Падарожжы з “Сяброўкай”

Культура

Канец лістапада. Змрочна і холадна. Струменіць па вокнах бясконцы дождж, шапоча, сцякаючы па цёмных галінах дрэў, якія склалі свой убор пад ногі гаспадыні восені. Але непагадзь не перашкода для пасяджэнняў нашага клуба “Сяброўка”. Чарговае адбылося 22 лістапада ў памяшканні Лынтупскай бібліятэкі. Бібліятэкары Ірына Уладзіславаўна Трашчынская і Святлана Уладзіміраўна Пякарская запрасілі на тэматычную сустрэчу “Забытых песен дивное начало…”

Выкладчык музычнай школы Ірына Пятроўна Януш іграла на акардэоне і кожную жанчыну, якая ўваходзіла, вітала цудоўнай мелодыяй маршу “Прощание славянки”. На сталах ляжалі аркушы паперы з тэкстамі песень, якія мы спявалі яшчэ маладымі, чулі ад дзядоў і бацькоў. Шмат цікавага даведаліся з гісторыі і быццам акунуліся ў эпоху рэтра, напоўненую сілай і пяшчотай, пачуццём годнасці і верай. Прыгадалі шмат падзей, з якімі звязаны прыгожыя песні, што спяваюць у розных краінах, у тым ліку і славутую песняроўскую “Белавежскую пушчу”. З задавальненнем спявалі знаёмыя з дзяцінства песні, а пад “Случайный вальс” пачалі запрашаць адна адну на танец.

За кубачкам гарачай кавы з яблычным пірагом, спечаным Соф’яй Аляксандраўнай Курціной, няспынна плыла гаворка. А Галіна Гаўрылаўна Шубіна расказала некалькі смешных “музычных” гісторый з уласнага жыцця. Вольга Пятроўна Мажута, якая таксама на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць медработ­нікам, чытала вершы.

Было так цёпла і ўтульна, што нават сонца выглянула з-за шэрых хмар і заўсміхалася нам у вокны. А мы ўспомнілі, як у чэрвені тым жа складам адправіліся на веласіпедах у маленькае падарожжа ў Трабуцішкі, на ся­дзібу Фурсаў, якая даўно нас цікавіла. З гаспадыняй дамовіліся работнікі бібліятэкі, і Наталля Віктараўна гасцінна нас прыняла, правяла экскурсію.

У музеі ўбачылі шмат дзіўных экспанатаў, быццам перамясціліся ў часе гадоў на 100 назад. Асобныя прадметы ўжытку бачылі ў бацькоўскіх дамах, аб прызначэнні іншых расказала гаспадыня. А колькі захаплення вык­лікала дзівосная кветка, зробленая кавалём да дня нараджэння жонкі! Адмысловая работа цешыла вока сваімі дасканалымі формамі, і не адна з нас ціхенька ўздыхнула, што такая прыгажосць падаравана не ёй.

Затаіўшы дыханне, ступілі на даматканыя ходнікі на чыста вымытай падлозе гасцявога дома. Паточаная шашалем старасвецкая мэбля яшчэ раз вярнула нас у дзяцінства. А патэфон з наборам пласцінак нагадаў вясёлыя гаманлівыя вечарыны, на якіх нашы мамы ў тапачках і белых шкарпэтках, а таты ў начышчаных ботах (у каго яны былі) танцавалі танга і факстроты пад хрыплаваты голас Уцёсава і знакамітыя рамансы Вярцінскага.

Сталыя жанчыны смяяліся, як дзеці, калі гушкаліся на арэлях, кармілі качак на сажалцы, фатаграфаваліся з гаспадыняй каля брычкі і зімовых вазкоў. А які абед накрылі на траве каля развалін старога млына ў Томішках! Калі спусціліся да рэчкі, каб памыць посуд, Людміла Францаўна Кавальская пацешыла ўспамінамі дзяцінства. Жылі яны недалёка ад гэтых мясцін. Старэйшыя браты, якім даручалі догляд малой Люсі, прывозілі сястрычку на самаробным вазку на рэчку і ставілі яго ў цёплую ваду якраз там, дзе мы і знаходзіліся, прывязаўшы малую да вазка, каб не выкулілася. Дзяўчынка плёскалася ў вадзіцы, перабіраючы каменьчыкі, а хлопчыкі маглі ўволю накупацца ды парыбачыць. Бывала, што тая і засынала пад плёскат хваль.

Вярталіся з падарожжа кры­ху змораныя (праехалі больш за 10 кіламетраў), перапоўненыя станоўчымі ўражаннямі, плануючы новыя вандроўкі.

Мы вельмі любім нашу “Сяброўку”, якая дорыць радасць сустрэч і прыязных зносін. Дзе і калі мы яшчэ можам сабрацца разам, павіншаваць юбіляраў, адзначыць прафесійныя святы, паразгадваць загадкі, паспяваць, як не тут?! Вялікае дзякуй Ірыне Уладзіславаўне і Святлане Уладзіміраўне за цікавыя і змястоўныя тэмы, якія так займальна асвятляюць гістарычныя і сучасныя па­дзеі нашага жыцця. Жадаю нашай “Сяброўцы” новых сустрэч, сагрэтых цяплом і паразуменнем, а ўсім нам — здароўя, міру і дабрабыту.

Нэлла ЛОСЬ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.