён, сушылі сена, дапамагалі ўпраўляцца дома. Канешне ж, і забаўляліся. Лялькамі служылі катахі кукурузы, замест цукерак — смала, адарваная з вішнёвых ці слівавых дрэў. Летам — веласіпеды, зімой — лыжы і санкі. Нас выхоўвалі вуліца і кнігі.

А хіба можна забыць тыя хвіліны, калі летнім вечарам статак вяртаўся з пашы дадому? Раздутыя каровіны бакі, набрынялае малаком вымя ледзьве не дакранаецца да зямлі. Здавалася, само над­вор’е настоена на малацэ. Пройдзе колькі хвілін — і пад рукамі гаспадынь яго тугія струмені застукаюць у дно даёнак. У нашай каровы па мянушцы Даўгая былі вельмі тугія саскі, і падаіць яе я магла з вялікай цяжкасцю. Першая горкая страта, якую зведала ў жыцці, звязана мена­віта з Даўгой. Тата пераводзіў карову праз высачэзны мост без парэнчаў. Спудзіўшыся машыны, яна рухнула ўніз, вырваўшы з рук таты павадок. Зламала хрыбет, і карову мусілі здаць на мясакамбінат. Гэта стала драмай для ўсёй сям’і.

Той злашчасны мост будавала ў ліку іншых і мая старэйшая сястра Марыся. “Стройкой” тады называлі і цяперашнія Навінкі, дзе ўзводзілі масты, будынкі, дамбы, капалі сажалкі — расшыралі рыбгас. Тым, хто ўладкоўваўся на будоўлю, зайздросцілі, бо яны зараблялі хоць і не такія вялікія, але рэальныя грошы, а не пустыя калгасныя працадні. У пяцідзясятыя гады, на якія прыпала маё маленства, моладзі ў нашай вёсцы было шмат. Ды якой фартовай, як да працы, так і да танцаў здольнай. Ніводнай цярэшкі, маёўкі, закладной вечарыны не абыходзілася без кавалёўскіх танцораў і танцорак. А як гулі тут вяселлі, як святкаваліся Каляды і Вялікадні!

Жыла ў нас музыкальная сям’я. Прозвішча, як і ў большасці вяскоўцаў, Кавалёнак. Але за вочы ўсе чамусьці называлі іх Мартулямі. Зрэшты, мянушкі былі і ў іншых — Сюлі, Каўкі, Каршун, Хахлуха, Каваліха, Мамка і Татка (да ўсіх адносіліся, як да родных). Дык вось, часта цёплымі летнімі вечарамі Мартулі выходзілі на свой панадворак з гармонікам, скрыпкай і цымбаламі і “наразалі”. Неўзабаве панадворак ператвараўся ў танцпляцоўку. “Зляталіся” і маладыя, і старэйшыя. Ногі прасіліся ў скокі. Учуўшы музыку, нават з суседняга хутара прыбягала маладзіца. Пазней у Кавалях пасялілася сям’я Балінскіх. Юлюта (так звалі гаспадара) быў не толькі віртуозным музыкантам, але і выдатным майстрам па рамонце гармонікаў. Адкуль толькі ні прывозілі яму “на лячэнне” музычныя інструменты! А вось мясцовы люд не дужа хінуўся да гэтага таленавітага, але дзівакаватага чалавека. І яшчэ адзін музыкальны дом — Чэсь Кавалёнак у свой час вучыўся за арганіста, а дома меў фартэпіяна. Яго жонка Франя грала на гітары і хораша спявала.

Бачыце, колькі талентаў у маленькай вёсачцы! Быў тут і своеасаблівы клуб па інтарэсах. Зімовымі вечарамі мужчыны і хлопцы збіраліся ў доме Кунусі і Антуся (пераважная большасць вяскоўцаў мела польскія імёны) Кавалёнак і рэзаліся ў карты. Падыходзілі пабалець за ігракоў жанкі, круціліся пад нагамі дзеці. Цесна як селядцам у бочцы, але весела. Летам да гэтай жа хаты збіраліся на вулічныя вячоркі, у лепшым пакоі ладзілі маёвыя маленні.

Кожную вясну Кавалі п’яніў квітнеючы бэз, вёска маладзела белай кіпенню садоў і спявала салаўінымі трэлямі. Ля нашай хаты раслі чатыры вялізныя ліпы. Калі яны зацвіталі, паветра станавілася мядовым. У вялікім садзе наліваліся сокам яблыкі, слівы, вішні. За гародам, што паката збягаў уніз, — лазенька ў атуленні чатырох магутных дубоў. Ваду ў яе, як і на ўсе іншыя гаспадарчыя патрэбы, набіралі з чысцюткай крынічкі, што бруіла побач у любую пару года. Ля крынічкі на лугавых росах мама адбельвала натканае ёй палатно. Усе вясковыя жанкі пралі, ткалі палатно, ходнікі на падлогу, дываны. Былі і майстрыхі вышывання, вязання, швачкі.

як любілі кавалёўскія гаспадыні кветкі! У той час не было такіх шыкоўных, як зараз. Але нават самыя сціплыя, такія, як півоні, вяргіні, настуркі, аксаміткі і іншыя, упрыгожвалі кожны двор. Падмеценая вуліца, дагледжаныя сады і агароды. Здавалася б, жыць ды жыць цудоўнаму вясковаму куточку. Ды нешта не так пайшло ў дзяржаўнай палітыцы, і год за годам вёсачкі сталі чахнуць. Не выключэнне і мае Кавалі. Маладыя падаліся хто на вучобу, хто — у меліярацыю, хто — на будоўлю, абы толькі вырвацца з калгаса. Старэйшае пакаленне паступова “перасялілася” на могілкі. На іх мне зараз лягчэй на душы, чым у роднай вёсцы. Тут, на месцы вечнага спачыну, заўсёды чыста, дагле­джана, палымнеюць жывыя і штучныя кветкі. Тут прыязна глядзяць на мяне з медальёнаў на помніках родныя і блізкія людзі, былыя суседзі. І хочацца, як і раней, павітацца з кожным, пачуць навіны, пагутарыць пра жыццё-быццё.

А як пагутарыць з памерлай вёскай? Некалі да яе было не даехаць — вясной і восенню разлівалася рэчка (моста праз яе не было), зімой дарогу заносіла снегам. Зараз дарога — хоць каціся. А “каціцца” няма да каго — сёлетняй вясной з Кавалёў з’ехалі ў суседнія Прусы апошнія жыхары — Стася Кавалёнак і яе сын Алег. Цяжка далася жыццёвая перамена, асабліва Стасі. Як па нябожчыку, адгаласіла яна па хаціне, у якую амаль паўстагоддзя таму прыйшла замуж і якая стала ёй роднай, па садзе і агародзе і ўсім тым, што было тут так дорага і блізка.

Восенню, калі я ў чарговы раз прыязджала на могілкі, дзе пахаваны бацькі, у Кавалях мяне ўжо ніхто не сустрэў (а тут не толькі радня, але і ўсе людзі былі вельмі гасцінныя). Яшчэ не ўсе сады здзічэлі. Згіналіся пад спелымі пладамі галінкі яблынь, сліў і груш. Пакуль не выцвіла яркая фарба на шалёўцы Стасінай хаты, але яна ўжо навечна зачынілася замком. Зарасла травой вуліца, ад большасці хат засталіся толькі фундаменты, запусцелі агароды. Здавалася, само неба маркоцілася над такой карцінай.

На парозе — Новы год, першы ў календары гісторыі, калі ў Кавалях не засвеціцца ніводнага агеньчыка. Вёска перастала існаваць, і жыць яна будзе толькі ў памяці тых, каго ўзгадавала.

Фаіна Касаткіна.



2 комментария по теме “Мае Кавалі, якіх няма

  1. Печальна судьба многих деревень Беларуси…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Фаина Альфонсауна,дзякуй за цикавы аповед пра малую радзиму.Вельми уражана,да болю у сэрцы.Тое што мы цяпер маем,на вялики жаль,гэта абыякавыя адносины да селянина кармильца.За гэта прыдзецца дорага плациць нашчадкам.Мяркую ящэ шанец есць,яшчэ сады не здзичэли и крынички жыватворныя не перасохли,уратаваць и Кавали и Рымки и Пятровичы и другия весачки ад запусцення трэба тольки пажадаць и адважыцца гэта зрабиць.Як вяликае дрэва не можа расци без маленьких каранеу так и дзяржава без малых весачак.Гэта мае меркаванне,можа и памыляюся?Писаць мемуары и успамины добрая справа,але трэба штосци и рабиць каб не зникли маленькия вески,бо аграгарадки гэта як камуналки непрывабныя и неутульныя.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.