Пачалі пераднавагодні гандаль


Прадавец універсама «Цэнтральны» філіяла «Каапгандаль №2» Алена Лелет.

Пра арганізацыю гандлёвага абслугоў­вання насельніцтва ў перыяд падрыхтоўкі да калядных і навагодніх свят прадпрыемствамі гандлю і грамадскага харчавання раённага спажывецкага таварыства карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыць з першым намеснікам старшыні праўлення райспажыўтаварыства Г. М. СЯНЬКО.

—  На календары пачатак снежня, а для нас, работнікаў сістэмы спажывецкай кааперацыі Пастаўшчыны, падрыхтоўка да самых чаканых свят пачалася яшчэ ў лістападзе, — адзначыла Ганна Мечыславаўна. — Распараджэннем старшыні праўлення былі зацверджаны мерапрыемствы па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання падчас падрыхтоўкі і правядзення свят, накапленні неабходных запасаў прадуктаў харчавання, у тым ліку кандытарскіх вырабаў і падарачных набораў, правядзенні рэкламных і шэрага іншых акцый.

— Якія з іх накіраваны на стымуляванне попыту пакупнікоў, актыўную рэалізацыю тавараў святочнага асартыменту?

— Сярод маркетынгавых мерапрыемстваў найбольш распаўсюджаным з’яўляецца  прадастаўленне скідак ад агульнай сумы пакупкі. Гэта рэкламная акцыя праводзіцца з 1 па 20 снежня 2015 года ва ўніверсамах, аснашчаных камп’ютарнымі сістэмамі ўліку тавараў. У Паставах да такіх адносяцца “Цэнтральны” (плошча Леніна),  “Родны кут” (вул. Савецкая і Касманаўтаў), а таксама “Родны кут” у г. п. Варапаева. Пры пакупцы ў гэтых гандлёвых прадпрыемствах тавараў на агульную суму 500—700 тысяч рублёў прадастаўляецца скідка 3%, на суму 700 тысяч — 1 мільён рублёў — 5%, звыш 1 мільёна — скідка 7%.

Ва ўнівермагу “Амега” пры аднаразовым набыцці тавараў на суму больш за паўтара мільёна рублёў на кожную наступную пакупку існуе 10-працэнтная  скідка. Гэта акцыя дзейнічае на працягу ўсяго снежня.

А найбольш актыўныя пакупнікі ўніверсама “Ветразь”, што ў мікрараёне АБП “Рассвет Пастаўскі”, могуць атрымаць падарункі коштам 70, 100 і да 200 тысяч рублёў. Але для гэтага ім трэба ў перыяд з 1 па 25 снежня купіць  тавараў адпаведна на 1-2 мільёны, 2-3 і на 3 і больш мільёнаў рублёў.

Пастаўчанам раю таксама прыняць удзел у акцыях “Калядныя распрадажы”, “Дары дабро — стань Дзедам Марозам”, у перадкалядных і пераднавагодніх кірмашах, а таксама кірмашах выхаднога дня,  выставах і дэгустацыях.

Традыцыйна ў канцы года пройдзе ўзнагароджванне найбольш актыўных пакупнікоў універсамаў “Цэнтральны” і “Родны кут”, што па вуліцы Савецкай.

— Ганна Мечыславаўна, практыка папярэдніх гадоў сведчыць, што напярэдадні Каляд і Новага года намнога ўзрастае попыт пакупнікоў на спажывецкія тавары, у першую чаргу харчовыя. Што робіцца для таго, каб, вобразна кажучы, прылаўкі і стэлажы магазінаў кааператараў не пабяднелі?

— Такога не павінна здарыцца. Для забеспячэння бесперабойнага гандлю ствараюцца запасы мяса, птушкі, каўбасных і вэнджаных вырабаў, малочных прадуктаў, маянэзу, сыру, яек, безалкагольных напіткаў, расліннага масла, далікатэснага асартыменту рыбатавараў, мора­прадуктаў, прадукцыі грамадскага харчавання, гародніны, фруктаў і многага іншага, што павінна быць не толькі на святочным, але і на паўсядзённым стале.

Дарэчы, шэраг названай прадукцыі будзе рэалізоўвацца ў магазінах спажывецкай кааперацыі па акцыйных (ніжэйшых) цэнах.  Раю сачыць за  новымі паступленнямі кандытарскіх, бакалейных, каўбасных і іншых  харчовых тавараў. Вы іх абавязкова знойдзеце пад шыльдай “Акцыя”.

Будзе арганізаваны продаж ёлачных упрыгажэнняў, дзіцячых цацак, навагодніх касцюмаў. Камплектуюцца навагоднія падарункі з прамысловых тавараў. У гэты перыяд асаблівым попытам карыстаюцца сувеніры, біжутэрыя, парфумерна-касметычныя наборы, пакеты і баулы з навагодняй сімволікай.

Не застануцца абдзеленымі і вяскоўцы, у тым ліку жыхары аддаленых населеных пунктаў. Яны таксама будуць мець магчымасць набыць тавары святочнага асартыменту.

— У пераднавагоднім гандлі асаблівае месца займаюць падарачныя наборы  для дзяцей. Што вы можаце прапанаваць бацькам, бабулям і дзядулям,  аргані­затарам ранішнікаў, сустрэч з Дзедам Марозам і Снягуркай?

— Нашы гандлёвыя работнікі падтрымліваюць самыя цесныя сувязі з арганізатарамі навагодніх мерапрыемстваў. Сёлета правялі выставу падарачных набораў, кандытарскіх вырабаў, сувеніраў і іншай прадукцыі святочнага асартыменту, з якімі азнаёміліся старшыні  галіновых прафсаюзных камітэтаў раёна. Падарункі можна набыць як за наяўны, так і за безнаяўны разлік ва ўсіх  прадуктовых магазінах горада і гарпасёлкаў, а таксама ў сельскіх магазінах. Па жаданні заказчыкаў падарункі могуць быць сфарміраваны з прадукцыі такіх вядомых айчынных фабрык, як “Спартак”, “Камунарка”,  “Чырвоны харчавік”, “Віцьба”, “Слодыч” і іншых вытворцаў,   дапоўнены фруктамі. У залежнасці ад сумы набору будзе прадастаўляцца дыферэнцыраваная скід­ка. Ва ўніверсамах “Цэнтральны”, “Родны кут” па вуліцы Савецкай і ў г. п. Варапаева ёсць фірменныя секцыі з салодкай прадукцыяй сталічнай “Камунаркі”, якая каштуе танней.

У нашай сістэме ўсё большае распаўсюджванне  атрымліваюць падарачныя сертыфікаты. Іх на любую суму можна набыць у філіяле “Каапгандаль №2”.

Вядзецца прыём заказаў ад насельніцтва на выраб паўфабрыкатаў, кулінарных, кандытарскіх і вэнджаных вырабаў. Ва ўнівермагу будзе арганізаваны бяспройгрышны розыгрыш прызоў.

— Новы год прынята лічыць сямейным святам. Але ў горадзе шмат жадаючых сустрэць яго больш шырока.

— У рэстаране “Світанак”, кафэ “Паазер’е”,“Церамок”, “Камелія”, “Дзіцячае”, барах “Лагуна”, “Папараць-кветка”  ўжо цяпер афармляюцца заказы на правядзенне навагодніх банкетаў і карпаратыўных вечарын, дзіцячых ранішнікаў.

— Магазіны і іншыя прадпрыемствы райспажыўтаварыства аднымі з першых пачалі святочнае афармленне. Што будзе зроблена ў гэтым кірунку?

— Сярод прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання арганізаваны конкурс на лепшае рэкламнае навагодняе афармленне вітрын, гандлёвых і абедзенных залаў. Іх упрыгожаць святочная ілюмінацыя, падсветка, навагоднія ёлкі, традыцыйныя казачныя персанажы і іншая атрыбутыка. Устаноўлены па два першыя, другія і трэція месцы і столькі ж прызоў. Хто атрымае іх — вызначыць аглядавая камісія.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.