На сваім месцы

Личности

“Прафесіянал з вялікай літары, бездакорна спраўляецца з даручанай работай. Вельмі тактоўная, ветлівая, заўсёды знойдзе патрэбныя словы ў размове з калегамі і бацькамі асаблівых дзяцей, якія добра пра яе адзываюцца”, — так ахарактарызавала мне педагога-псіхолага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Аксану Міхайлаўну Дарафейчык яго дырэктар І. І. Краўчук. І зазначыла: выпадковых лю­дзей у спецыяльнай адукацыі няма і быць не можа.

Гэта пацвердзіла сама Аксана Міхайлаўна расказам пра тое, як трапіла ў прафесію. Па яе словах, яшчэ калі вучылася ў школе, з’явілася жаданне дапамагаць людзям, развіваць іх, асабліва дзяцей з абмежаванымі фізіч­нымі магчымасцямі. Атрымаўшы пасведчанне аб агульнай сярэдняй адукацыі, паступіла ў Мінскі дзяржаўны педуніверсітэт імя М. Танка на спецыяльнасць “Сурдапедагог” (спецыяліст па рабоце з дзецьмі, якія навучаюцца толькі з дапамогай мовы жэстаў).

— На чацвёртым курсе я прыйшла на практыку ў пастаўскі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і літаральна ўлюбілася ў яго: у атмасферу, якая тут пануе, дзяцей, — гаварыла А. М. Дарафейчык. — З таго часу падтрымлівала сувязь з Інай Іванаўнай Краўчук. Калі закончыла ўніверсітэт, яна прапанавала мне месца педагога-псіхолага, на якое з радасцю згадзілася. Для гэтага паступіла ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі і прайшла перападрыхтоўку. Цяпер першая спецыяльнасць, сурдапедагога, вельмі дапамагае ў рабоце псіхолагам з дзецьмі са шматлікімі прыроджанымі парокамі, бо многія з іх не могуць размаўляць.

На сённяшні дзень цэнтр наведваюць 18 хлопчыкаў і дзяўчынак, 8 з іх з’яўляюцца навучэнцамі спецкласа. З імі Аксана Міхайлаўна праводзіць псіхакарэкцыйныя заняткі. Будучы адказнай за работу псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, вялікую ўвагу надае дыягностыцы, бо ў раёне нямала дзетак, чые бацькі хочуць вызначыцца з іх адукацыйным маршрутам. Аказвае раннюю комплексную дапамогу малышам ва ўзросце да 3 гадоў, якім з нара­джэння пастаўлены той ці іншы дыягназ або іх бацькі бачаць затрымку ў развіцці. Таксама дапамагае дзецям з садкоў і школ раёна, дзе няма псіхолагаў і дэфектолагаў. Займаецца метадычнай дзейнасцю — кансультаваннем педагогаў і бацькоў.

Адным словам, работы шмат, і яна патрабуе не толькі фізічных, але і немалых душэўных сіл. Аднаўляе іх Аксана Міхайлаўна ў сям’і, з роднымі і блізкімі людзьмі. Яна цудоўная мама, дачка і жонка, вельмі арганізаваны чалавек, які на ўсё знаходзіць час і ў якога ўсюды поўны парадак. Нездарма два гады таму пастаўскі цэнтр заняў трэцяе месца сярод усіх карэкцыйных цэнтраў Віцебшчыны ў конкурсе кабінетаў педагогаў-псіхолагаў.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.