На ўсё патрэбна сіла волі


Ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі Аляксей Харытонавіч Рабухін жыве ў Беларусі, але ў душы застаецца рускім чалавекам. Нават яго гаворка не абрасла мясцовым дыялектам. А вось сваё жыццёвае прызначэнне ён знайшоў менавіта на беларускай зямлі.

Што прывяло карагандзінскага хлопца ў нашу краіну? Па вялікім рахунку — каханне. У 1954—1960 гадах сотні беларускіх хлопцаў і дзяўчат, а то і цэлых сем’яў выязджалі ў Казахстан на асваенне цалінных земляў. У іх ліку была ­і ­сям’я Пачкоўскіх з Пастаўшчыны. Там, на цаліне, і перасекліся шляхі расіяніна Аляксея Рабухіна і беларускі Веры Пачкоўскай. Зарадзілася каханне, стварылі сям’ю.

— Магчыма, мы так і засталіся б у Казахстане, калі б не расказ майго цесця, — А. Х. Рабухін узгадвае падзеі саракагадовай даўнасці. — Вярнуўшыся з водпуску з Беларусі, ён расказаў, што навагодняе надвор’е дазваляла вый­сці на вуліцу ў касцюме, на пладовых дрэвах яшчэ віселі яблыкі. А ў нас на дварэ мінус 42—45 градусаў, садоў увогуле ніякіх няма, стэп ды стэп. Як жа мне захацелася беларускага цяпла і беларускай прыроды! Ну а Веру Радзіма вабіла заўсёды.

Пераехалі. Атрымалі кватэру ў калгасе “Сцяг Перамогі”, разам пайшлі на працу: ён — у будаўнічую брыгаду, яна — на ферму. Абое паступілі на завочнае аддзяленне Лужаснянскага тэхнікума вучыцца на заатэхнікаў. Вера дыплом атрымала, але па спецыяльнасці так і не працавала, а засталася радавой даяркай. Аляксей неўзабаве вучобу пакінуў, бо яго прызначэнне аказалася іншым. Тагачасны старшыня калгаса імя Мічурына П. М. Розынка прапанаваў пасаду майстра, а праз год перавёў прарабам.

— Нягледзячы на тое, што Аляксей не меў спецыяльнай адукацыі, ён прыкметна вылучаўся сярод іншых будаўнікоў, — узгадвае Пётр Міхайлавіч. — Валодаў тэхналогіямі, змог арганізаваць работу і калгаснай будаўнічай брыгады, і наёмнай. Спакойны, ураўнаважаны, патрабавальны. А яшчэ мяне падкуплялі яго абсалютная сумленнасць і бескарыс­лівасць. Было ўзведзена шмат новых аб’ектаў, рэканструявана старых. Усё давалася няпроста, бо і матэрыялаў не хапала, і такіх тэхналогій, як цяпер, не было.

Зараз будаўнічая брыгада ААТ “Хацілы-агра” (былы калгас імя Мічурына) нешматлікая. У яе ўвахо­дзяць Марат Ахмераў, Сяргей Бароўка, Іван Лялека, Сяргей Асадулін і Дзмітрый Нікіпелаў. Займацца непасрэдна ўзвядзеннем аб’­ектаў не даводзіцца, бо хапае работы па рамонце і рэканструкцыі.

— “Лятаем” па ўсёй гаспадарцы, — расказваў прараб. — У адным месцы зламалася кармушка на ферме, у другім — сцяне рамонт спатрэбіўся, у трэцім — ветрам сарвала шыфер са страхі і гэтак далей. А колькі работ трэба выканаць падчас падрыхтоўкі зернетакоў да прыёму збожжа новага ўра­джаю і яго апрацоўкі, пры падрыхтоўцы ферм да стойлавага ўтрымання жывёлы! Акрамя таго, наша брыгада — гэта яшчэ і палачка-выручалачка ў іншых работах. Трэба збожжа грузіць — ідзём, кароў у полі прывучаць да дойкі — без нас не абысціся, браць у жывёлы кроў на аналізы — зноў мы ў падмогу, зерне пратручваць на скла­дзе — таксама ідзём. А як інакш? Лішніх рабочых рук у гаспадарцы няма, а з усім трэба справіцца своечасова. Стараемся, таму і зарабляем няблага. Між іншым, ёсць у гаспадарцы і такія, хто наракае на празмерную патрабавальнасць і жорсткасць дырэктара. А я скажу так: не быў бы Вячаслаў Іосіфавіч такім, які ён ёсць, мы не мелі б таго, што маем. Поспехі гаспадаркі на 200 працэнтаў залежаць ад яго. Хіба мала прыкладаў, калі пры вельмі лаяльных кіраўніках працвітаюць п’янства і разгільдзяйства і гаспадаркі развальваюцца?

Ёсць сіла волі і ў самога Рабухіна. Ён, ніколькі не прыхарошваючы сябе, адкрыта расказвае, што меў немалыя праблемы з алкаголем. Але ўжо 28 гадоў не бярэ ў рот ні кроплі спіртнога. З таго трагічнага дня, як разбіўся на матацыкле іх 13-гадовы сын Саша, а яго самога забрала “хуткая” і ўрачы ледзьве вярнулі да жыцця. Не, ён не ў ДТЗ трапіў, а “глушыў” гора гарэлкай… Неўзабаве кінуў і курыць.

— Ад усіх шкодных звычак можна пазбавіцца, трэба толькі праявіць сілу волі, — перакананы Аляксей Харытонавіч. — Вось і ў нашай брыгадзе двое завязалі з алкаголем. Калі галава светлая, то і працуецца спарней, і ў сям’і зусім іншая атмасфера.

Пра тое, што сам А. Х. Рабухін чалавек аўтарытэтны, сведчаць і наступныя факты. Пятае скліканне запар ён абраны дэпутатам Ярэўскага сельскага Савета, шмат гадоў з’яўляецца старэйшынай вёскі Хацілы. Старшыня сельвыканкама Павел Антонавіч Скрыд­леўскі расказваў: “З якім пытаннем ні звярнуўся б, Харытонавіч абавязкова выканае. Гэта і вулічнае асвятленне, і рамонт агароджаў, калодзежаў, і абкошванне травы, і перапіс жывёлы. Сёлета зрабілі і паставілі новыя крыжы на ўездзе ў Хацілы і на могілках у Волахах”.

Добрая ў Рабухіных ­сям’я. Аляксей Харытонавіч і Вера Уладзіміраўна далі жыццё чатыром сынам. На іх гора, адзін загінуў, на шчасце, трое астатніх выраслі годнымі людзьмі. Усе жывуць у Паставах. Маюць сем’і, жыллё, машыны, займаюцца тым, што іх цікавіць. А для бацькоў няма большай радасці, калі ўсе трое з жонкамі і шасцёра ўнукаў збіраюцца ў іх кватэры ў Хацілах. Нярэдка ў такой абстаноўцы і дзеці, і жонка ўгаворваюць галаву сямейства, якому ўжо 67, пакінуць работу.

— А я не ўяўляю сябе без справы, — адказвае Аляксей Харытонавіч. — Пакіну — і адразу зачахну. Пакуль маю сілы, не хачу абмяжоўвацца чатырма сценамі. Люблю працаваць, вырашаць пастаўленыя задачы, пастаянна мець зносіны з людзьмі.

Што да гэтага можна дадаць? Толькі пажадаць Аляксею Харытонавічу, каб яшчэ надоўга хапіла зда­роўя, сіл і энергіі прымнажаць добрыя справы.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.