Падарыць свята

Общество

10 снежня ў краіне стартавала традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая прадоўжыцца да 10 студзеня 2016 года. На працягу месяца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пройдзе шэраг розных мерапрыемстваў для хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку тых, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх, прыёмных, шматдзетных і малазабяспечаных сем’ях. Адбудуцца яны і на Пастаўшчыне.

Як заўсёды, цэнтральнае месца зоймуць навагоднія ёлкі. Яны будуць арганізаваны ва ўсіх установах адукацыі раёна. Свае навагоднія ранішнікі для дзяцей з дапамогай работнікаў культуры правядуць многія прадпрыемствы і арганізацыі горада, калядныя ранішнікі — царква і касцёл. 25 снежня ў Канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах адбудзецца калядны канцэрт удзельнікаў эстраднай вакальнай студыі цэнтра культуры і народнай творчасці “Аднойчы марознай зімой…” У гэты ж і наступны дзень раённы Дом культуры па вуліцы Станкевіча чакае ўсіх на музычную казку “12 месяцаў”.

На базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі пройдуць дабрачынныя навагоднія святы для юных пастаўчан з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а работнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабі­літацыі і дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рыхтуюць святочнае мерапрыемства для дзяцей, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. Як і летась, напярэдадні Новага года салон “Міласэрнасць” ТЦСАН правядзе акцыю “З рук у рукі” па зборы адзення, абутку і іншых рэчаў, якія затым перададуць у нядобранадзейныя, апякунскія, прыёмныя і шматдзетныя сем’і. У акцыі “Нашы дзеці” прымуць ­удзел кіраўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.